Фестываль юных прадпрымальнікаў

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Свае першыя крокі ў бізнесе можна зрабіць яшчэ ў школе. Гэта добра ведаюць школьнікі Мінскай вобласці, бо ва ўстановах рэгіёна распаўсюджана такая з’ява, як навучэнскія бізнес-кампаніі. Сёлета прайшоў Другі абласны фестываль для юных бізнесменаў і прадпрымальнікаў.

Школьныя бізнес-кампаніі — кампаніі па вырабе разнастайнай прадукцыі і аказанні паслуг. Працуюць у іх толькі навучэнцы: самі генерыруюць ідэі, вырабляюць і рэалізоўваюць тавары ці паслугі, займаюцца рэкламай і вядуць дакументацыю. Зразумела, ёсць у іх і дарослы кіраўнік з ліку супрацоўнікаў установы, але яго задачы — назіраць і дапамагаць. Удзел у бізнес-кампаніі для дзяцей — гэта магчымасць атрымаць першыя навыкі прадпрымальніцтва.

— Дзякуючы бізнес-кампаніям, навучэнцы атрымліваюць шырокі спектр эканамічных ведаў, — расказвае прарэктар Мінскага абласнога ІРА па навукова-метадычнай рабоце Марына Аляксееўна Краснова. — Мы рэкамендуем ствараць такія кампаніі ў тых установах, дзе праводзяцца факультатывы эканамічнай накіраванасці. Так дзеці атрымліваюць сістэмныя эканамічныя веды і рэалізоўваюць іх на практыцы ў бізнес-кампаніях. Навучэнцы пачынаюць разумець, наколькі сур’ёзны занятак — вядзенне ўласнай справы, колькі трэба ведаць, каб мець поспех. Многія дзеці дзякуючы ўдзелу ў бізнес-кампаніях вызначаюцца і з будучай прафесіяй. Для штодзённага жыцця атрыманыя веды таксама будуць карысныя.

Першыя 4 бізнес-кампаніі ва ўстановах Міншчыны пачалі дзейнічаць у 2011 годзе. Сёння іх ужо 137. У дзяцей з’явілася мноства цікавых прадпрымальніцкіх ідэй, якімі яны дзяліліся на фестывалі. Кампаніі выпускаюць і рэалізоўваюць сувенірную, паліграфічную, тэкстыльную прадукцыю, вырошчваюць для продажу расаду, вяжуць венікі, шыюць адзенне і скураныя сумкі, вырабляюць тратуарную плітку, арганізоўваюць экскурсійныя праграмы і інш. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама і МАІРА пры падтрымцы Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Фестываль праходзіў у два этапы. На першым — завочным — этапе экспертная група ацэньвала 49 бізнес-планаў кампаній, што дзейнічаюць у розных рэгіёнах вобласці. 27 бізнес-кампаній прайшлі ў другі этап і прэзентавалі сябе ў фінале абласнога фестывалю, які прайшоў у МАІРА. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Жодзіна, 12 раёнаў Міншчыны, а таксама госці з Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Распачаўся фестываль стэндавым прадстаўленнем бізнес-кампаній. Іх удзельнікі расказвалі экспертнай групе, як арганізавана работа кампаніі, які даход яна прыносіць, паказвалі бізнес-планы, штатны расклад, службовыя інструкцыі супрацоўнікаў, дзяліліся ідэямі па далейшым развіцці. Пазней гэтай і іншай інфармацыяй удзельнікі фестывалю дзяліліся адзін з адным і з усімі гасцямі мерапрыемства. Кірмаш-продаж вырабленай бізнес-кампаніямі прадукцыі стаў не толькі гандлёвай пляцоўкай, але і пляцоўкай для зносін і знаёмства.

Фестываль меў таксама і асветніцкую функцыю: праграма была насычана разнастайнымі вучэбнымі мерапрыемствамі. Удзельнікам прапаноўваўся шэраг майстар-класаў: сакрэты паспяховага выбару лагатыпа і слогана для кампаніі раскрыла Марына Мікалаеўна Найдовіч, дырэктар дырэкцыі інкубатара малога прадпрымальніцтва ЗАТ “МАП ЗАТ”. Майстар-клас “Як стварыць свой бізнес” правёў Ігар Мікалаевіч Саявец, дырэктар інкубатара малога прадпрымальніцтва ТАА “З намі будучыня”. “Набіраем персанал: камунікатыўны трэнінг” падрыхтавала і правяла Юлія Іванаўна Сяргеева, дацэнт кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Таксама навучэнцы сустрэліся з Глебам Герасімовічам, кіраўніком праекта “Стартап-школа”, які расказаў пра складанасці, з якімі сутыкаюцца маладыя прадпрымальнікі. У рамках фестывалю былі арганізаваны майстар-класы і для кіраўнікоў школьных бізнес-кампаній.

Па выніках работы экспертнай камісіі лепшыя бізнес-кампаніі былі ўзнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі ў чатырох намінацыях. Так, лепшая бізнес-ідэя, на думку журы, у бізнес-кампаній “БелАрт” Петкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Дзяржынскага раёна. Узнагароджана ў гэтай намінацыі таксама “Грашовае дрэва” Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна і “Эргана” Капыльскага дзяржаўнага каледжа. Найбольш поўна і цікава аб сваёй справе расказалі прадстаўнікі згаданай вышэй кампаніі “БелАрт” і кампаніі “Чараўніца” Красненскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна. Яны атрымалі спецыяльны дыплом у намінацыі “Лепшая прэзентацыя бізнес-кампаніі”.

У намінацыі “Эфектыўнае прасоўванне, тавару, які вырабляеецца, або паслугі, якая аказваецца” перамаглі бізнес-кампаніі “Утульны дом” сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна і “Гаспадар” Жыцькаўскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна. Найбольш якасны бізнес-план, па меркаванні экспертаў, прадставілі кампаніі “Меркурый” Рассветаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна і “Школьная кампанія 10+” Бараўлянскай гімназіі Мінскага раёна.

Удзельнікі бізнес-кампаній вучацца многаму, у тым ліку яны пачынаюць лепш разумець, што можа прынесці карысць і поспех, што варта інвестыцый. Юныя прадпрымальнікі добра ведаюць: галоўнае, што яны атрымліваюць ад удзелу ў бізнес-кампаніях, — гэта не заробак, а веды, уменні і вопыт. Час, што яны трацяць на бізнес-кампаніі, — цудоўная інвестыцыя ў сваю будучыню.

Дар’я Рэва.
Фота аўтара.