Фестываль традыцыйны, падыход інавацыйны

- 10:40Навука і інавацыі

Тры насычаныя дні, больш за дваццаць разнастайных мерапрыемстваў і звыш тысячы наведвальнікаў — завяршыўся ІV Магілёўскі фестываль навукі, які сабраў на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Грузіі, Польшчы, Чэхіі, Аргенціны. У праграму грандыёзнага навуковага свята ўвайшлі выставы, конкурсы, алімпіяды, круглыя сталы, лекцыі і семінары вядучых выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў устаноў вышэйшай адукацыі — як беларускіх, так і замежных.

— Фестываль праходзіць ужо чацвёрты раз, — расказаў прарэктар па навуковай рабоце БРУ, доктар тэхнічных навук, дацэнт Віктар Міхайлавіч Пашкевіч. — Нягледзячы на тое, што дата пакуль не юбілейная, кожны год мы прыбаўляем і развіваемся: у праграму ўключаюцца новыя мерапрыемствы, павялічваецца колькасць наведвальнікаў, пашыраецца кола ўдзельнікаў.

Традыцыйна фестываль адкрыла выстава-дэманстрацыя “Навука ўчора і сёння”, на якой былі прадстаўлены перадавыя тэхналогіі і навуковыя распрацоўкі, а таксама работы гурткоў дзіцячай тэхнічнай творчасці. Наведвальнікі знайшлі тут шмат інфармацыі, цікавай не толькі для моладзі: распрацоўкі ў IT-сферы, галіне механікі, мехатронікі, робататэхнікі… Упершыню ў выставе прынялі ўдзел партнёры Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, у тым ліку іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі Магілёўскай вобласці. Усяго было прадстаўлена каля 40 экспазіцый, а гэта больш за 100 экспанатаў.

Трэці год запар у рамках Магілёўскага фестывалю навукі праходзіў конкурс-выстава дзіцячага малюнка “Я малюю навуку”, які ўжо набыў статус рэспубліканскага. Яго ўдзельнікамі сталі 200 школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў з Магілёўскай і Мінскай абласцей, а таксама з Гомеля. У фінал выйшлі 80 малюнкаў, з якіх кампетэнтнае журы адабрала 15 пераможцаў у 5 намінацыях: “Навука вачыма дзяцей”, “Партрэт вучонага і яго дасягненні”, “Горад будучыні”, “Дасягненні навукі на карысць чалавецтва”, “Вынаходкі будучыні”.

Па словах арганізатараў, перад імі стаяла задача зацікавіць школьнікаў, прыцягнуць іх увагу да навуковай дзейнасці. Пры дапамозе фантазіі і сродкаў выяўленчага мастацтва — акварэлі, гуашы, каляровых алоўкаў — дзеці рэалізавалі ў сваіх малюнках шмат новых ідэй і чарговы раз даказалі, што ўнутраны свет дзіцяці яркі, багаты і разнастайны. Менавіта таму журы ацэньвала не столькі рэалістычнасць намаляванага, колькі агульную канцэпцыю і сэнсавую нагрузку прадстаўленай на конкурс работы.

У Міжнародным конкурсе даследчых работ навучэнцаў “Гульні розуму”, які таксама ўвайшоў у праграму фестывалю, удзельнічалі навучэнцы 7—11 класаў з больш як 90 навучальных устаноў Беларусі і Таджыкістана (Душанбэ). Усяго было прадстаўлена каля 180 навуковых работ у чатырох секцыях: “Матэматыка, інфарматыка, праграмаванне”, “Фізіка, астраномія”, “Хімія, біялогія, экалогія, геаграфія”, “Тэхнічная творчасць”. У фінал выйшлі 67 праектаў з 26 гарадоў.

У рамках фінансавага форуму прайшла алімпіяда па фінансавай дасведчанасці, фінансавым рынку і абароне правоў спажыўцоў фінансавых паслуг. Яе ўдзельнікамі сталі школьнікі з Магілёва, Мінска і Магілёўскай вобласці. Акрамя таго, у праграму форуму ўвайшлі лекцыя-дыспут на тэму “Банкаўская сістэма Рэспублікі Беларусь у лічбавай эканоміцы” і майстар-клас “Кіраванне асабістымі фінансамі”.

Не абышлося і без візітнай карткі фестывалю навукі — Міжнароднай алімпіяды па матэматыцы MathOpen — 2018, якая старэйшая за сам фестываль на цэлых 5 гадоў. На гэты раз інтэлектуальны выклік прынялі каля 50 студэнтаў і аспірантаў. Ім было прапанавана на працягу 5 гадзін рашыць 30 звышскладаных задач. Па выніках спаборніцтваў абсалютным пераможцам стаў студэнт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Будзімір Баеў. Спецыяльным прызам ад партнёраў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і арганізатараў фестывалю навукі ўзнагароджаны студэнт універсітэта Буэнас-Айрэса Лаутара Дэкара.

Міжнародная адкрытая алімпіяда БРУ па начартальнай геаметрыі і чарчэнні GRAPHO — 2018 стала чарговым этапам магілёўскага фестывалю. У ёй прынялі ўдзел 24 студэнты з УВА Беларусі і Расіі ў секцыі “Начартальная геаметрыя”, а таксама 48 школьнікаў з Магілёва ў секцыі “Чарчэнне”. У камандным заліку па начартальнай геаметрыі дыпломам I ступені ўзнагароджана каманда Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, якая аб’яднала кафедры інжынернай графікі машынабудаўнічага і будаўнічага профіляў. У асабістым заліку пераможцам стаў студэнт першага курса гэтай установы адукацыі Іван Глушанін. У катэгорыі па чарчэнні лепшай прызнана каманда сярэдняй школы № 2 Магілёва. У асабістым заліку дыпломам I ступені ўзнагароджаны вучань магілёўскай сярэдняй школы № 40 Павел Яфімаў.

Абласная рэгіянальная камандная алімпіяда студэнтаў і школьнікаў па праграмаванні сярод каманд устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі таксама ўвайшла ў праграму. У спаборніцтве прынялі ўдзел студэнты магілёўскіх устаноў вышэйшай адукацыі, а таксама школьнікі з Бабруйска і абласнога цэнтра. Перамога дасталася камандзе гімназіі № 2 Магілёва.

— Фармат нашага фестывалю адбыўся, і ён правераны часам, — упэўнены Віктар Пашкевіч. — Галоўнае, што на ўсіх мерапрыемствах фестывалю прысутнічае многа мо-ладзі, якой не ўсё роўна, чым дыхае сучасная навука і як сёння развіваецца наша цывілізацыя. І гэта вельмі важна, бо навуковая дзейнасць заключаецца не толькі ў тым, каб сядзець у лабараторыі, займацца адкрыццямі і шукаць для сябе новыя заканамернасці. Навука — гэта яшчэ і ўзнаўленне кадраў. Моладзь, якая цікавіцца навукай і ідзе ў гэтым кірунку, безумоўна, наш залаты фонд. Фестываль навукі — якраз тое мерапрыемства, дзе старэйшае пакаленне выкладчыкаў і навукоўцаў можа падзяліцца сваімі напрацоўкамі, вопытам, прадэманстраваць моладзі сучаснае абсталяванне і найноўшыя тэхналогіі, выклікаць цікавасць да навуковай дзейнасці.

Таксама Віктар Міхайлавіч адзначыў, што фестываль не толькі стымулюе моладзь да заняткаў навукай, садзейнічае прафарыентацыі і павышае імідж навукова-педагагічнай дзейнасці, але і дае істотны штуршок у развіцці самім заснавальнікам — Беларуска-Расійскаму ўніверсітэту. Так, за апошнія чатыры гады ўстанова адукацыі сур’ёзна прасунулася ў гэтым кірунку — на яе базе адкрыліся 6 новых лабараторый з самым сучасным абсталяваннем. Прычым гэтыя лабараторыі, або “кропкі росту”, як іх яшчэ называюць ва ўніверсітэце, зрабілі добрую заяўку на беларускім і замежных рынках.

У дадатак Віктар Міхайлавіч адзначыў, што Беларуска-Расійскі ўніверсітэт штогод выконвае вялікі аб’ём навуковых работ, прычым з моманту заснавання ўстановы і да нашых дзён тут захавана накіраванасць у бок прыкладных даследаванняў для рэальнага сектара эканомікі. У першую чаргу гэта распрацоўкі ў галіне зваркі, прыбора- і машынабудавання і гэтак далей. Арганізацыя традыцыйна лічыцца ў Беларусі галаўной у галіне выбухаабароненага абсталявання, а нядаўна яна стала забяспечваць навуковае суправаджэнне пры будаўніцтве Беларускай АЭС.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.