Fashion-фота: увесь час на грані

- 12:45Культура, Рознае

Надоечы, 20 снежня, у Мінску ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся майстар-клас “Арганізацыя і правядзенне fashion-здымкі для ўдзельнікаў — фатографаў і фотамадэлей — “Млына моды —2017”. Фато­графы, ахвочыя здымаць, сабраліся ў НЦМТДіМ у вельмі разнашэрсным складзе: хтосьці з іх толькі ўчора ўзяў у рукі фотаапарат дзеля таго, каб здымаць дзяўчат і хлопцаў у прыгожым модным адзен­ні, у кагосьці ў руках блішчэлі “кэнаны” і “ніканы” за некалькі тысяч долараў кожны, а нехта шчыра думаў, што нармальная фэшн-здымка можа атрымацца і сродкамі мабільніка… Іх жаданні, інтэнцыі і настроі па-свойму ўдакладнялі вядомыя прафесійныя фатографы спецыялі­сты ў галіне фэшн-фатаграфіі Аляксандр Канатоп і Аляксей Майсевіч. І выказвалі свае, здаецца, вельмі арыгінальныя думкі.

Шчыра кажучы, даўно ўжо я не прысутнічаў на такіх вясёлых майстар-класах, калі 30-гадовыя (ну, мачыма, 40-гадовыя) людзі-прафесіяналы дзяліліся сваімі ўражаннямі і нюансамі роднай прафесіі амаль што са сваімі аднагодкамі. Між тым тэмы, пра якія гаварылі Аляксандр Канатоп і Аляксей Майсевіч, былі і цікавыя, і арыгінальныя адначасова: “Задача здымкі і выбар стылю”, “Студыя ці пленэр?”, “Постпрадакшн (рэтуш)”, “Камандная работа”, “Рэжысура здымкі (эмацыянальны месыдж, апраўданы стан чалавека ў кадры)” і інш.

Наступныя радкі будуць як бы цытатамі слоў Аляксея і Аляксандра, якія не хацелася б тут размяжоўваць, бо яны бясконца перадавалі мікрафон адзін аднаму ў рукі. Але галоўнае, што я зразумеў з іх слоў: сёння, калі ў кожнага ёсць добры фотаапарат ці смартфон, для якаснага фота патрабуецца не толькі націск пальца на кнопку. Усё адно, як і ў залаты век фатаграфіі, у фатографа з лічбавай камерай павінны быць чулая душа, пільны зрок, умелыя рукі, адчуванне моманту “тут і цяпер”, імкненне зразумець і адчуць чалавека, якога ён здымае… Нават калі гэта вельмі прыгожая дзяўчына ў адзенні ўнікальнага моднага брэнда. Такім чынам, вось некаторыя, пададзеныя ў вельмі сціслым выглядзе рэцытацыі прамоўленага Аляксеем Майсевічам і Аляксандрам Канатопам на семінары.

Гэтыя фрагменты з іх прамовы, думаецца, прыдадуцца і для ўсіх, хто трымае ў руках “фоцер” і спрабуе зрабіць добры кадр.

Каб паглядзець з радасцю і шчымлівым хваляваннем на яго не толькі сёння, але і праз 50 гадоў.

