Масавая трэніроўка навучэнцаў дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава прайшла ў рамках фітнес-марафону “Мы — за здаровы лад жыцця”. Арганізатарам спартыўнага мерапрыемства выступіў маладзёжны савет абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў.
— Адным з напрамкаў дзейнасці маладзёжнага савета з’яўляецца праца па папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод вучнёўскай і працоўнай моладзі, — адзначыла старшыня савета Кацярына Верамеева. — Не сакрэт, што сёння маладыя людзі знаходзяцца ва ўладзе разнастайных гаджэтаў, аддаюць перавагу віртуальнай рэальнасці і вядуць пасіўны лад жыцця. Мэта ж нашага марафону — прыцягненне іх да актыўных заняткаў спортам, у прыватнасці да фітнес-руху. Таксама мы хочам паказаць моладзі, што для падтрымання фізічнай формы не трэба дарагое абсталяванне і значныя матэрыяльныя выдаткі, дастаткова асабістага жадання, добрай музыкі і вясёлай кампаніі.
Інтэнсіўныя фітнес-заняткі працягваліся ў спартыўнай зале навучальнай установы амаль паўтары гадзіны. Прычым маладыя людзі не толькі праверылі свой арганізм на трываласць і зарадзіліся добрым настроем, але і памераліся сіламі ў разнастайных спаборніцтвах. Так, у склад конкурснай праграмы ўвайшлі спаборніцтвы “Трымаем планку!” і “Сталёвы прэс”, конкурс па адцісканнях ва ўпоры лежачы “Самы моцны”. Пераможцы атрымалі дыпломы і спартыўныя прызы. Усім удзельнікам уручылі скакалкі, а самым актыўным яшчэ і абанементы ў фітнес-залу.
— Галоўная задача педагагічнага калектыву нашага ліцэя — не толькі падрыхтаваць кваліфікаванага працаўніка, але і выхаваць у ім чалавека, здаровага фізічна і духоўна, — падкрэсліў дырэктар навучальнай установы Міхаіл Уладзіміравіч Сасонка. — Адсюль дэвіз: “Здаровая нацыя — здаровая краіна”. У ліцэі распрацавана эксперыментальная праграма па фарміраванні сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў, важным аспектам якой стала развіццё патрэбы ў здаровым ладзе жыцця. Менавіта таму мы не абмежаваліся толькі правядзеннем фітнес-марафону. За дзень да яго пачатку быў арганізаваны семінар-практыкум “Фарміраванне асобасных кампетэнцый навучэнцаў па здаровым ладзе жыцця”. У дыскусіях прынялі ўдзел урачы і псіхолагі наркалагічнага дыспансера, абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама іншых зацікаўленых службаў і ведамстваў.
Мерапрыемства ў прафесійным ліцэі паклала пачатак цэлай серыі фітнес-марафонаў, якія будуць праходзіць на працягу ўсяго навучальнага года — з кастрычніка 2017 па май 2018 года. Канкрэтная дата, час і месца іх правядзення будзе вызначацца маладзёжным саветам па дамоўленасці з абласным камітэтам галіновага прафсаюза, адміністрацыяй і прафкамам арганізацыі, дзе плануецца наступная трэніроўка.
Да ўдзелу ў фітнес-марафонах будуць прыцягвацца навучэнцы ўстаноў адукацыі і працоўная моладзь. Абавязковай умовай для іх стане наяўнасць спартыўнай формы і адсутнасць супрацьпаказанняў для заняткаў фізкультурай. Усе трэніровачныя заняткі і конкурсная праграма будуць распрацоўвацца фітнес-трэнерамі для кожнай групы ўдзельнікаў асобна з улікам гендарнага падыходу і ўзроставых асаблівасцей. Пасля завяршэння кожнага марафону фатаграфіі мерапрыемства будуць размяшчацца ў сацыяльных сетках з хэштэгам #прафсаюз_за_здаровы_лад_жыцця.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.