Фізіка і матэматыка — для ўсіх жадаючых

- 11:47Навіны рэгіёнаў

Трэці тыдзень сакавіка ў гомельскай сярэдняй школе № 44 імя М.А.Лебедзева прайшоў пад знакам фізікі і матэматыкі.

У першы дзень прадметнага тыдня традыцыйны ва ўстанове конкурс фізічных доследаў “Дзіўнае знахо­дзіцца побач” сабраў ужо вопытных юных даследчыкаў з ліку навучэнцаў 10—11 класаў, а таксама дзевяцікласнікаў, якія далучыліся да сур’ёзнай работы ў гэтым го­дзе. Школьны кабінет фізікі ледзь змясціў усіх жадаючых удзельнічаць.

Калі такія доследы, як “Лававая лямпа”, “Неньютанаўская вадкасць”, “Падарожжа вады” і “Фантан Герона” былі знаёмы журы па мінулагодніх вучнёўскіх выступленнях, то “Рэактыўны рухавік у бутэльцы”, “Незвычайны кіпяцільнік”, “Паверхневае нацяжэнне”, “Чатыры паверхі” дэманстраваліся ўпершыню. Асабліва ўразілі педагогаў і юных фізікаў доследы дзевяцікласніцы Вікторыі Сідарэнка “Чароўныя бурбалкі” і вучаніцы 11 класа Васілісы Кашперка “Неіснуючыя фігуры”. А з прадстаўленым “Цуда-пяском” Кацярыны Лашкевіч яшчэ гадзіны дзве пасля заканчэння конкурсу, нібы дашкаляты,  гулялі навучэнцы 11-х класаў.

Гэтае спаборніцтва настолькі цікавае, выклікае вялікую цікавасць у старшакласнікаў, таму ёсць намер з будучага года зрабіць конкурс “Дзіўнае знаходзіцца побач” адкрытым для вучняў 9—11 класаў усіх школ Гомеля.

У другі дзень фізіка-матэматычнага тыдня ўсе жадаючыя маглі прыняць удзе­л у фестывалі галаваломак. Навучэнцы 4—11 класаў знаёмілі ўсіх прысутных са сваёй любімай галаваломкай і спрабавалі сабрац­ь незнаёмую, якую прынёс іншы аматар. Пентаміно, танграм, ханойская вежа, квач — гэта толькі малая частка галаваломак, якія ўмеюць збіраць нашы дзеці.

У рамках фестывалю галаваломак быў праведзены турнір па хуткаснай зборцы кубіка Рубіка. Лепшыя вынікі — 24 секунды — паказаў сямікласнік Станіслаў Бурмістраў. За ім ішоў вучань 5 класа Дзяніс Зінін, яго вынік — 50 секунд. А Антон Лявонаў прадэманстраваў свае ўменні па зборцы кубіка Рубіка ўсляпую.

У сераду падвялі вынікі раней аб’яўленага конкурсу паштовак на тэму “Матэматыка вакол мяне”. Перамога ў ім дасталася Марыі Чачот з 5 “Б” класа.

У чацвер, 14 сакавіка, навучэнцы і настаўнікі разам з матэматыкамі ўсяго свету адзначалі Дзень ліку π. У гэты дзень вучні 6—7 класаў былі прыняты ў школьны клуб аматараў ліку π. А пазней паспаборнічалі ў конкурсе на запамінанне як мага большай колькасці знакаў пасля коскі ў ліку π. Рэкорд, які наўрад ці хтосьці зможа пабіць, устанавіла Надзея Дарашкова з 7 “Б” класа. Яна запомніла 119 знакаў! Папярэдні рэкорд — 24 знакі — пратрымаўся 4 гады.

У пятніцу ўсе навучэнцы 4—7 класаў маглі прыняць удзел у першым этапе Абласной алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка”. А пераможцы на пачатку красавіка будуць змагацца за званне лепшых на гарадскім этапе. Завяршыўся ты­дзень удзелам нашых навучэнцаў з ліку 4—9 класаў у трэцім этапе гарадскога матэматычнага “Турніру чатырох”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі абаранялі гонар школы.

Вольга РОЎБА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля.