Фінансава падкаваныя

- 12:05Навіны рэгіёнаў

Абласны этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў прайшоў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

На абласны ўзровень выйшаў 51 школьнік з 47 устаноў адукацыі. Усе яны сталі пераможцамі раённых этапаў. Усяго  ў раёнах вобласці ў алімпі­ядзе прынялі ўдзел 464 вучні старшых класаў з 218 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзеншчыны. Арганізатарамі абласнога этапу алімпіяды выступілі галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і ГрАІРА.

— Чарговы раз алімпіяда па фінансавай дасведчанасці, а праходзіць яна з 2014 года, паказала, што вучні не толькі з буйных гарадоў, але і з сельскіх школ валодаюць добрымі ведамі, а значыць, у школах удзяляюць увагу павышэнню фінансавай дасведчанасці сваіх вучняў, — адзначыла начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Мячына. — Цікава, што ў раённых этапах большасць удзельнікаў складалі дзяўчаты, а сярод пераможцаў, якія прадставілі свае рэгіёны на абласным узроўні, — больш юнакоў.

Удзельнікі алімпіяды павінны былі выканаць тэсты з 30 пытанняў з агульным балам 100, а таксама творчае заданне. Яны паказалі свае фінансавыя веды, адказваючы на пытанні па тэмах “Асабістыя фінансы”, “Зберажэнні, уклады”, “Лічбавы банкінг”, “Нацыянальны банк”, “Страхаванне”, “Падаткі і зборы”, “Інвестыцыі”, “Запазычанні”, “Наяўныя грошы”, “Фінансавая матэматыка”.

На выкананне алімпіядных заданняў давалася ўсяго гадзіна. А вынікі тэстаў разглядала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты банкаў, метадысты і выкладчыкі абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Нацыя­нальнага банка Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці — начальнік эканамічнага ўпраўлення Алена Мартынава ўручыла падарункі пераможцам раённага этапу алімпіяды. Заахвочвальнымі прызамі ад ААТ Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк” і “БПС-Ашчадбанк” былі ўзнагароджаны ўсе навучэнцы, якія перамаглі ў сваіх раёнах і прынялі ў­дзел у абласным этапе.

Вызначаны пераможцы абласнога этапу алімпіяды. 1-е месца заняў навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 1 Карэліч Арцём Карп, на 2-м — навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 8 Ліды Настасся Більдзь. Дарэчы, яны набралі па 84 балы. Каб вызначыць пераможцу, журы прапанавала ім выканаць дадатковае, 31-е, заданне творчага характару. Па выніках гэтага задання і быў выбраны пераможца. 3-е месца заняла вучаніца 11 класа Гродзенскай гарадской гімназіі Ксенія Бельская.

Як падкрэслілі арганізатары, алімпіяда праводзіцца не толькі з мэтай павышэння фінансавай дасведчанасці, але і як адна з новых форм прафесійнай арыентацыі навучэнцаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Кацярыны САЗАНОВІЧ.