Фэст, якому не хочацца гаварыць “Бывай…”

- 11:10Культура

На мінулым тыдні завяршыўся ХХІІІ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Форум быў багаты на цікавыя падзеі, факты, лічбы, людзей. Ужо адно тое, што за 8 фестывальных дзён з 4 па 11 лістапада быў паказаны 161 фільм з 52 краін і было прадстаўлена 16 нацыянальных кінашкол, гаворыць пра многае. Удумваючыся ў гэтыя лічбы, выразна разумееш, што “Лістапад” — гэта сапраўды вялікі міжнародны кінафестываль. І няважна, што пераважная большасць замежных кінастужак паказваецца ў рамках “Лістапада” як бы са спазненнем, ужо маючы за плячыма прэм’ерныя паказы на іншых фестывалях, сутнасць кіно ад гэта не мяняецца. Арганізатары мінскага кінафоруму з Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ-карпарэйшн” сёлетнім слоганам заклікалі кінааматараў ісці насустрач натхненню і не падманулі, а апошнія з радасцю ішлі.

Апошнія фестывальныя дні былі, мабыць, самымі насычанымі — з паказамі такіх шэдэўральных стужак ад грандаў сусветнага кіно, як “Атэстат сталасці” Хрысціяна Мунджыу (Румынія — Францыя — Бельгія), “Сямейнае жыццё” Кена Лоўча (Вялікабрытанія), “Lovetrue. Прытчы пра каханне” Альмы Харэль (ЗША), “11 хвілін” Ежы Скалімоўскага (Польшча — Ірландыя), “Малітва ліры” Хіраюкі Куракавы і Міюкі Кавасакі (Японія), “Жанчына, якая сышла” Лава Дыяса (Філіпіны), “Gimme danger. Гісторыя Ігі і The Stooges” Джыма Джармуша (ЗША), “Маленькія мужчыны” Айры Сакса (ЗША — Грэцыя), “Мікроб і Бензін” Мішэля Гандры (Францыя), “Паслявобразы” Анджэя Вайды (Польшча) і інш.

Але, мабыць, ёсць сэнс асобна спыніцца на паказаным у першай палове фестывальнага тыдня фільме рэжысёра Бенедэка Флігаўфа “Лілі Лейн” вытворчасці Венгрыі, Германіі і Францыі, які атрымаў сёлета гран-пры кінафоруму “Золата “Лістапада”.

Бенедэк Флігаўф нарадзіўся ў 1974 годзе ў Будапешце. Яго дэбютная поўнаметражная карціна “Лес” у 2003 годзе выйграла прэмію імя Вольфганга Штаўдтэ ў праграме “Форум” на Берлінскім МКФ. Затым былі такія фільмы, як “Дылер” у 2004 годзе (больш за 20 узнагарод на самых розных кінафестывалях), “Млечны шлях” у 2007 годзе (галоўны прыз МКФ у Лакарне “Залаты леапард”), “Чэрава” з Евай Грын у адной з роляў у 2010 годзе, “Проста вецер” у 2012 годзе (гран-пры ад журы на Берлінскім МКФ і прыз ад арганізацыі “Міжнародная амністыя”). Стужка “Лілі Лейн” да паказу яе на “Лістападзе” таксама была не абдзелена ўзнагародамі. У прыватнасці, сёлета яна атрымала прыз “Залатая аліва” за лепшы фільм на Фестывалі еўрапейскага кіно ў Лесе (Італія).

Прадстаўляючы гэтую карціну на “Лістападзе”, праграмны дырэктар ММКФ Ігар Сукманаў таксама не прамінуў расказаць пра заслугі рэжысёра, назваўшы яго арыгінальным творцам сучаснага венгерскага кінематографа, які працуе ў традыцыях Тэрэнса Маліка і Дэвіда Лінча. А потым, на здзіўленне публікі, на сцэну выйшаў не сам Бенедэк Флігаўф, які ў Мінск прыехаць не змог, а венгерскі хлопчык Балінта Сатоньі, які выканаў адну з галоўных роляў у стужцы. Нягледзячы на свой юны ўзрост, ён змог добра павесяліць мінскіх гледачоў, у прыватнасці сваім аповедам пра тое, што на кастынг на яго ролю прыйшло больш за сто чалавек, але выбралі менавіта яго, бо ён лепш за ўсіх запомніў тэкст.

Тым часам Ігар Сукманаў зноў узяў мікрафон і, папярэдзіўшы гледачоў, што іх чакае прагляд унікальнай нечаканай карціны, фільма-снабачання, пажадаў усім прыемных уражанняў.

