Фестываль маладзёжнай навукі

- 11:02Навіны рэгіёнаў

Гэта сапраўды захапляе навучэнцаў. Доказ гэтага — колькасць удзельнікаў і іх водгукі. У Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога ў адну з субот арганізавалі фестываль маладзёжнай навукі. Яго праграма была напоўнена прэзентацыямі, лекцыямі, майстар-класамі, кансультацыямі і гутаркамі, у якіх вучні маглі атрымаць адказы на свае пытанні.

Мерапрыемства сабрала больш за 180 чалавек з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Сярод іх былі не толькі старшакласнікі, але і навучэнцы сярэдніх класаў, якія займаюцца ў гуртках тэхнічнай творчасці і ўжо амаль канчаткова вызначылі свой шлях у будучую прафесію.

Фестываль складаўся з трох частак. Пачаўся ён з выставы навуковых і інавацыйных распрацовак студэнтаў ГДТУ імя П.В.Сухога, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і навучэнцаў Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Мэтай выставы было паказаць школьнікам кірункі тэхнічнага прагрэсу, а таксама пошукі студэнтаў-старшакурснікаў, магістрантаў, аспірантаў, якія займаюцца навукай.

Другая частка ўяўляла прэзентацыю аб’яднанняў па інтарэсах, якія сёння дзейнічаюць ва ўніверсітэце: “Робататэхніка”, “Камп’ютарнае і 3D-мадэляванне дэталей машын”, “Праграмаванне гульняў і дадаткаў на мове Java”, “Стварэнне сайтаў”. Акрамя таго, удзельнікам мерапрыемства расказалі пра сучасныя інструменты маркетынгу і PR-тэхналогіі.

Аб’яднанне па стварэнні вэб-сайтаў — адно з новых. Хутка адбудзецца першы выпуск яго наведвальнікаў. Мяркую, юнакі і дзяўчаты, якія прыйшлі ў гэты гурток, не пашкадуюць, бо яны атрымалі добрыя навыкі, а іх работы зроблены на даволі высокім узроўні.

Падчас фестывалю школьнікам прадставілі таксама новае аб’яднанне па інтарэсах прыродазнаўчага напрамку, якое пачало працаваць ва ўстанове зусім нядаўна, — “Прырода і камп’ютар”. Заняткі абяцаюць быць вельмі цікавымі, бо тут дзеці змогуць навучыцца рабіць прафесійныя фотаздымкі, апрацоўваць іх у спецыяльных праграмах, а таксама ладзіць палявыя экспедыцыі і даследаванні.

— Аб’яднанні па інтарэсах ва ўніверсітэце платныя, і мы разумеем, што не кожны можа дазволіць сабе іх наведваць, — адзначыў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГДТУ імя П.В.Сухога Сяргей Юрыс, — таму да супрацоўніцтва мы прыцягнулі Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Многае з таго, што ёсць у нас, ёсць і ў цэнтры. Там добрае абсталяванне і выдатныя кіраўнікі гурткоў.

Трэцяя частка суботняга мерапрыемства стала, бадай, самай цікавай для школьнікаў, бо яна складалася з майстар-класаў. Паслухаўшы, чым займаюцца ў гуртках, хлопцы і дзяўчаты маглі паназіраць за гэтым і нават паспрабаваць свае здольнасці ў тым ці іншым напрамку, задаць пытанні кіраўнікам аб’яднанняў і выкладчыкам, а таксама пры жаданні запісацца ў гурток, які спадабаўся.

Пакуль навучэнцы знаёміліся з развіццём навукі, арганізатары прапаноўвалі з карысцю правесці час і педагогам. Для настаўнікаў фізікі старшых класаў была арганізавана лекцыя-кансультацыя “Роля фізікі ў сучасных IT-тэхналогіях”, якую правёў дацэнт кафедры “Інфармацыйныя тэхналогіі” Андрэй Цытрынаў.

У гэты ж дзень у сценах палітэха праходзіў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў Hi-Tech у секцыі “Інжынерны дызайн CAD”, куды ўдзельнікі фестывалю пры жаданні таксама маглі завітаць.

— Калі мы арганізоўвалі фестываль маладзёжнай навукі, то ставілі адразу некалькі задач, — тлумачыць Сяргей Анатольевіч. — Па-першае, гэта арганізацыя вольнага часу дзяцей у шосты школьны дзень. Па-другое, прафесійная арыентацыя на творчыя, інжынерныя прафесіі і стымуляванне цікавасці школьнікаў да фізіка-матэматычных ведаў, да навуковай дзейнасці.

С.А.Юрыс упэўнены: калі ў дзіцяці ёсць магчымасць дакрануцца да нейкай дзейнасці, а тым больш паспрабаваць сябе ў ёй, то гэта можа быць добрым штуршком як у выбары любімага занятку, так і ў выбары прафесіі. Сюды ж, кажа Сяргей Анатольевіч, яшчэ трэба дадаць неабходнасць вывучаць замежныя мовы, бо сёння гэта важны складнік паспяховай працы і развіцця. Ды і падчас навучання ва ўніверсітэце веданне замежных моў дае магчымасць удзельнічаць у праграмах па абмене студэнтамі, а гэта каштоўны і цікавы вопыт.

Наталля ЛУТЧАНКА.