У нас на дварэ зараз эпоха постмадэрнізму (ці як хочаце яе назавіце!), калі здзівіць гледача нечым вельмі складана. У кожнага ёсць інтэрнэт, а гэта зна­чыць, “Фэйсбук”, YouTube, “Інста­грам”. Там ёсць усё. Паўта­рыць некага вельмі складана. Але ў тым і справа, што можна паўта­рыць! Памятаеце, як раней, у вядомых мастакоў, як правіла, былі чаляднікі. Яны малявалі копіі. І гэтыя копіі часта былі вельмі высокага ўзроўню! Яны прадаваліся як быццам арыгіналы! Так і ў фэшн-фота сёння: ёсць безліч класічных фота, якія сталі ўзорамі. Але калі вы змаглі паўтарыць у стылі кагосьці з класікаў фотаіндустрыі — гэта ўжо вельмі крута. Не бойцеся паўта­раць класікаў. Фота ў класічным стылі — гэта крутое фота. Паўтарыць кагосьці з геніяў — гэта заўсёды складаней, чым нешта зрабіць з нуля. Калі вы хочаце стаць прафесійным фато­графам, па­спрабуйце паўта­рыць каго-небудзь з класікаў фотама­стацтва. Атрымаецца — ідзіце, рабіце ўжо нешта сваё. Менавіта на моманце паўтору адточваецца майстэрства.

…Задача здымкі — гэта вельмі тонкі момант. Напрыклад, калі трэба зняць рэкламны білборд з пыласосам, які будзе размешчаны на шашы Е 30, разумееш, што людзі, едучы на хуткасці 120 кіламетраў у гадзіну, будуць успры­маць яго максімум 3 секунды. І ніякія дзяўчаты ў шыкоўных сукенках з барадатымі мача на скалах там не патрэбны. Іх проста не ўгледзяць. Патрэбны толькі пыласос. І тады я проста здыму вельмі маштабны партрэт чалавека, а там ужо недзе будзе фрагмент пыласоса — можа, нават адной толькі шчоткі  з лагатыпам фірмы. Я ўжо сабе паставіў задачу — і мне лягчэй яе рэалізаваць. Прынамсі, мне ўжо не трэба ду­маць, маўляў, бяры ў рукі пыласос: а як жа мне цябе зняць?

…Яшчэ наконт задачы. Мы павінны добра ўсведамляць, хто будзе глядзець на нашы здымкі. Не бойцеся прагматыкі. Калі нашы фота будуць разглядаць у Міні­стэрстве культуры, трэба ехац­ь у Азярцо, у Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. А калі нашы фота будуць глядзець панкі, трэба ехаць у тым жа народным калядным адзенні на які-небудзь закінуты завод.

…Фэшн-індустрыя — гэта, як ні круці, заўсёды геаметрыя. Геаметрыя форм. І таму, калі я атрымліваю задачу зняць мадэль і бачу геаметрыю той ці іншай калекцыі адзення, заўсёды думаю, ці ёсць у мяне ў горадзе патрэбны фон, па­трэбная геаметрыя. Вуліцы, завулкі, пло­шчы… Не знаходжу ў Мінску — еду ў бліжэйшыя гарады. І калі і там не знаходжу, запрашаю мадэль у студыю, дзе ствараю ўжо сваю геаметрыю. Геаметрыя на геаметрыі — іншага прынцыпу ў фэшн-здымцы яшчэ не вынайшлі.

…Постпрадакшн — гэта адзін з самых спецыфічных складнікаў у сучаснай фатаграфіі… У нашых калег быў такі выпадак, калі яны ўсё знялі, усё аддалі ў друк, але забылі пачысціць матрыцу. У выніку яны былі вымушаны ўсё зды­маць нанова.

…Сёння фатограф ва ўсім вінаваты. Ён шукаў фон, ствараў кампазіцыю, рабіў здымкі, але ў выніку фоткі дрэнна апрацавалі. А вінаваты ўсё роўна фатограф. Гэта трэба проста прыняць — абвінавацяць ва ўсім вас, а не друкара, не рэтушораў і г.д. Вы, канечне, можаце выказаць свае прэтэнзіі таму ж рэтушору і ён вам нават заплаціць нейкія 100 баксаў. Ён скажа вам, што ў яго не было настрою ці ў яго былі чырвоныя вочы ад бясконцай працы ноччу… Але хто згубіць у выніку? Не ён, а вы. Вы страціце свой аўтарытэт. Таму старайцеся працаваць камандай — з людзьмі, якім вы давяраеце і якія вас не падвядуць.

