На мінулым тыдні ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў VІI Адкрыты міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без меж”, прысвечаны 85-годдзю НЦМТДіМ. Яго фіналістамі сталі больш за 860 творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў — а гэта звыш 7 тысяч таленавітых дзяцей, юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў з сямі краін свету. Як заўсёды, свята творчасці было выдатна арганізавана, а журы ацаніла кожнага канкурсанта і вылучыла найбольш моцных.
—Сёмы раз мы сабралі таленавітых дзяцей з усёй Беларусі, а таксама Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Украіны, Азербайджана і Італіі. Сёлета ўсе нашы канкурсанты прысвяцілі свае выступленні, сваю творчасць, прыгажосць, сяброўства, свае эмоцыі і фантазіі нашаму цэнтру-юбіляру, — акцэнтавала ўвагу мастацкі кіраўнік НЦМТДіМ Надзея Коршунава. — Зараз у нас былі 4 вялікія намінацыі: “Харэаграфія”, “Вакал”, “Інструментальны жанр” і “Тэатр моды”. Журы ацаніла высокі ўзровень падрыхтоўкі і выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў, сцэнічную культуру і касцюмы канкурсантаў. Асабліва іх парадавала, напрыклад, у намінацыі “Харэаграфія”, што народна-сцэнічны танец жыве і развіваецца.
Фестываль-конкурс “Творчасць без меж” — гэта месца сустрэчы таленавітых дзяцей з розных краін, новыя знаёмствы і незабыўныя эмоцыі, першыя крокі і поспехі будучых танцораў, спевакоў, музыкантаў, акцёраў і нават мадэльераў. Гэта спаборніцтва, якое дазваляе выявіць лепшых з лепшых — тых, хто ідзе насустрач сваёй мары. Гэта крэатыўныя ідэі і нумары, жывыя выступленні і неверагодны вопыт, новыя сябры і творчыя адкрыцці, свежыя эмоцыі і яркія ўражанні. І ўсё гэта пацвердзілі ўдзельнікі фэсту.
Сярэбраным прызёрам у намінацыі “Эстрадны танец” стаў узорны ансамбль эстраднага танца “Драйв” пад кіраўніцтвам Алены Ляснічай Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Хойнікаў. Яго 13-гадовая ўдзельніца Аліна Яваш, расказваючы пра свой калектыў і нумар “Весела танцуем” у стылі кантры, падкрэсліла, што яны ехалі па перамогу, а калі б не атрымалася, то штурмавалі б фэст зноў і зноў. “Конкурс “Творчасць без меж” карысны тым, што мы тут набіраемся вопыту, назіраючы за іншымі калектывамі, і разумення, што нам трэба дапрацаваць, — сказала дзяўчына. — Я пажадала б як фестывалю, так і нацыянальнаму цэнтру больш новых ідэй і ўдзельнікаў, каб яшчэ больш людзей займалася творчасцю, таму што творчасць — гэта развіццё сябе”.
А штогадовыя ўдзельнікі конкурсу — узорны ансамбль “Натхненне” на чале з Галінай Крапіўніцкай (НЦМТДіМ) — сталі пераможцамі ў дзвюх намінацыях: “Эстрадны танец” і “Сучасны танец”. Яны адзначылі, што сёлетні фестываль атрымаўся лепшым за папярэднія, таму што куды больш канкурсантаў, і “калі глядзіш, як танцуюць іншыя, прыходзіць натхненне і нараджаюцца новыя ідэі”. А віншуючы любімы цэнтр з юбілеем, пажадалі яму проста “жыць, тварыць і развівацца”.
У намінацыі “Тэатр моды” 1-е месца занялі таксама пастаянныя ўдзельнікі — узорная студыя юнага мадэльера “Жамчужына” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска. Выхаванкі прадэманстравалі сваю калекцыю касцюмаў “НЭП” з адмысловым сэнсам і наданнем старым рэчам новага жыцця:
“З простых рэчаў са шматгадовай гісторыяй мы ствараем новае эксклюзіўнае адзенне, — расказала прадстаўніца студыі Віялета Халатава. — Кожны раз вельмі хвалююча быць канкурсантамі, але мы заўсёды рады развівацца, знаходзіць нешта новае, удасканальваць свае мадэлі, паказваць іх людзям і радавацца адно за аднаго. “Творчасць без меж” — гэта фестываль добрых эмоцый і развіцця!”
Дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільчанка: “Штогод пашыраецца геаграфія конкурсу і павялічваецца колькасць удзельнікаў, што сведчыць пра папулярнасць нашага фестывалю-конкурсу “Творчасць без меж”.
Яшчэ адзін калектыў-пераможца — тэатр моды “Новы погляд” Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі — прадэманстраваў калекцыю “Плеткары”. “Косы і спляценні дамінантныя, да таго ж хадзіла шмат чутак у час стварэння гэтай калекцыі, таму ўсё супала, — патлумачыла кіраўнік тэатра Святлана Івашына назву калекцыі. — Фестываль — гэта ўнікальная магчымасць паказаць сябе і выйсці на сцэну, каб прадэманстраваць, што зроблена і які шлях пройдзены”.
Вось так фестываль-конкурс “Творчасць без меж” дае магчымасць знаёміцца з іншымі калектывамі, выказваць сябе і раўняцца на іншых, атрымліваць слушныя заўвагі ад прафесіяналаў, а яшчэ паказваць сваю душу праз творчасць.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.