Філіялы кафедр у ПВТ — больш высокая ступень збліжэння ўніверсітэтаў з вытворчасцю

- 11:41Актуально, Навіны
У Парку высокіх тэхналогій урачыста адкрылі філіялы адразу шасці кафедр БДУ і БДУІР. Гэты ўнікальны праект, які рэалізавала кампанія “ЭПАМ Сістэмз”, дазволіць дапоўніць тэарэтычныя веды студэнтаў практычнымі навыкамі, а ў выніку — спрасціць адаптацыю дыпламаваных спецыялістаў і павысіць іх канкурэнтаздольнасць на ІТ-рынку.

Філіялы кафедр двух універсітэтаў пачнуць працаваць у верасні на базе Адукацыйнага цэнтра ПВТ, дзе для гэтага спецыяльна абсталявалі памяшканні. Свае падраздзяленні ў парку займелі кафедры бія- і нанамеханікі, вэб-тэхналогій і камп’ютарнага мадэлявання, функцыянальнага аналізу механіка-матэматычнага факультэта БДУ, а таксама праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій, электронных вылічальных машын, інфарматыкі факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР.
Для Парка высокіх тэхналогій выбудоўванне цеснага ўзаемадзеяння з установамі адукацыі — ужо традыцыя. Як вядома, кампаніі-рэзідэнты адкрылі нямала лабараторый ва ўніверсітэтах. У БДУІР, напрыклад, разам з ІТ-прадпрыемствамі створаны 32 вучэбна-навукова-вытворчыя лабараторыі. “Гэта ўклад у агульную справу падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў для краіны, таму што кампанія, якая стварае лабараторыю, бярэ на работу толькі частку выпускнікоў, а ўмовы навучання паляпшае для ўсіх”, — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі ў ПВТ рэктар БДУІР Міхаіл Батура.
Акрамя таго, універсітэт мае на гэты момант 26 філіялаў кафедр на вытворчасці. Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў, што колькасць такіх падраздзяленняў на прадпрыемствах расце, але адкрыццё філіялаў у ПВТ — асаблівы выпадак. Ён азначае, што адукацыйная дзейнасць перамяшчаецца на вытворчасць, а гэты працэс знаходзіцца яшчэ ў самым пачатку. Для студэнтаў надзвычай карысна вучыцца ў прафесійным асяроддзі, вырашаць рэальныя прыкладныя задачы, лічыць міністр.
Адкрыццё філіялаў універсітэтаў на базе парка — сапраўды іншы маштаб супрацоўніцтва і больш высокая ступень збліжэння вышэйшай адукацыі і ІТ-індустрыі. Як лічаць у ПВТ, новы механізм узаемадзеяння дазволіць адукацыі больш аператыўна рэагаваць на патрэбы рынку працы і ўносіць неабходныя карэктывы ў вучэбны працэс. Напрыклад, работа філіялаў мае на ўвазе ўдзел спецыялістаў ІТ-кампаній у падрыхтоўцы вучэбных праграм і матэрыялаў.
На думку дырэктара адміністрацыі ПВТ Валерыя Цапкалы, узаемны ўлік патрэб ІТ-бізнесу і сістэмы адукацыі стане залогам далейшага паспяховага развіцця парка, як некалі цесны кантакт знакамітага Стэнфардскага ўніверсітэта з хайтэк-кампаніямі прывёў да бурнага развіцця высокіх тэхналогій у Крэмніевай даліне ЗША. Зараз беларускі ПВТ налічвае 124 кампаніі-рэзідэнты і каля 15 тысяч супрацоўнікаў.
Што да “ЭПАМ Сістэмз”, то кампанія назапасіла значны вопыт у арганізацыі вучэбнага працэсу: яе лабараторыі адкрыты ў вядучых установах вышэйшай адукацыі не толькі сталіцы, але і рэгіёнаў. Усяго іх 27.
“У свой час “ЭПАМ”, які стаў першым рэзідэнтам ПВТ, устанавіў высокую планку прафесіяналізму для беларускіх праграмістаў і адпаведна для сістэмы адукацыі, — сказаў Валерый Цапкала. — Патрэбны былі спецыялісты, якія валодалі б самымі сучаснымі тэхналогіямі і маглі распрацоўваць камп’ютарныя праграмы, запатрабаваныя на сусветным рынку”.
Нядзіўна, што “ЭПАМ” стаў ініцыятарам супрацоўніцтва з універсітэтамі. На гэты момант кампанія працуе з 11 установамі вышэйшай адукацыі нашай краіны, ствараючы істотныя перавагі для студэнтаў.
“Ва ўсім свеце ёсць разрыў паміж тым, чаму вучаць у вышэйшай школе і што патрабуецца на вытворчасці”, — адзначыў заснавальнік і кіраўнік “ЭПАМ Сістэмз” Аркадзь Добкін. Ён прыхільнік такога падыходу вядучых заходніх універсітэтаў, калі студэнты апошніх двух курсаў ад 25 да 50 % вучэбнага часу праводзяць у кампаніях. Магчыма, праз філіялы кафедр у ПВТ і ў Беларусі ўдасца наблізіцца да падобнай мадэлі падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў.

Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.