Для паўтысячы навучальных устаноў Беларусі, якія асабліва актыўна шукаюць спосабы змякчэння наступстваў энергетычнага крызісу для будучых пакаленняў, мінулы тыдзень стаў кульмінацыяй іх дзейнасці: у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства прайшоў фінал конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”. Асаблівага хвалявання канкурсантам дабавіла тое, што ўпершыню з ліку лепшых педагогаў і навучэнцаў, актыўных удзельнікаў праекта SPARE, пераможцы вызначыліся падчас вочнай абароны праектаў.
Сагрэцца ля свечкі ці замерзнуць у спякоту — рэальна ўсё
Не менш адказнай і складанай была работа для журы, якая пачалася задоўга да фіналу: ім прыйшлося з 548 работ, якія трапілі на заключны рэспубліканскі этап, для фіналу адабраць 69. З іх 29 праектаў былі ў намінацыях для навучэнцаў “Праекты па тэме энергазберажэння, энергаэфектыўнасці і аднаўляльнай энергетыкі” і “Інфармаванне грамадства/прапаганда энергаэфектыўнасці”. 40 праектаў было ў намінацыі для педагогаў, дзе яны прадстаўлялі практычныя ўрокі ці дыдактычныя матэрыялы па тэме “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў”. Усяго ў фінале свае напрацоўкі прадстаўлялі 107 чалавек.
Асабліва насычаныя наватарскімі ідэямі былі работы навучэнцаў. Праўда, сярод іх зноў і зноў гучаў звыклы кожнаму заклік “Беражыце энергію!”, некаторыя навучэнцы нават праводзілі даследаванне, падчас якога поўнасцю абмяжоўвалі сябе энергетычна — змяншалі час прагляду тэлевізара ці работы за камп’ютарам да гадзіны ў суткі, з-за эксперымента не маглі правесці вечар нават за кніжкай (святло таксама не ўключалі), радзей карысталіся пральнай машынай і прасам. Таму пытанне аўдыторыі падчас абароны такога праекта “Ці камфортна было жыць у такіх умовах?” прагучала правамерна і рытарычна. Куды больш удалымі былі праекты, мэта якіх — зменшыць энергазатраты так, каб гэта не ўплывала на прывычны жыццёвы ўклад. Напрыклад, калі прымяніць на справе ідэі Ірыны Шаўцовай, навучэнкі 10 класа гімназіі Асіповіч (кіраўнік Ж.В.Молчан), можна сэканоміць не толькі грошы, але і час. Ірына выхоўваецца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу сям’і Шамак, у якім прасаванне бялізны займае некалькі гадзін штодзень, таму гаварыць, наколькі гэта для іх актуальна, не трэба.
“Некаторыя спосабы рацыянальнага выкарыстання праса мы ведаем і прымяняем на практыцы даўно: не перасушваем бялізну, сартуем яе, прасуем хутка і адразу шмат адзення, выкарыстоўваем астаткавае цяпло праса. А нядаўна я высветліла, што ёсць яшчэ адна “хітрасць” — падкладваць пад тканіну, якая пакрывае прасавальную дошку, алюмініевую фольгу”, — гаворыць Ірына. Як аказалася, гэта значна паскарае працэс прасавання, і, каб распрасаваць складкі, дастаткова аднаго-двух слізганняў праса.
