Фестывальны тыдзень завяршыўся

- 10:44Актуально, Апошнія запісы

У Сочы завяршыўся Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. 30 тысяч маладых людзей ад 18 да 35 гадоў з усяго свету правялі фестывальны тыдзень на Чарнаморскім узбярэжжы. Яго напоўнілі сустрэчы, лекцыі, семінары, сумесныя праекты… Сказаць, што гэты тыдзень быў насычаным, — не сказаць нічога.

Паветра тут было прасякнута ідэяй, што маладым усюды дарога. Сотні праектаў — ад валанцёрства да атамнай энергетыкі, якія былі прадстаўлены ў Сочы, былі аб’яднаны адной мэтай — будаўніцтва будучыні. Якім яна будзе — залежыць ад кожнага, хто быў на фестывалі.

Аснову фестывалю склала навукова-адукацыйная праграма. Спікерамі сталі матывацыйны прамоўца Нік Вуйчыч, генеральны дырэктар Сусветнага фонду абароны дзікай прыроды (WWF) Марка Ламберціні, дырэктар па знешняй палітыцы Google Аўні Доран, пісьменнік Фрэдэрык Бегбедэр, генеральны сакратар ФІФА Самура Фатма і інш.

У адукацыйных мерапрыемствах, аб’яднаных тэмай “Будучыня навукі і глабальнай адукацыі”, маладыя людзі прадставілі прарыўныя тэхналогіі будучыні, паразважалі, як стаць нобелеўскім лаўрэатам, абмеркавалі бар’еры для маладых вучоных у навуцы, расказалі, як яны бачаць будучыню навукі і сферы адукацыі, абмеркавалі перавагі квантавага прарыву, лічбавай трансфармацыі, развіцця транспартных тэхналогій і інш.

22 кастрычніка дэлегацыя Беларусі вярнулася з Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы. Беларуская дэлегацыя была адной з самых прадстаўнічых, у яе склад увайшлі 300 чалавек. Гэта маладыя людзі з усіх абласцей і Мінска, члены найбуйнейшых маладзёжных арганізацый.

Кожны ўдзельнік фестывалю выбіраў самую цікавую для сябе адукацыйную праграму. Так, будучыя архітэктары абмяркоўвалі выклікі і перспектывы ў сферы архітэктуры, урбаністыкі, дызайну, паразважалі, куды прывядзе свет сучасная мода, і інш. Захопленыя экалогіяй на сустрэчах, спікерам на якіх выступаў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак, выказалі свае прапановы для захавання біяразнастайнасці, паразважалі, ці выратуюць свет экалагічныя трэнды, прэзентавалі сваё бачанне экалагічнага стану планеты ў будучыні. У маладзёжным медыяцэнтры разгарнуліся дыскусіі наконт праўды і хлусні ў сучаснай журналістыцы, наконт таго, як трэба весці барацьбу за ўвагу і як правільна прыцягнуць аўдыторыю. Свая тэрыторыя была і ў валанцёраў: яны абмеркавалі, як з дапамогай творчасці дапамагаць тым, каму неабходна дапамога, прадставілі сваім калегам з розных краін свету інклюзіўныя валанцёрскія практыкі, на прыкладзе рэальных гісторый расказалі пра работу ў зонах гуманітарных крызісаў. Абараняць свет моладзь вучыў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Разам з ім юнакі і дзяўчаты выбудоўвалі ўласны погляд на стратэгіі развіцця сваіх краін, шукалі новыя мадэлі кіраўніцтва дзяржавай і абмяркоўвалі, як яны самі могуць прымаць уд зел у кіраўніцтве дзяржавай. Маладыя людзі напоўніцу акунуліся ў такія выбраныя імі прафесійныя сферы, як авіяцыя будучыні, сусветная чыгунка і інш.

