Фінішная прамая, абрад “шашу” і вялікае спартыўнае свята

- 10:58Спартыўныя падзеі

Апошнія дні XXVIII зімняй Сусветнай універсіяды ў Казахстане сталі для Беларусі вельмі паспяховымі. Студэнтка БДУФК гарналыжніца Марыя Шканава заваявала “золата” ў спаборніцтвах у слаламе, якія праходзілі 6 лютага на гарналыжным курорце “Шымбулак”. Дарэчы, яны сталі заключным відам жаночай гарналыжнай праграмы на Універсіядзе-2017. Юная спартсменка абышла 45 удзельніц і па суме дзвюх спроб паказала вынік 1 хвіліна 32,57 секунды. Другое месца заняла Моніка Хюбнер з Германіі, а бронзавым прызёрам стала прадстаўніца Швецыі Луіза Янсан.

Нагадаем, што для Марыі гэта ўжо трэці медаль на Сусветнай універсіядзе. Дагэтуль дзяўчына атрымала “серабро” ў суперкамбінацыі і бронзавы медаль у гіганцкім слаламе. Дарэчы, на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Казахстане пасля паспяховых спаборніцтваў, Марыя Шканава адзначыла, што верыла ў перамогу, бо слалам — яе любімая дысцыпліна і асабісты канёк. Па словах дзяўчыны, гэта яе апошняя ўніверсіяда, а таму “залатая” перамога для яе была асабліва важнай. Шчыра віншуем Марыю і яе трэнера Ежы Малуша!

У восьмы дзень універсіяды нашы спартсмены ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па лыжных гонках, якія праходзілі на стадыёне комплексу “Алатау”. У лыжнай эстафеце сярод жанчын (3х5 км) прынялі ўдзел прадстаўніцы 10 краін. Студэнткі БДУФК Марыя Букініч, Марыя Рашчынская і Настасся Майнгарт сталі чацвёртымі з вынікам 47 хвілін 16,3 секунды. У мужчынскай гонцы (4х7,5 км) удзельнічалі спартсмены з 14 краін. Нашу краіну прадстаўлялі Аляксандр Воранаў (Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова), Аляксандр Саладкоў (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), а таксама студэнты БДУФК Віктар Якіменка і Алег Чычыкаў. Юнакі аказаліся на пятым месцы з вынікам 1 гадзіна 15 хвілін 52,4 секунды.

8 лютага зімняя Сусветная ўніверсіяда выйшла на фінішную прамую — адбыліся апошнія спаборніцтвы і завяршыліся азартныя спрэчкі за медалі. Дзякуючы велізарнай рабоце спартсменаў і іх трэнераў на рахунку беларускай зборнай 3 залатыя, 2 сярэбраныя і 1 бронзавы медаль! Акрамя Марыі Шканавай з яе медалямі, адразу два залатыя медалі заваявала канькабежка Марына Зуева, а сярэбраным прызёрам яшчэ ў першы дзень спаборніцтваў стаў фрыстайліст Арцём Башлакоў. У неафіцыйным агульным медальным заліку лідарамі сталі расіяне, а Беларусь упэўнена затрымалася на дзявятым месцы.

Кожны дзень пераможцаў і прызёраў спаборніцкага дня прывозілі для ўзнагароджання на галоўную сцэну ўніверсіяды — Medal Plaza. Спартсменаў сустракалі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах і абсыпалі цукеркамі. Гэты абрад у Казахстане называецца “шашу”. Казахі вераць у тое, што падабраныя цукеркі з’яўляюцца добрым знакам і абавязкова прынясуць поспех.

У той час, калі нумар “Настаўніцкай газеты” рыхтаваўся да друку, у сталіцы Казахстана ў “Алматы-арэне” праходзіла вялікае спартыўнае свята — цырымонія закрыцця XXVIII зімняй Сусветнай універсіяды. Эстафету наступных гульняў FISU прыняў ад Алматы Краснаярск — арганізатар ХХІХ Сусветнай зімняй універсіяды 2019 года.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота з сайтаў almaty2017.com і sporteducation.by.