…Фоташоп — гэта данасць. Ад яго нікуды не дзенешся. Але, насам­рэч, гэта вельмі далікатная рэч. Яна тычыцца наўпрост прынцыпу ўспрымання фатаграфіі. Вы хочаце, напрыклад, зрабіць партрэт сям’і ў цёплых жоўтых тонах, а на гэтым фоне каб мужчына як правадыр сям’і быў крышку больш халодным, сінім… Націснеце нейкую іншую кнопачку, чым трэба, і бу­дзе абсурд. Абыходзьцеся з фоташопам вельмі асцярожна. І прафесійна.

…Мы робім вельмі многа здымак для нашых вядучых фірм — “Cоcа-Cоla”, “Pampers” і г.д. У нас вельмі шмат партфоліа. Гэтыя партфоліа аддаеш у агенцтвы. Ты ведаеш, што была цудоўная здымка і атрымаліся цудоўныя фатаграфіі. А потым ідзеш у нейкім гіпермаркеце і бачыш, што на цябе глядзіць… чыр­воная, як быццам бы з тыднёвага запою, ма­дэль. Або едзеш недзе па шашы і бачыш білборд, а табе сябар кажа: “Хто зняў так нягегла такую прыгожую дзяўчыну?” А ты сам чырванееш, бо ведаеш, што сам зняў і яна была насамрэч прыгожай. Але апра­цоўшчыкі зрабілі з яе такую…

…У нашай прафесіі ёсць шмат нюансаў, пра якія не ведае нават касметолаг.

…Рэпартаж ці пастаноўка? Гэта — пытанне. Можна было б адразу сказаць, што пастаноўка — гэта вельмі сумныя людзі ў кадры, а рэпартаж — гэта імправізацыя, жыццё, рух. Але не гэта галоўнае. Галоўнае — даць мадэлі заданне зрабіць нешта. “Всё, что да, — поднимаешь рельсы и несёшь туда”. І калі мадэль у дзеянні, ты здымаеш — і ў цябе тады эмоцыі, і ў яе тады эмоцыі. Сапраўдныя, непадробныя эмоцыі. Ёсць фатографы, якія могуць выставіць мадэль так, каб гледачу не здавалася, што ёй цяжка і невыносна. Гэта, на самай справе, таксама шлях. Кожны фатограф выбірае для сябе свой шлях. Ёсць моцныя пастаноўшчыкі і ёсць моцныя рэпарцёры. Гэта зусім не супастаўляльныя людзі. Два розныя псіхалагічныя тыпы.

…У мяне шмат сяброў-фато­графаў. Маё першае вяселле здымалі адразу тры. Я вельмі люблю іх усіх. На фотаздымках былі мы — прыгожыя — з нявестай, прыгожая машына. Але сёння я гляджу на тыя фота і ўспамінаю толькі пра тое, як я пацеў у касцюме і як мне было дрэнна. Гэта былі пастановачныя фота. Гэта былі вельмі класныя фотаздымкі, ідэальна вычышчаныя. Але за імі нічога няма. А калі я жаніўся другі раз, я папрасіў свайго сябра не ўмеш­вацца ў сюжэт. Ён фатаграваў усё, нічога не кажучы. І, гледзячы на яго фоткі сёння, я ўспамінаю маленькія кавалачкі нашага жыцця: як мы хваляваліся перад роспісам, як мы абменьваліся пярсцёнкамі, як мы цалаваліся, як рабілі глыток шампанскага, як мы танцавалі, як я выпадкова ёй наступіў на сукенку і яна парвалася… Гэтыя кадры застануцца з намі на ўсё жыццё. Гэта са­праўдныя моманты.

