На сайце ясляў-сада № 37 Гродна ў вершаванай форме расказваецца пра тое, чаму і як вучаць тут сваіх выхаванцаў. І пра англійскую мову, і пра танцы, і пра спевы, і пра розныя гурткі. Можна прачытаць, што “танцаваць навучыць модна лепшы харэограф ў Гродне”. А вось словы “Сила, терпенье, ум и сноровка — в нашем саду лучшая тренировка” можна спаўна аднесці да фізкультурных заняткаў, і не проста якіх, а заняткаў фітнесам.
Так, 5—6-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца тут фітнесам, і робяць гэта з вялікім задавальненнем.
— Калі кіраўнік фізічнага выхавання Лілія Яўгенаўна Агароднік прапанавала ўнесці элементы фітнесу ў заняткі, мы спачатку аднесліся да гэтага насцярожана, — расказвае загадчык ясляў-сада Людміла Богдзель. — Ці справяцца дзеці з такім відам дзейнасці, ці будзе гэта ім цікава? І паспрабаваць вырашылі на сабе — Лілія Яўгенаўна арганізавала заняткі з супрацоўнікамі. І нам гэта вельмі спадабалася, фітнес здымаў напружанасць пасля працоўнага дня, паляпшаў настрой і фізічную форму. Ну а дзеткі з першых заняткаў выказалі такое задавальненне, што сумневу ўжо не засталося.
— Заняткі фітнесам складаюцца з трох частак, — расказвае Лілія Яўгенаўна. — Спачатку ідзе размінка. Асноўная частка — гэта аэробіка, танцы, гімнастыка. Заключная частка — расцяжка, элементы пальчыкавай гімнастыкі. Асабліва дзецям падабаюцца элементы так званай зверааэробікі, калі ім прапануюцца практыкаванні, якія нагадваюць рухі нейкай жывёлы.
Заняткі кіраўнік фізічнага выхавання арганізоўвае ў гульнявой форме, у выглядзе інсцэніроўкі казкі — з касцюмамі, маскамі, кожныя заняткі — штосьці іншае па сцэнарыі і музычным суправаджэнні. Да таго ж маецца спецыяльны інвентар — вялікія мячы, спецыяльныя стэп-платформы, стужкі, гантэлькі, скакалкі.
У яслях-садзе № 37 працуюць тры групы дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. І для такіх дзетак заняткі фітнесам вельмі карысныя. Яны дазваляюць палепшыць каардынацыю рухаў, эмацыянальна разнявольваюць дзяцей.
Свае ўменні выхаванцы паказваюць бацькам, якія таксама вельмі задаволеныя гэтымі заняткамі. Бацькоў запрашаюць папрысутнічаць на іх, элементы фітнесу заўсёды ёсць у канцэртных нумарах, якія паказваюць выхаванцы на ранішніках.
— Вельмі добрыя водгукі мы атрымалі і ад кіраўнікоў фізічнага выхавання іншых дашкольных устаноў Ленінскага раёна Гродна, калі на базе нашага ясляў-сада праходзіла метадычнае аб’яднанне для гэтай катэгорыі работнікаў, — гаворыць Людміла Генрыхаўна Богдзель.
Лілія Агароднік па адукацыі — настаўнік фізічнай культуры, скончыла факультэт фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Спецыяліст упэўнена, што ў любой рабоце трэба пастаянна вучыцца. Свае веды па фітнесе таксама ўдасканальвае: шукае матэрыялы ў спецыяльнай літаратуры і інтэрнэце, каб пацвердзіць словы, размешчаныя на сайце, што ў гэтым садзе лепшая трэніроўка.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.