У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь вызначаны асноўныя напрамкі падрыхтоўкі кваліфікаваных канкурэнтаздольных рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з тым, што патрабуе ад працоўных рэсурсаў рэальны сектар эканомікі. Сёння попыт на высокакваліфікаваныя кадры расце даволі імкліва згодна з інавацыйнымі пераўтварэннямі ў вытворчасці нашай краіны, таму, безумоўна, задача нацыянальнай сістэмы адукацыі — аператыўна рэагаваць на працэсы мадэрнізацыі эканомікі і весці такую прафесійную падрыхтоўку кадраў, якая адпавядала б сучаснай вытворчай сферы, развіццю тэхнікі і тэхналогій, інтэлектуалізацыі працы.
Начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.Д.ЛАШУК:
— Нацыянальная сістэма адукацыі рэалізоўвае шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прэстыжу і цікавасці з боку нашай моладзі да прафесійнай адукацыі і высокатэхналагічных прафесій. Сярод такіх мерапрыемстваў — спаборніцтвы WorldSkills і JuniorSkills, якія набываюць з кожным годам у нашай краіне ўсё большую папулярнасць. У 2016 годзе быў праведзены ўжо ІІ Нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, у якім спаборнічалі па інавацыйных прафесіях найбольш падрыхтаваныя канкурсанты з ліку навучэнцаў і выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі, якія працуюць на вядучых прадпрыемствах.
Мы разглядаем рух WorldSkills як самую імклівую, дынамічную і эфектыўную сістэму распаўсюджвання міжнароднага вопыту ў сферы прафесійнай адукацыі, папулярызацыі рабочых прафесій, адаптацыі маладых рабочых і спецыялістаў да сучаснай інавацыйнай вытворчасці, павышэння іх канкурэнтаздольнасці, фарміравання рабочай эліты нашай краіны і тым самым узняцця на больш высокі ўзровень нацыянальнай прафесійнай адукацыі.
Калі гаварыць пра вынікі правядзення WorldSkills Belarus — 2016, то больш за 200 навучэнцаў і студэнтаў з устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а таксама маладых рабочых, спецыялістаў прадпрыемстваў нашай краіны спаборнічалі ў кампетэнцыях у галіне прамысловасці і будаўніцтва, сферы паслуг і тэхналогіі моды, IT і транспартных тэхналогій. Акрамя беларускіх канкурсантаў, у спаборніцтвах прынялі ўдзел 33 прадстаўнікі яшчэ 6 краін: Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Украіны, Фінляндыі, Швейцарыі, Паўднёвай Карэі. У параўнанні з Першым нацыянальным чэмпіянатам колькасць кампетэнцый павялічылася да 11: “Выраб мэблі”, “Цяслярскія работы”, “Электрамантажныя работы”, “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, “Сухое будаўніцтва і тынковачныя работы”, “Сантэхніка і ацяпленне”, “Тэхніка халадзільных установак і кандыцыяніравання паветра”, “Графічны дызайн”, “Праграмнае забеспячэнне для бізнесу”, “Вэб-дызайн”, “Кузаўны рамонт аўтамабіля”. Майстэрства канкурсантаў ацэньвала больш за 260 экспертаў, сярод якіх — акрэдытаваныя эксперты WorldSkills International. Ацэньванне ходу і вынікаў выканання конкурсных заданняў праводзілася пры дапамозе сістэмы інфармацыйнай падтрымкі конкурсу (CIS). У рамках чэмпіянату былі праведзены спаборніцтвы сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі JuniorSkills Belarus, Міжнародная канферэнцыя “Прафесійны патэнцыял моладзі як эфектыўны рэсурс эканамічнага і сацыяльнага развіцця сучаснага грамадства”. Для павышэння папулярнасці і растлумачэння сацыяльнай значнасці рабочых прафесій для школьнікаў былі арганізаваны майстар-класы, інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі “Усе грані прафесіі”, дзе былі прадстаўлены розныя прафесіі, падрыхтоўку па якіх ажыццяўляюць установы адукацыі нашай краіны. Пераможцамі ІІ Рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства WorldSkills Belarus — 2016 сталі 105 канкурсантаў, у тым ліку 13 з іншых краін. 87 пераможцаў чэмпіянату з ліку навучэнцаў і студэнтаў атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і занесены ў банк даных адоранай моладзі.