Балінта Сатоньі выконвае ў фільме ролю хлопчыка Дані, сына Рэбекі. Глядач з першых жа кадраў акунаецца ў атмасферу таямнічасці і нават пэўнай псіхадэлічнасці, на што працуюць і візуальны рад (стары пыльны канструктар у зыркім святле, страшная жаба на плітцы і г.д.), і гукавое суправаджэнне (гукі дажджу, дзіцячыя смех і плач). На пачатку нічога дзіўнага як бы і не адбываецца. Рэбека проста расказвае сыну казкі, дзе былі фея, яе муж, паляўнічы, і іх дзіця, якога тыя ласкава называлі золаткам). Схаванае паступова пачынае адкрывацца, калі памірае маці Рэбекі і тая вырашае адвезці сына ў месца свайго дзяцінства. Яе кліча туды не толькі смерць маці, але і жаданне таго, каб там пабываў яе сын, каб ён пахадзіў па яе дзіцячых сцежках і лепш зразумеў яе, як бы сам апынуўся ў яе дзяцінстве. Глядач паступова пачынае разумець, што казкі, якія Рэбека расказвае Дані, — гэта не што іншае, як завуаляваная такім чынам яе спроба расказаць пра гісторыю свайго жыцця, пра сваю маці, якая была для яе ўсім. І такім жа ўсім хоча быць для Дані сама Рэбека. Хаця яе муж, якога мы нават ні разу не бачым у фільме (яны кантактуюць толькі ў інтэрнэце), яе і папракае: “Твае казкі пра фею і паляўнічага яго палохаюць!” Але Рэбека лічыць інакш, проста не можа інакш, і яе падсвядомасць усё-такі выводзіць яе на правільны шлях — яна сама пазбаўляецца кашмараў і вызваляе ад іх Дані.

Наогул, на ХХІІІ Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, напэўна, і не было нецікавых, прахадных, шэрых фільмаў без цымусу і пэўнай загадкі. Гэта не раз адзначалі, у тым ліку і на ўрачыстым закрыцці форуму, замежныя госці, напрыклад, старшыня журы ігравога кіно вядомы грузінскі рэжысёр Заза Урушадзэ, які ўхваліў падбор карцін асноўнага конкурсу.

Айчынныя ж прафесіяналы ад кіно з ліку арганізатараў і сяброў журы “Лістапада” падчас заключнага круглага стала ў суботу, 12 лістапада, засяродзіліся выключна на дыскусійных пытаннях. Напрыклад: “Ці справядліва называць нацыянальным кіно, зробленае беларускімі аўтарамі, але якія жывуць і працуюць за межамі Беларусі?”, “Ці варта праводзіць асобны конкурс нацыянальнага кіно або лагічней было б уводзіць і такое кіно ў агульную праграму фестывалю?”, “Як наогул вызначыць працэнт нацыянальнага ў кінематографе ў сітуацыі, калі ствараюцца карціны сумеснай вытворчасці і ўвогуле катэгорыя нацыянальнага вельмі размыта ў сённяшнім глабалізаваным свеце?” і г.д. Дарэчы, адносна асобнага конкурсу нацыянальнага кіно Ігар Сукманаў заўважыў, што ён усё-такі мае права на існаванне як пэўная лабараторыя, пляцоўка для эксперыментаў. А ўвогуле, у свеце даўно ўжо канкурыруюць аўтары, а не краіны, і фестывалі аўтарскага кіно выконваюць ролю свайго кшталту абаронцаў яго стваральнікаў.

…ХХІІІ Мінскі міжнародны кінафестываль скончыўся. Вoсенню, халоднай ліcтападаўскай восенню, а фактычна ўжо зімой, так не хочацца казаць нікому “Бывай”, бо і без гэтага многія рэчы развітваюцца з намі гэтай шарай гадзінай. І таму, калі ты сыходзіш ад нас, ХХІІІ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, я кажу табе… не, не “Бывай”. Так, наперадзе ў нас — зіма. Але і ты, “Лістапад”, не кажы “Бывай”. Я веру, ты вернешся да нас са сваім халодным лісцем, са сваімі кіношнымі далонямі, якія штогод у канцы восені абдымаюць нас. Многія не разумеюць цябе, “Лістапад”, як можна абдымаць чалавека такімі далонямі. Але я разумею.

