Фестываль дружбы і талерантнасці

- 11:05Навіны рэгіёнаў

У Крупках упершыню прайшоў фестываль дружбы народаў. Праўда, замежных гасцей на ім не было — іх ролі выконвалі старшакласнікі ўстаноў адукацыі Крупскага раёна. Аднак гэта не перашкодзіла ўдзельнікам фестывалю пазнаёміцца бліжэй з культурай розных краін. Мерапрыемства “Разам дружная сям’я” арганізавалі ў Крупскім цэнтры дзіцячай творчасці.

У савецкія часы фестывалі дружбы народаў былі частай з’явай. Сёння іх не так многа, ды і паехаць, напрыклад, у Гродна, на фестываль нацыянальных культур атрымліваецца не ў кожнага школьніка. Між тым такія мерапрыемствы дапамагаюць выхоўваць у дзяцей талерантнасць, далучаць іх да багацця культур іншых народаў. Менавіта гэта і падштурхнула супрацоўнікаў Крупскага ЦДТ арганізаваць фестываль дружбы народаў.
“Дзякуючы такім мерапрыемствам у дзяцей фарміруецца паважлівае стаўленне да культуры, традыцый і звычаяў розных народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выхоўваецца цярпімасць да іншага ладу жыцця, думак, паводзін, каштоўнасцей”, — лічыць Ірына Уладзіміраўна Драніца, дырэктар Крупскага ЦДТ. Удзел у фестывалі прынялі 14 каманд амаль з усіх школ раёна. Кожная каманда павінна была прадставіць на фестывалі краіну, выхадцы з якой жывуць у Беларусі. Выбар каманды рабілі самі, вывучалі пэўную краіну і яе народ, а потым свае веды дэманстравалі на сцэне. Школьнікаў зацікавілі Грузія, Грэцыя, Індыя, Іспанія, Украіна, Японія, пяць каманд прадстаўлялі родную Беларусь.
Па ўмовах фестывалю, удзельнікам прапаноўваліся чатыры заданні. Першы конкурс — дэфіле ў народных касцюмах. Кожная каманда стварала для паказу мужчынскі і жаночы касцюмы. Дарэчы, амаль усё адзенне шылі самі: і індзійскія сары, і грэчаскія хітоны, і японскія кімано. Другое заданне патрабавала паказаць нацыянальны танец, песню ці абрад выбранай краіны. Госці мерапрыемства ўбачылі іспанскі танец з кастаньетамі, грузінскі танец з барабанамі, грэчаскі сіртакі, пачулі песні і вершы на ўкраінскай мове, пабывалі на японскай чайнай і на індзійскай шлюбнай цырымоніях. Хачапуры, варэнікі, сушы, бульбяныя клёцкі са скваркамі і іншыя прысмакі паспрабавалі члены журы ў трэцім конкурсе, дзе ўдзельнікі прадстаўлялі нацыянальныя стравы краін. Выконваючы апошняе конкурснае заданне, каманды прэзентавалі выбраныя краіны, стараліся коратка, але яскрава і змястоўна расказаць пра іх.
Па выніках конкурсных заданняў журы вызначала пераможцаў. Імі сталі дзве каманды — прадстаўніцы адной установы адукацыі, сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча. Навучэнцам і педагогам гэтай школы настолькі спадабалася ідэя правядзення фестывалю дружбы народаў, што напярэдадні аналагічнае мерапрыемства прайшло ў іх установе. Тады і былі выбраны дзве каманды для ўдзелу ў раённым мерапрыемстве.
Па рэакцыі ўдзельнікаў і гасцей фестывалю было відаць, што мерапрыемства прыйшлося ім даспадобы. Ды і ці можа не спадабацца паказ, дзе рэюць драконы, гучаць барабаны, на сцэну выходзіць віцязь у тыгравай шкуры і з’яўляецца тандыр? У Крупскім ЦДТ плануюць зрабіць мерапрыемства штогадовым, каб беларускія школьнікі даведаліся пра ўсе народы на Зямлі.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Крупскім ЦДТ.