Па выніках правядзення конкурсу прафмайстэрства WorldSkills Belarus — 2016 фарміруецца рэспубліканская каманда, якая будзе прадстаўляць нашу краіну на Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Competition — 2017 14—19 кастрычніка 2017 года ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).
Адметна тое, што многія вядучыя беларускія прадпрыемствы і арганізацыі аказалі значную дапамогу ў падрыхтоўцы рэспубліканскага спаборніцтва, выступіўшы партнёрамі кампетэнцый і прадаставіўшы сучаснае абсталяванне і матэрыялы для аснашчэння конкурсных пляцовак.
Рэспубліканскі конкурс наведала больш за 5800 гледачоў, сярод якіх — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты УВА, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый — заказчыкаў кадраў, дэлегацыі з 23 краін блізкага і далёкага замежжа.
Ганаровым госцем рэспубліканскага конкурсу стаў прэзідэнт WorldSkills International Сайман Бартлі, які даў высокую ацэнку прафесійнай адукацыі Беларусі падчас сустрэчы з кіраўніком нашай дзяржавы. А.Р.Лукашэнка накіраваў удзельнікам ІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016 прывітанне, у якім адзначалася, што ў Беларусі развіццё прафесійнай адукацыі з’яўляецца адной з асноў умацавання эканамічнай бяспекі краіны і адным з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, дзе моладзі ўдзяляецца асаблівая ўвага. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што такія конкурсы стануць больш масавымі і ўнясуць значны ўклад у павышэнне прафесіяналізму маладых рабочых і спецыялістаў краіны.
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці С.М.САЧКО:
— Стратэгічнымі мэтамі дзейнасці цэнтра з’яўляюцца: прыцягненне таленавітай моладзі да сферы высокіх тэхналогій, інавацый, выяўленне і падтрымка здольных навучэнцаў, фарміраванне ранняга прафесійнага самавызначэння і свядомага выбару ў сферы інжынерных і высокатэхналагічных прафесій.
Пастаўленыя задачы рэалізоўваюцца ў розных напрамках дзейнасці нашай установы. Нараўне з традыцыйнымі формамі работы развіваюцца творчыя, праектна-эксперыментальныя лабараторыі для рэалізацыі праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, заснаваныя на інавацыйнай творчасці. З’явіліся такія новыя напрамкі, як прататыпаванне, прамысловая робататэхніка, нейрапілатаванне, інжынерны дызайн CAD, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў і інш.
Адной з ключавых задач сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца сацыяльная адаптацыя падрастаючага пакалення, у тым ліку падрыхтоўка да жыццёвага і прафесійнага самавызначэння. Працэс мадэрнізацыі, укаранення інавацыйных тэхналогій у эканоміцы патрабуе і адпаведных змяненняў у прафесійнай падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў, таму адным з перспектыўных і прыярытэтных напрамкаў работы з дзецьмі на сённяшні дзень з’яўляецца стварэнне новых магчымасцей для прафарыентацыі і асваення сучасных прафесійных кампетэнцый навучэнцамі. Актыўныя метады ў прафарыентацыі мяркуюць змяшчэнне акцэнту на прадукцыйную практычную дзейнасць, накіраваную на набыццё вопыту ў абранай прафесіі, і маюць на ўвазе выкарыстанне інтэрактыўных форм работы, такіх як конкурсы прафесійнага майстэрства, прафесійныя спробы і інш.
