Фестываль «Творчасць без меж» аб’яднаў юных танцораў, спевакоў і інструменталістаў з розных краін

- 16:22АРТ-квартал

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі праходзіць IX Адкрыты міжнародны фестываль-конкурс «Творчасць без меж». У ім прымаюць удзел калектывы і выканаўцы ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Кітая, Кыргызстана,  паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Ініцыятарам і арганізатарам фестывалю выступіла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Дырэктар установы Надзея Васільчанка перад пачаткам канцэрта ў дзень адкрыцця фестывалю акцэнтавала ўвагу, што такое маштабнае міжнароднае мерапрыемства праходзіць у Беларусі ўжо 9 раз.

— Гэта значыць, што яно вельмі запатрабавана і педагогамі, і дзецьмі, і бацькамі, — сказала яна. — Усяго ў адборачным туры ўдзельнічала больш за 5 тыс. дзяцей, а за 4 дні конкурсу на нашай пляцоўцы выступяць каля 2,5 тыс. удзельнікаў. Фестываль-конкурс праходзіць у жанрах «Харэаграфія», «Вакал», «Інструментальны». У кожным з іх некалькі намінацый.

У журы — заслужаныя работнікі адукацыі і культуры, вядомыя спевакі, кампазітары, музыканты. Сярод іх прызнаны аўтарытэт у галіне фальклору і народных танцаў мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч.

— Я шмат разоў быў на розных фестывалях, уваходзіў у склад журы, — адзначыў ён. — Галоўнае, на што заўсёды звяртаю ўвагу — каб усё ў нумары спалучалася паміж сабой: танцы, музыка, касцюмы. Тады ўсё будзе добра.

Першы конкурсны дзень фестывалю адкрыўся выступленнямі ў жанры «Харэаграфія». У зале, дзе адбываліся рэпетыцыі, было горача: артысты рыхтаваліся, хваляваліся, у вачах стракацела ад прыгожых яркіх касцюмаў.

— Мы прыехалі з горада Рагачова Гомельскай вобласці, вельмі спадзяёмся на перамогу, бо так рыхтаваліся! — эмацыянальна заўважыў сямікласнік Яўген Іваноў, які прадстаўляе ўзорную харэаграфічную студыю «Мілата» Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, педагог-кіраўнік — Юлія Цындрэнка. — Мы прывезлі два нумары — «Вясковыя гульні» і «Таўкачыкі». Я заўсёды хацеў танцаваць, і мая будучая прафесія, напэўна, будзе звязана з гэтай сферай.

А вось Мелання Хаполь з Брэста перад канцэртам рэпеціруе народны танец».

— Я ўжо так натрэніравалася, што амаль не хвалююся, — прызналася яна. — Займаюся народнымі танцамі 4 гады, зараз прыехала з нашым ансамблем народнага танца «Злаціца». Вучуся ў 8 класе сярэдняй школы № 10 Брэста. Прадстаўляем Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста, з намі кіраўнік Юлія Іванчук. Наш узорны ансамбль — лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Танцамі марыла займацца з дзяцінства, мне вельмі падабаецца. А яшчэ гэта цудоўная магчымасць вандраваць разам з калектывам па розных краінах, знайсці добрых сяброў.

Апошні дзень фестывалю-конкурсу «Творчасць без меж» — 3 лістапада. Тады будуць вядомы пераможцы і прызёры ва ўсіх намінацыях.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара