Фітнес для педагогаў

- 11:51Навіны рэгіёнаў

Работа па захаванні фізічнага і псіхалагічнага здароўя вучняў — адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці Астроміцкай сярэдняй школы Кобрынскага раёна. Педагогі выхоўваюць у дзяцей унутраную патрэбу ў здаровым ладзе жыцця.

— Вялікая ўвага ўдзяляецца медыцынскаму кантролю за станам дзіцячага здароўя, — расказвае дырэктар установы адукацыі Г.У.Свянцецкая. — Важную ролю ў захаванні і ўмацаванні здароўя школьнікаў адыгрываюць правільная арганізацыя вучэбнага працэсу і размеркаванне вучэбнай нагрузкі. Дзякуючы факультатыўным заняткам “Гадзіна здароўя”, фізкультхвілінкам і рухавым перапынкам, істотна павялічылася рухальная актыўнасць дзяцей, знізілася іх стамляльнасць на ўроках. Пытанням здароўя прысвячаюцца ўрокі па асновах бяспекі жыццядзейнасці, хіміі і біялогіі. У якасці дадатковай вучнёўскай мэблі выкарыстоўваюцца канторкі, якія рэгулююцца па росце. Для прафілактыкі зрокавай стомленасці ў кожным класе ўсталяваны афтальматрэнажоры. З гэтай жа мэтай прымяняюцца і вобразна-сюжэтныя карцінкі.

У школе арганізоўваюцца сустрэчы вучняў з работнікамі мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта. На гэтых сустрэчах абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з прафілактыкай шкодных звычак і вядзеннем здаровага ладу жыцця.

На высокім узроўні наладжана спартыўна-аздараўленчая работа. Так, дзеці актыўна ўдзельнічаюць у традыцыйным марафоне здароўя. Кожную другую суботу месяца ва ўстанове праводзяцца дні здароўя з удзелам вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў. Штогод ладзяцца турыстычныя паходы і злёты, у тым ліку па гістарычных мясцінах Кобрынскага, Пружанскага і Камянецкага раёнаў. Такія мерапрыемствы пакідаюць шмат станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў.

— Два гады назад у школе адкрыўся трэнажорны пакой “Гармонія”, у якім займаюцца тыя, для каго спорт — гэта і прыгажосць, і патрэба, — гаворыць Г.У.Свянцецкая. — Дзякуючы рэгулярным заняткам, многія вучні знаходзяцца ў выдатнай спартыўнай форме. Важна, што педагогі клапоцяцца не толькі аб вучнёўскім, але і аб уласным здароўі. Захаваць прыгажосць фігуры і ўзняць настрой ім добра дапамагаюць заняткі фітнесам. Настаўнікі лічаць, што гэта надзвычай эфектыўны прыём выхавання ўласным прыкладам.

Важнае месца ў адукацыйным працэсе займае працоўная дзейнасць. Вучні прыбіраюць прышкольную тэрыторыю, працуюць на прышкольным участку. Павелічэнне памеру вытворчага аддзела вучэбна-доследнага ўчастка дазволіла забяспечыць школу на ўвесь год агароднінай. Сельскагаспадарчая прадукцыя, вырашчаная ў экалагічна чыстых умовах, дапамагае арганізаваць здаровае і збалансаванае харчаванне.

— У школе створаны камфортныя ўмовы як для вучобы, так і для работы, — адзначае Г.У.Свянцецкая. — Прыкладам здаровага асяроддзя служыць тое, што ў нас няма настаўнікаў-курцоў і вучняў, якія ўжываюць алкаголь і наркатычныя рэчывы. А яшчэ 5 гадоў назад мы не маглі пахваліцца гэтым. Дасягнутыя вынікі вельмі радуюць і свед-чаць пра тое, што мы на правільным шляху.

Астроміцкія педагогі лічаць, што дарога да ведаў больш прыемная, калі праходзіць сярод чысціні і прыгажосці, таму ва ўстанове шмат робіцца па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, бо гэта надзвычай эфектыўная школа любові, дабрыні і творчасці. Удзельнікі спецыяльнага праекта асвойваюць ролі мастакоў, скульптараў, ландшафтных дызайнераў і кветкаводаў. Важна, што дарослыя і дзеці працуюць разам.

— Амаль увесь пасадачны матэрыял мы вырошчваем самастойна, — расказвае Г.У.Свянцецкая. — Работа ў гэтым напрамку ажыццяўляецца круглы год. Ужо сёння мы вырасцілі больш за 1,5 тысячы штук расады віёлы і пеларгоніі на будучую вясну.

Астроміцкая сярэдняя школа на працягу трох гадоў з’яўляецца пераможцай абласнога агляду-конкурсу па навядзенні парадку і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі “Цудоўней стане Брэстчына мая”.

— Мэтанакіраваная сістэмная работа нераўнадушных педагогаў дапамагае захаваць фізічнае і псіхалагічнае здароўе вучняў, — падагульняе Г.У.Свянцецкая.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.