У мэтах удасканалення сістэмы прафесійнай арыентацыі сярод дзяцей і моладзі ў 2015 годзе Міністэрства адукацыі ініцыіравала развіццё руху JuniorSkills у Беларусі. Нашы школьнікі неаднаразова прымалі ўдзел у спаборніцтвах JuniorSkills у Расіі. У маі 2016 года ў рамках ІІ Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus — 2016 праходзіў I Рэспубліканскі конкурс па асновах прафесійнай падрыхтоўкі для школьнікаў 10—17 гадоў JuniorSkills Belarus. Конкурс праводзіўся па 7 кампетэнцыях: “Мабільная робататэхніка”, “Прамысловая робататэхніка”, “Тэхналогіі БЛА”, “Прататыпаванне”, “Нейрапілатаванне”, “Сістэмнае адміністраванне”, “Інжынерны дызайн CAD”. Навучэцы спаборнічалі ў дзвюх узроставых катэгорыях: 10—13 гадоў, 14—17 гадоў. Конкурс прайшоў у тры адборачныя этапы: першы — на ўзроўні ўстаноў адукацыі, другі — абласныя спаборніцтвы, трэці — рэспубліканскі этап. Усяго ў трох конкурсных этапах удзельнічала больш за 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак. У фінале спаборнічалі 102 удзельнікі.
Конкурс апраўдаў нашы надзеі як па колькасці ўдзельнікаў, так і па ўзроўні іх падрыхтоўкі, па тым творчым запале, які праявілі дзеці і педагогі. Ён не толькі прайшоў паспяхова, але і стаў новым імпульсам для развіцця руху JuniorSkills у маштабах усёй краіны і ў міжнародным фармаце.
Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе ўпершыню прайшоў Рэспубліканскі конкурс творчых дасягненняў навучэнцаў “Праз творчасць — да майстэрства”, мэтай правядзення якога з’яўляецца актывізацыя дзейнасці навучэнцаў, звязанай з пошукам, раскрыццём творчага патэнцыялу і стварэннем прывабнага іміджу рабочых прафесій. Конкурс стаў своеасаблівай справаздачай аб рабоце аб’яднанняў па інтарэсах па тэме “Творчасць у маёй прафесіі”, дзе навучэнцы маюць магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял у прафесійнай дзейнасці.
У ходзе правядзення першага і другога этапаў рэспубліканскага конкурсу ва ўстановах адукацыі краіны прайшлі агляды-конкурсы, справаздачы дзейнасці гурткоў, аб’яднанняў па інтарэсах, выставы творчых работ навучэнцаў. У заключным этапе спаборніцтва прынялі ўдзел 105 чалавек з ліку пераможцаў другога этапу. Конкурсныя заданні адрозніваліся разнастайнасцю, кожны ўдзельнік мог выбраць для сябе выпрабаванне, якое давала магчымасць у поўнай меры раскрыць таленты і творчыя здольнасці, рэалізаваць творчыя ідэі ў прафесійнай дзейнасці.
Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі “Расатам” у канцы мінулага года прайшоў фестываль навукі “Дарэчы. Кропкі перасячэння”. Ён праводзіўся ў Беларусі другі раз. Сёлета арганізатары зноў парадавалі дзяцей дзясяткамі ўнікальных лекцый і майстар-класаў, навукова-папулярнымі ток-шоу. Упершыню былі прадстаўлены новыя фарматы папулярызацыі навукі: ScienceDrama, прафарыентацыйны квест і інш. Прайшлі турніры па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?” і “Матрыца”. Расійскія і беларускія вучоныя прачыталі лекцыі, прысвечаныя перадавым навуковым даследаванням, у тым ліку ў галіне атамнай энергетыкі, расказалі пра медыцыну будучыні і нейратэхналогіі, пра парадоксы тэорыі верагоднасці і этнаастраноміі, пра палеанталогію і звышправаднікі. Усе мерапрыемствы мелі прафарыентацыйны характар, каб не толькі пашырыць светапогляд дзяцей і даць ім новыя веды, але і прапанаваць свежыя ідэі для ўсвядомленага прафесійнага выбару ў далейшым жыцці.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.