Я разумею цябе, “Лістапад”, табе было сёлета цяжка. Але, ведаеш, нішто не параўнаецца з адчуваннем чалавека з Усходняй Еўропы, калі ён знаёміцца з фільмамі такіх рэжысёраў, як Жан-П’ер і Люк Дардэны, Ксаўе Далан, Мішэль Гандры, Ежы Скалімоўскі, Хрысціян Мунджыу…

Дзякуй табе, “Лістапад”, за тое, што падарыў мне знаёмства з такімі рэжысёрамі, як літовец Андрус Бажавічус, датчанін Тыльдэ Харкамп, эстонец Элма Нюганен, азербайджанец Рафік Аліеў, фін Юха Куасманен, кітаец Сяаган Фэн, ізраільцянін Эрэз Пэры, немец Раду Жадэ, брытанец Ота Бэл, малайзіец Брэдлі Лью, японец Ёсёікі Кісі, славенец Жыга Вірц, філіпінец Лаў Дыяс, ліванец Мір-Жан Бу Шая, нарвежац Расмус А.Сівэртсэн, брытанец Кен Лоўч…

Колькі рэжысёраў было з самых розных краін — столькімі ж тварамі ты на нас і глядзеў, “Лістапад”.

Асаблівы дзякуй табе, “Лістапад”, за тое, што даў мне магчымасць сустрэцца і пагутарыць з нямецкім рэжысёрам Дамінікам Веселі. Гэта была насамрэч незабыўная сустрэча — з чалавекам, з рэжысёрам, з сапраўдным немцам…

Можаце верыць або не верыць, але лістападаўскае лісце ўсё-такі грэе. Асабліва калі атуляе цябе навокал: сыплецца на галаву, на плечы, на рукі. Быццам пры гэтым нешта кажа… Але не да канца зразумела — што.
Нейкая дзіўная недагаворанасць — гэта яшчэ адна характэрная рыса нашага фестывалю, таму і няма адчування, што ён заканчваецца.

Падай, “Лістапад”, падай… Але не кажы “Бывай”.

Асноўныя ўзнагароды ХХІІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”:

гран-пры “Золата “Лiстапада” — карціна “Лілі Лейн” вытворчасці Венгрыі, Германіі і Францыі (рэжысёр Бенедэк Флігаўф);

гран-пры “За найлепшы дакументальны фільм” — стужка “Прычасце” (Польшча) рэжысёра Ганны Замецкай;

прыз “Серабро “Лiстапада” ў намінацыі “Фільм як з’ява мастацтва” — фільм “Мімоза” (Марока, Іспанія, Францыя, Катар), рэжысёра Олівера Лакса;

прыз сімпатый гледачоў “Бронза “Лістапада” — фільм “Слава” (Балгарыя, Грэцыя) рэжысёраў Хрысціны Грозевай і Петара Вылчанава;

прыз “За лепшы фільм конкурсу ігравога кіно “Маладосць на маршы” імя народнага артыста СССР кінарэжысёра Віктара Турава — стужка “Заалогія” (Расія, Германія, Францыя) рэжысёра Івана Твярдоўскага;

прыз “За лепшы дакументальны фільм конкурсу маладога дакументальнага кіно” — работа з Ізраіля “Мой сябар, Яніў” рэжысёра Мааяна Шварца;

прыз “За лепшы мастацкі фільм” Нацыянальнага конкурсу — стужка “Душы мёртвыя” рэжысёра Віктара Красоўскага (Беларусь);

прыз “За лепшы дакументальны фільм” Нацыянальнага конкурсу — карціна “Саламанка” (Расія, Беларусь) рэжысёраў Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак;

прыз “За лепшы анімацыйны фільм” Нацыянальнага конкурсу — мультфільм “Даша і людаед” (Расія) рэжысёра Наталлі Сурыновіч;

прыз “За лепшы фільм” “Лістападзіка” — стужка “Мікроб і Бензін” (Францыя) рэжысёра Мішэля Гандры;

прыз сімпатый гледачоў “Залаты “Лістападзік” — фільм “Урок” (Азербайджан) рэжысёраў Рафіка Аліева і Джавіда Тавакула.

Некаторыя спецыяльныя прызы:

прыз Прэзідэнта Рэпублікі Беларусь “За гуманізм і духоўнасць у кіно” — фільм “Малітва ліры” (Японія) рэжысёраў Хіраюкі Куракавы і Міюкі Кавасакі;

спецыяльныя прызы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі “За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве” — фільмы “Марк Шагал. Пачатак” (Беларусь) Алены Пяткевіч і “Саламанка” (Расія, Беларусь) Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак;

спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў “Кіно без межаў” “За развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне сяброўства паміж народамі” — стужка “Запавет бацькі” (Кыргызстан) рэжысёраў Бакыта Мукула і Дастана Жапара.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота з архіва ХХІІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.