Фінансы любяць разумных

- 10:47Навіны рэгіёнаў

Каб навучыцца зарабляць і з розумам распараджацца грашыма, неабходна валодаць трывалымі ведамі ў сферы фінансаў. У гэтым поўнасцю перакананы кожны з удзельнікаў абласнога тура Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, які днямі адбыўся на Магілёўшчыне.

Алімпіяда аб’яднала звыш 80 навучэнцаў 10—11 класаў з усіх раёнаў вобласці. Кожны раён прадстаўляла міні-каманда з трох школьнікаў, якія сталі лепшымі па выніках мясцовых, рэгіянальных тураў.

Ступень падрыхтоўкі вучняў да інтэлектуальнага спаборніцтва правяралася пры дапамозе тэставых заданняў і напісання эсэ. Па словах намесніка начальніка эканамічнага ўпраўлення прадстаўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Таццяны Рахуба, алімпіядныя задачы закраналі розныя раздзелы эканомікі, асноў спажывецкіх ведаў і фінансавай дасведчанасці.

— Спачатку ўдзельнікам прапанавалася адказаць на 30 пытанняў, якія тычыліся дэнамінацыі, банкаўскіх укладаў і крэдытаў, лічбавага банкінгу, дзейнасці Нацыянальнага банка краіны, страхавання, падаткаў. А вось у апошнім заданні школьнікам трэба было паразважаць і выказаць свае меркаванні наконт узаемасувязі рызык і прыбытковасці. Радуе, што дзеці даволі паспяхова справіліся з заданнямі. Большасць канкурсантаў набрала звыш паловы магчымых балаў, — адзначыла Таццяна Анатольеўна.

Падобныя вынікі сведчаць аб якасці падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Ва ўстановах адукацыі вобласці сталі вялікую ўвагу ўдзяляць фінансавай дасведчанасці вучняў. Паўсюдна праводзяцца факультатыўныя заняткі, арганізоўваюцца вучэбныя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў розных банкаў. А тры агульнаадукацыйныя ўстановы: сярэдняя школа № 35 Магілёва, Ціманаўская сярэдняя школа Клімавіцкага раёна і Свяцілавіцкі ВПК Бялыніцкага раёна зараз распрацоўваюць інавацыйныя мадэлі фарміравання асноў эканамічных ведаў у навучэнцаў.

Як адзначалі сёлетнія канкурсанты, заданні для іх не былі складанымі.

— Я ўжо не першы раз удзельнічаю ў гэтай алімпіядзе. Рыхтуючыся да іспытаў, рашаў падобныя задачы. Эсэ таксама далося лёгка, варта было толькі засяродзіцца і падумаць. Вельмі дапамагла таксама падтрымка майго педагога Сяргея Міхайлавіча Герасімовіча, — падзяліўся сваімі ўражаннямі вучань Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу Бабруйскага раёна Максім Аляксееў.

— Быць фінансава дасведчаным — патрабаванне часу. Мы даўно пашыраем свае веды ў гэтым кірунку, таму і з рашэннем заданняў цяжкасцей амаль не ўзнікла. Мяркуем, што паказалі нядрэнныя вынікі. А ўвогуле на алімпіядзе было вельмі цікава. Можна было не толькі свае здольнасці прадэманстраваць, але і пабываць на пазнавальных экскурсіях па структурных падраздзяленнях банкаў горада, — расказалі вучаніцы сярэдніх школ Бабруйска Маргарыта Патапкіна і Марына Боскіна.

Закрыццё алімпіяды праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. У адрас удзельнікаў, педагогаў, якія іх падрыхтавалі, прагучала шмат добрых слоў. Самым інтрыгуючым момантам стала абвяшчэнне пераможцаў. З невялікай розніцай у балах пераможцамі алімпіяды сталі навучэнец гімназіі Кіраўска Павел Хурсаў, вучань сярэдняй школы № 4 Асіповіч Ягор Буйноўскі, вучаніца сярэдняй школы № 1 Чавус Наталля Анішчанка, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. Прызёры былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Удзельнікам, якім поспех усміхнуўся трохі менш, былі ўручаны памятныя сувеніры.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.