“Сочы сустрэў нас вельмі негасцінным надвор’ем — мы прамоклі і змерзлі ў першы дзень, але ўражанні выправіла тое, што адбывалася на пляцоўках, на семінарах, на канцэртах, — дзеліцца Павел Ялавы, студэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. — Выкарыстоўваючы магчымасць і тое, што кожны выбудоўваў сам уласную адукацыйную праграму, я пабываў на мерапрыемствах усіх кірункаў — ад экалогіі да палітыкі. Акрамя напаўнення, мне спадабалася, што спікерамі на мерапрыемствах па ўсіх кірунках былі вядомыя людзі. У межах фестывалю праводзіўся і міжнародны маладзёжны кінафорум, на якім прэзентавалі свае фільмы знакамітыя рэжысёры з усяго свету. Вечарамі і нават днём праводзіліся канцэрты, спектаклі з удзелам зорак сусветнага маштабу”.

Настасся Лапко, навуковы супрацоўнік інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пераможца Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, прывезла з фестывалю не толькі ўражанні, але і перамогу ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “21 стагоддзе. Моладзь інтэлекту” ў намінацыі “Здароўе нацыі”, на якой яна прадставіла свой праект па стварэнні спецыяльнага сарбенту, які выкарыстоўваецца ў экстракарпанальнай медыцыне. “Мая распрацоўка дапаможа людзям, якія маюць захворванні аўтаімуннай прыроды. Пры гэтых захворваннях, якія маюць 80 форм і якімі хварэюць 5—7 працэнтаў насельніцтва, імунная сістэма паўстае супраць самога сябе, атакуючы свае органы і выдзяляючы антыцелы. З дапамогай майго метаду арганізм хворага пазбаўляецца ад антыцел і тым самым аблягчае працяканне захворвання, ад якога, на жаль, пазбавіцца немагчыма”, — тлумачыць Настасся.

Фестываль дапамог дзяўчыне не толькі пазнаёміць яго ўдзельнікаў са сваімі распрацоўкамі і распрацоўкамі сваіх калег з іншых краін свету, але і намеціць планы на сумесныя распрацоўкі, бо, па меркаванні дзяўчыны, медыцына — той кірунак, дзе таямніцы непатрэбны: чым больш людзей працуе над вырашэннем канкрэтных медыцын-скіх праблем, тым хутчэй будзе вынік. З Сочы Настасся вярнулася, значна папоўніўшы запісную кніжку тэлефона новымі кантактамі людзей, якія працуюць у сумежнай галіне, і з дамовамі аб супрацоўніцтве. У асноўным гэта калегі з розных рэгіёнаў Расіі — пра сур’ёзныя рэчы зручней гаварыць на адной мове.

У спорце таксама людзі гаварылі на адной мове: спаборніцтвы па футболе і баскетболе, картынгу, скейтбордынгу, ралі-марафон, велагонка, сімвалічны крос на 2017 метраў, майстар-класы ад Федэрацыі танцавальнага спорту і акрабатычнага рок-н-рола, масавыя катанні на каньках, працавалі зоны экстрэмальных і нацыянальных відаў спорту, камп’ютарнага спорту і інш.

Насычанай была і культурная праграма: джазавы фестываль і фестываль сучаснай музыкі, канцэрт Сусветнага маладзёжнага сімфанічнага аркестра, Дзень нацыянальных культур. Акунуцца ў беларускую культуру дэлегаты з Беларусі прапанавалі, праспяваўшы ўсёй планетай песні беларускіх спевакоў.

Беларуская дэлегацыя правяла падчас фестывалю шэраг двухбаковых сустрэч. У асноўным гэта праекты ў сферы адукацыі. У прыватнасці, на палях фестывалю міністр адукацыі Ігар Карпенка правёў перамовы з кіраўніцтвам профільных міністэрстваў Кубы, Індыі, Калінінградскай вобласці Расіі. Кубінскі бок, напрыклад, запрасіў Беларусь на міжнародны кангрэс, які збярэ ў Гаване ў пачатку 2018 года міністраў адукацыі і рэктараў УВА з усяго свету. Была падпісана праграма развіцця супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, а таксама заключаны дадатковыя дагаворы паміж рэктарамі беларускіх і кубінскіх УВА. З Індыяй падпісаны план мерапрыемтваў у галіне маладзёжнай палітыкі, які прадугледжвае ў тым ліку і ўдзел Беларусі ў буйным адукацыйным форуме. На перамовах з дэлегацыяй Краснадарскага краю дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі абмену студэнцкімі атрадамі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.