…Рэпартажны момант непаўторны. Што будзе больш крута на фота — Клаўдзія Шыфер у вясельным уборы на нейкім шэрым фоне ў рамантычнай позе ці тая ж Клаў­дзія Шыфер раніцай — памятая, з размазанай тушшу на вачах, з цыгарэтай, з келіхам віскі? І адно, і другое крута. Але першае фота будзе пастановачным. А другое — рэпартажным. Дзе будзе імітацыя прыгожага галівудскага жыцця? Гэтыя ўсе прыгожыя сукенкі, крутыя тачкі, бясконцыя заходы сонца на даражэннай віле? Ці “адхаднякі” з келіхам віскі? А самі здагадайцеся… І выберыце, што вам бліжэй — пастановачная ці рэпартажная Клаўдзія Шыфер. Толькі майце на ўвазе, што, рэкламуючы вам кока-колу, яе рэкламадаўцы ніколі не скажуць, што гэта напой з аднолькавай колькасцю цукру і вады. Яны скажуць вам, што кока-кола — гэта пляжы, сонца, сёрфінг, худыя падцягнутыя лю­дзі… Ніколі не маніпуліруйце гэтымі момантамі, калі ласка.

…Я не ўмею паставіць ма­дэль, каб не было відаць, што яна пазіруе. І я не буду яе ставіць. Нехта іншы паставіць. Але я злаўлю яе ў зручны момант — гэта будзе ўжо рэжысура.

…Ёсць мужчынскі погляд на фатаграфію, а ёсць жаночы. Гэта адчуваецца заўсёды. Мужчынскі — часцей за ўсё рэпартажны. Жаночы — здалёк, на нейкія дробязі.

…А найбольш ідэальны варыянт, калі фатограф-пастаноўшчык здымае ў пары з фатографам-рэпарцёрам. Наогул, сёння фатаграфія — гэта камандная праца. Якім бы геніяльным вы ні былі мастаком-інтравертам, вам прыйдзецца працаваць у камандзе, калі вы хочаце атрымаць добры фотаздымак. Выключайце эгаізм — інакш вы проста зашыецеся ў гэтай справе.

…Ці прыгажэй у Львове, чым у Мінску? Ці прыгажэй у Італіі, чым у Беларусі? Ці лепшы там фон для фотаздымкаў? Ды не!!! Так, у Львове шмат старой архітэктуры, так, у Італіі многа сонейка. Але гэта толькі для вясельных фота. Што тычыцца фэшн-здымкі, у Мінску хапае прасторы. Аднойчы мы ўзялі на кінастудыі старыя пражэктары, якія даўно ўжо не працавалі, зацягнулі іх на верхавіну “Сільвертаўэра”, падсвяцілі ўсё гэта адной успышкай… і атрымаўся Галівуд. Мінск  насамрэч вельмі вялікі і прыдатны для фэшн-здымкі. Ты тут можаш здымаць мадэлей на даху дома, у падвале, на ўскраіне на полі.

…Сёння ёсць так шмат цікавых фотаздымкаў, якія робіць моладзь! Часам дзяўчынка робіць на ўсхо­дзе сонца такое класнае фота на свой айфон! А калі гэтая дзяўчынка яшчэ і разумніца і ўсю здымку падсвеціць белым аркушам паперы, цаны не будзе таму фота! А тут побач нейкі дзядуля бурчыць, маўляў, ён усё перазняў у гэтым жыцці.

…Фэшн-фота — гэта правакацыя. А правакацыя — гэта тэрыторыя найперш маладых людзей. І таму ты павінен увесь час быць на грані, на вастрыі. Калі ў патыліцу табе дыхае мільён маладых лю­дзей, якія хочуць таксама быць фатографамі, у цябе валасы варушацца. Моладзь развіваецца сёння фантастычнымі тэмпамі. Як і тэхніка. Фотасправа сёння вам ніколі не дасць перадыхнуць.

Мікола ЧЭМЕР.

P.S. Фіналісты фатографы Рэс­публіканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млына моды — 2017” стануць вядомы 14 студзеня 2017 года.