Фізічныя баталіі школьнікаў

- 10:24Навіны рэгіёнаў

Узяць на ўзбраенне веды, кемлівасць і ўменне працаваць у камандзе заклікаў навучэнцаў VII Абласны турнір юных фізікаў. У гарачых баях інтэлектуальнага спаборніцтва знаўцы прадмета вызначалі лідара.

У турніры прымалі ўдзел 65 вучняў 9—11 класаў у складзе 13 каманд, якія прадстаўлялі Барысаўскі, Клецкі, Любанскі, Мінскі, Нясвіжскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі і Чэрвеньскі раёны.

Турнірныя заданні, як заўсёды, былі адначасова і цікавыя, і складаныя. Напрыклад, юным фізікам прапаноўвалася сканструяваць прыладу, якая пры падзенні сырога яйка з вышыні на цвёрдую паверхню забяспечыла б яму “мяккую пасадку” і не дазволіла б разбіцца. Каманды папярэдне даследавалі задачы, а непасрэдна на турніры абаранялі свае рашэнні.

Ацэньвала веды і ўменні навучэнцаў кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі, аспіранты фізічнага факультэта, факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, а таксама студэнты ўніверсітэта, якія неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі і пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных турніраў юных фізікаў.

Каманды прадэманстравалі ўменне працаваць калектыўна, кемлівасць і эрудыцыю, валоданне навуковымі ведамі ў розных галінах — ад фізікі і матэматыкі да 3D-мадэлявання, а таксама майстэрства аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях.

Па выніках праведзеных фізічных баёў пераможцай абласнога турніру юных фізікаў стала каманда слуцкай сярэдняй школы № 10 імя С.Ф.Рубанава пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізікі Івана Паўлавіча Лазоўскага і Людмілы Іванаўны Хворавай. Журы адзначыла ўменне ўдзельнікаў гэтай каманды генерыраваць ідэі. Дыпломамі другой ступені былі ўзнагароджаны каманда Нясвіжскай гімназіі, зборныя Нясвіжскага і Любанскага раёнаў. Члены журы высока ацанілі правядзенне камандамі з Нясвіжа дэманстрацыйных фізічных эксперыментаў. Нестандартны падыход да прадстаўлення матэрыялу і высокі ўзровень рашэння фізічных задач прадэманстравалі каманды, якія аказаліся на трэцім месцы турнірнай табліцы: каманды Смалявіцкага, Чэрвеньскага, Стаўбцоўскага раёнаў, Слуцка, а таксама прадстаўнікі гімназіі Дзяржынска.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.