Не менш актуальнай стане сёлета і распрацоўка навучэнак гімназіі № 5 Віцебска Вікторыі Томасан і Ульяны Марозавай (кіраўнік Н.Г.Цішчанка), бо сіноптыкі прагназуюць гэтым летам анамальную спякоту. Іх праект — працяг ідэй нашых продкаў, якія выкарыстоўвалі халадзільнік за сотні гадоў да вынаходства электрычнасці. Яны захоўвалі прадукты ў канструкцыі, якая нагадвала сучасныя тэрмасы: два гаршкі, зазор паміж якімі запаўняўся вільготным пяском, а прынцып “ахаладжэнне пры выпарэнні” дазваляў знізіць тэмпературу ў гаршку на 5—10 градусаў. У ходзе даследавання дзяўчаты не толькі ўдасканалілі канструкцыю, але і прапанавалі іншыя варыянты прымянення такой канструкцыі. Яны будуць актуальныя для многіх жыхароў сучаснай планеты, якія ў адрозненне ад нашых продкаў усё больш адчуваюць на сабе наступствы глабальнага пацяплення. Так, прапанаваны дзяўчатамі “Астравок прахалоды сярод спякоты” можа служыць не прадуктам, а людзям, і быць канструкцыяй, скажам, транспартнага прыпынку, альтанкі на пляжы, кафэ ці проста зонай адпачынку, дзе камфортна і дзе без кандыцыянераў, якія спажываюць шмат энергіі, змогуць ратавацца ад спякоты і дзеці, і людзі з хранічнымі захворваннямі. Канструкцыя “астраўка” можа быць любых памераў і форм, стацыянарная (для краін са спякотным кліматам) ці мабільная (калі тэмпературны слупок зашкальвае толькі пару месяцаў у год). Уявіце сабе замест звычайнага навеса прыпынку, напрыклад, вялізную марскую ракавіну — думаю, марскі брыз можна было б адчуць літаральна на сабе. Праўда, тут можа з’явіцца іншая праблема: не захочацца выходзіць адсюль у душны аўтобус. Цікава тое, што прахалода захоўваецца без усялякіх дзвярэй, па такім прынцыпе можна ствараць цэлыя алеі. Ёсць планы ў дзяўчат і іх кіраўніка і на корак: аказалася, што ён можа пераўзысці па ўсіх параметрах нават пясок, які дагэтуль лічыўся самым мэтазгодным.
Каб гэтыя ідэі ажыццявіліся, дастаткова знайсці для іх прадстаўлення адпаведную аўдыторыю. Думаецца, што якраз такую дзяўчаты знойдуць у пачатку ліпеня ў казахстанскім Цянь-Шані, калі будуць дзяліцца сваімі ідэямі ў Міжнародным лагеры-школе для пераможцаў нацыянальных этапаў конкурсу Energy and Environment.
Не менш амбіцыйным, але, тым не менш, прыдатным у жыцці стаў і праект Віктара Нічыпара з сярэдняй школы № 15 Ліды (кіраўнік Г.Р.Токць). Спроба паглядзець на звычайную свечку не толькі як на крыніцу святла і цяпла, якая дорыць вячэрнюю рамантыку, прынесла Віцю перамогу (і, адпаведна, падарункі) якраз у дзень яго нараджэння. А свечку Віктар узяў за аснову свайго радыятара. Яго канструкцыя — гэта тры перавернутыя гаршкі рознага дыяметра, устаўленыя адзін у адзін і злучаныя доўгім металічным балтом, на які нанізана шмат шайб і гаек.
“Звычайная свечка, згараючы ў памяшканні, цяпла дае, як здаецца, зусім няшмат, — тлумачыць тонкасці свайго вынаходніцтва Віктар. — А справа ў тым, што яе гарачы “выхлап” паднімаецца ўверх і хутка выходзіць у вентыляцыю. Між тым запас энергіі ў свечцы не такі ўжо малы. Больш за тое, з гарачым патокам прадуктаў згарання губляецца большая частка яе энергетычнага зместу і толькі маленькая частка пераходзіць у святло. Лабірынтны каўпак над полымем збірае энергію і назапашвае яе, пры гэтым сам моцна награваецца. Потым гэтае цяпло павольна перадаецца ўсёй паверхні керамічнага радыятара — у пакоі цёпла і пры гэтым гаршкі заманьваюць сажу ад полымя, пах парафіну — у пастку, таму па столі, дакладней яе чысціні, ніхто не здагадаецца, што пакой абаграваецца свечкай”. А доказам таго, што полымя адной толькі свечкі недаацэнена людзьмі, стаў відэаролік аўтара — выпуск перадачы “Гатуем у класе”. Свечка прымусіла шкварчэць яечню на патэльні на яе “сабраным” полымі не горш, чым звычайная пліта — час прыгатавання аказаўся аднолькавым.
Былі ў фіналістаў конкурсу і іншыя цікавыя праекты. Напрыклад, Юлія Барауля з сярэдняй школы № 23 Магілёва (кіраўнік В.У.Барысаў) паспрабавала прыручыць сонечнага зайчыка, змяніўшы звычайныя сонечныя батарэі, якія ставяць на дахах, на люстраную вышку. Навучэнкі гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска пад кіраўніцтвам Г.В.Ярмальчук даказалі, што каласальную колькасць энергіі можна сэканоміць, замяніўшы ў гарадскіх ліхтарах лямпы ДНаТ-250 на святлодыёдныя свяцільні. Андрэй Міхалёў з вілейскай гімназіі № 1 “Логас” (кіраўнік Я.Г.Мароз) навучыўся атрымліваць энергію з электрамагнітных хваль.
Калі казаць пра кіраўнікоў праектаў, то нельга не адзначыць лідара — Ніку Генадзьеўну Цішчанка, настаўніцу фізікі з гімназіі № 5 Віцебска. На працягу ўсіх сямі гадоў, што конкурс праходзіць у Беларусі, яе навучэнцы займалі прызавыя месцы. І цяпер яе выхаванкі зноў пераможцы (вышэйзгаданыя Вікторыя і Ульяна). На маё пытанне “У чым сакрэт такога поспеху?” Ніка Генадзьеўна адказала: “Галоўнае — захапіцца ідэямі энергазберажэння самому педагогу. Толькі так можна знайсці сярод навучэнцаў сваіх прыхільнікаў. А яшчэ не трэба перакладаць у галовы выхаванцаў свае ідэі. І нават калі ідэя ў педагога выспела даўно, трэба знайсці цярпенне і час, каб дзіця дадумалася да яе само. Часам мае дзеці ходзяць месяцамі і думаюць, як рэалізаваць задуму. Затое “Эўрыка!” выкрыкваюць менавіта яны”.
Цікавыя ідэі былі і ў пераможцаў у намінацыі “Інфармаванне грамадства/прапаганда энергаэфектыўнасці”. Нататнікі з тэматычнымі памяткамі і цытатамі, календары, плакаты, малюнкі, прэзентацыі, відэаролікі — формы для прыцягнення ўвагі людзей былі самымі рознымі. Плануецца, што некаторыя з іх хутка ўбачаць свет, а свет — іх. Так, напрыклад, члены журы ўжо заручыліся згодай пераможцы Кацярыны Фідрык, аўтара лепшага відэароліка “Я — за канцэпцыю 4R”, дэманстраваць яго на тэлебачанні. Кіраўніком у дзяўчыны быў В.Г.Рап’явец. Адназначнага адказу вымагае і малюнак з назвай “Жыць? Ці выжываць?” яшчэ адной пераможцы — Настассі Сямёнавай (кіраўнік У.І.Русаковіч).
Зменім фармат — памножым вынік
Насычанымі ідэямі сталі і намінацыі для педагогаў, якія правялі для членаў журы практычныя ўрокі і пазнаёмілі з дыдактычнымі матэрыяламі, дзе прадставілі свае падыходы да вырашэння энергетычных задач. Гэтыя намінацыі сталі самымі складанымі для ўсіх: і для педагогаў, і для журы. А справа ў тым, што трэба было не толькі іх распрацаваць, але і годна прадставіць, стоячы перад калегамі і экспертамі, а апошнія, задаючы мноства пытанняў, вельмі скрупулёзна адбіралі сапраўды лепшых педагогаў.
Прычыну стрэсу (а з тым, што ён быў, згадзіліся ўсе фіналісты) патлумачыў Канстанцін Аляксеевіч Пятроў, нязменны старшыня журы конкурсу, метадыст вышэйшай катэгорыі ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Да гэтага конкурс праводзіўся толькі ў завочным рэжыме. Мы былі не згодны з такім фарматам, бо, на мой погляд, конкурс, акрамя вызначэння лепшых работ і ўзнагароджання, павінен выконваць яшчэ і функцыю навучання як саміх дзяцей, так і іх педагогаў, навуковых кіраўнікоў. Я рад, што нам удалося пераканаць Нарвегію змяніць фармат. Акрамя таго, дзіця разам з педагогам ці сам педагог (а удзельнікаў у нас штогод больш за 500) дасылалі работу і даведваліся пра яе лёс, толькі калі станавіліся пераможцамі ці прызёрамі. А такіх было 6 чалавек з усёй рэспублікі: адзін пераможца, два ўладальнікі дыпломаў ІІ і тры — ІІІ ступені. А сёлета іх колькасць значна павялічылася: акрамя большай колькасці прызавых месцаў, узнагароды і маральную падтрымку сваіх пачынанняў атрымалі ўсе фіналісты, бо яны ўвашлі ў лік лепшых у рэспубліцы. І калі пэўны педагог ці яго навучэнцы з году ў год будуць уваходзіць у лік лепшых, гэта і будзе паказчыкам яго прафесіяналізму, яго майстэрства”.
Як адзначылі члены журы, сёлета іх парадавала тое, што сярод матэрыялаў канкурсантаў з’явіліся распрацоўкі, звязаныя з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Гэта і распрацоўка сайтаў, стварэнне электронных абалонак для захавання дыдактычных матэрыялаў і іншыя. Напрыклад, пераможца ў гэтай намінацыі метадыст Гродзенскага абласнога інстытура развіцця адукацыі Юлія Мікалаеўна з гучным прозвішчам Мыслівец аформіла сваю задуму ў выглядзе вэб-квеста “Клімат і чалавек: выклікі сучаснасці” для вучняў 9 класаў. Гэтая распрацоўка дапамагае навучэнцам самастойна выкарыстоўваць рэсурсы інтэрнэт-сеткі па пытаннях захавання клімату і навакольнага асяроддзя, вучыцца, выконваючы цікавыя заданні вэб-квеста, і, канечне, прымяняць веды ў жыцці. Прычым сваю нішу ў гульні знойдуць дзеці з самымі рознымі інтарэсамі, бо яна дзеліцца на падгрупы: “Вынаходнікі”, “Публіцысты”, “Рацыяналізатары”, “Філолагі”, “Журналісты”.
Пераможцай у намінацыі “Урок” стала Вольга Анатольеўна Счасновіч, настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна. Свой урок “Увод і рэдагаванне даных. Захаванне рабочай кнігі. Энергазберажэнне ў кожным доме: эканомім электраэнергію” яна распрацавала для вучняў 10 класаў і ўключыла ў тэму “Апрацоўка інфармацыі ў электронных табліцах”. Уся работа насычана такімі прыёмамі, якія навучанне робяць цікавым, а настаўніку дазваляюць рабіць гэта вельмі хутка. Напрыклад, заданне “Лато” ўсяго за 6 хвілін дазваляе настаўніку хутка праверыць веды і зацікаўленасць навучэнцаў, якія ставяць “+” і “-” насупраць пытанняў па энергазберажэнні і экалагічных праблемах. А пра ідэі, як можна эканоміць электрычнасць, дзеці даведваюцца падчас інтэрактыўнай гульні “Броўнаўскі рух”: кожны атрымлівае картку з невялікім тэкстам па тэме “Правераныя спосабы эканоміі электраэнергіі дома”, перамяшчаючыся па класе, тлумачыць спосаб эканоміі, які апісаны ў картцы, абмяркоўвае яго разам з аднакласнікамі, а атрыманую выснову змяшчае ў сваю табліцу.
Пра тое, што ў ліку лепшых работ аказаліся менавіта тыя, дзе галоўнае месца іх аўтары адвялі інтэрактыву, адзначыў К.А.Пятроў і ў той жа час заўважыў, што тыповым недахопам многіх педагогаў стала тое, што яны проста перадаюць інфармацыю, замест таго каб уключыць у заняткі дыскусію, абмеркаванне, групавыя заданні ці нешта падобнае. Адзначыў Канстанцін Пятровіч і тое, што, нарэшце, наперадзе не толькі фізікі, для якіх пытанні энергазберажэння — іх хлеб. Сёлета, напрыклад, шмат дыдактычных матэрыялаў прадставіла Вольга Васільеўна Шуй, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пескаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Свае рэкамендацыі па энергазберажэнні яна дае і ў дыктантах, з’явы “дзеканне” і “цеканне” вучні шукаюць у тэксце пра кіслотныя дажджы, робяць марфалагічны разбор назоўнікаў, якія ма юць дачыненне да акцыі “Міжнародны дзень без аўтамабіля”. Настаўніца матэматыкі з Жодзінскай жаночай гімназіі Святлана Валянцінаўна Даланава запрасіла сваіх навучэнцаў (і членаў журы таксама) у студыю абмеркаваць тэму “Пад уладай электроннага смецця” — гэта яе бачанне пазакласных заняткаў. Бліцтурніры, заняткі-падарожжы, гульні — ад настольных да віртуальных — у фантазіі падчас выбару форм урокаў і дыдактычнага матэрыялу настаўнікі сябе не абмяжоўвалі.
Плануецца, што ўсе распрацоўкі фіналістаў складуць зборнік урокаў, а вынікам дзіцячых творчых напрацовак стане альбом малюнкаў і плакатаў. Праекты сёлетніх фіналістаў складуць значную частку іх папярэднікаў — усяго ў конкурсе за сем гадоў прынялі ўдзел 17 тысяч педагогаў і навучэнцаў рэспублікі.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Валерыя ВАЎЧКОВА.