Фларыстычныя фантазіі

- 10:04Дадатковая адукацыя

Вясну, мабыць, чакаюць усе, але некаторыя з асаблівым нецярпеннем. Сярод такіх нецярплівых — Наталля Эдуардаўна Бортнік, кіраўнік студыі “Флора-арт” эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна, і абедзве яе навучэнкі Настассі — Стэмплеўская і Пронская. Пакуль яны чаруюць вакол кветкавых “ясляў” на падаконніках — скрынь з тысячамі парасткаў, але ўжо ўяўляюць, якія фларыстычныя шэдэўры хутка з іх будуць ствараць.

Ад мальберта да клумбы

Эколага-біялагічны цэнтр Мастоўскага раёна маленькі і па памерах будынка (усяго 122 метры), і па колькасці навучэнцаў — у асноўным яны з мясцовай школы аграгарадка Правыя Масты, у якой каля 140 вучняў, хаця ёсць гурткі і на базе іншых школ, сельскіх і гарадскіх. Тут развіваецца шмат кірункаў — здаровы лад жыцця, агародніцтва, пладаводства, школа прыгажосці, вучэбная бізнес-кампанія для малодшых школьнікаў, этнаэкалогія і інш. Але гучную славу цэнтру прынёс менавіта фларыстычны гурток, якім кіруе Наталля Эдуардаўна.

“Скажу шчыра, зварот да фларыстыкі 2 гады назад быў знянацку, — гаворыць Наталля Эдуардаўна. — Калі ішоў адборачны тур на чэмпіянат краіны па фларыстыцы, дырэктар Кацярына Юр’еўна Рэкуць вельмі хацела, каб нашы дзеці таксама паспрабавалі сябе ў гэтым кірунку, і ўгаварыла мяне падрыхтаваць удзельнікаў. Згоду далі толькі навучэнкі маіх калег — сямікласніцы Насця Стэмплеўская і Насця Пронская. Да гэтага ў маіх выхаванцаў ужо былі высокія вынікі ў рэспубліканскіх конкурсах, блізкіх да фларыстыкі, напрыклад, 1-е месца за фларыстычную скульптуру, 2-е — за садовую скульптуру з агародніны і фруктаў (дарэчы, яе рабіў Максім Стэмплеўскі, Насцін брат, якія займаўся ў гуртку “Экадызайн”)”.

І хоць дзяўчаты рыхтаваліся менш за месяц, усё ж перамаглі ў чэмпіянаце, прычым адразу ў дзвюх намінацыях. Цяпер ужо адысці ад фларыстыкі было б здрадай, і Наталля Эдуардаўна напісала праграму для студыі “Флора-арт” (якая, дарэчы, адразу заняла 2-е месца на Рэспубліканскім конкурсе праграм аб’яднанняў па інтарэсах). Пачалося навучанне.

“У першую чаргу — маё, — удакладняе педагог. — Канечне, мастацкая адукацыя ў мяне была — я заканчвала мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава, доўга працавала ў школе. Ды і кветкі ў маім жыцці з дзяцінства. Мая бабуля Сцепаніда Міхайлаўна мела прыродны дар — збіраць букет нават з некалькіх кветак так, каб ён упрыгожыў дом. І мы летам шмат часу праводзілі з ёй на лузе, у палісадніку, збіраючы новыя і новыя букеты, якія не паспявалі адзін аднаго змяняць. І кожны раз стараліся спалучыць колеры кветак з інтэр’ерам, з самой вазай. Напрыклад, у мяне была зялёная ваза, у якую я вельмі любіла ставіць макі, а ў белую — флёксы. Потым вельмі шмат кветак я малявала. Заўсёды, ідучы ў госці, я сама складала букеты, прадумваючы кампазіцыю.

У многім фларыстыка — гэта інтуіцыя, і прыгожы букет прадыктаваны густам. Нават паняцце моды, актуальнасці ў фларыстыцы адноснае, і тое, што, здавалася, выйшла з моды, лёгка можа ў яе вярнуцца. Скажам, бідэрмэер-букеты (круглыя букеты віктарыянскай эпохі, у якіх кветкі збіраліся не спіраллю, а кругамі) ужо былі забытыя, але зноў, гляджу на форумах, яны вяртаюцца. Але як правільна звязваць букеты, карыстацца фларыстычным ці герберным дротам, у якіх выпадках дапускаецца выкарыстанне адных відаў дроту, а ў якіх іншых, як правільна падразаць кветкі — гэта тыя нюансы, якія неабходна ведаць, бо яны могуць адыграць рашаючую ролю на конкурсе”.

Майстар? Клас!

“Праблема ў тым, што мы, жывучы ў вёсцы, не можам у вольны час схадзіць на кансультацыю да прафесійных фларыстаў, хаця б па чыста тэхналагічных пытаннях. Таму стараемся вучыцца самастойна, дзе магчыма і як магчыма. Перад першым нашым конкурсам нас запрасілі ў Мінск, дзе прафесійныя фларысты расказвалі пра тыя рэчы, якіх мы не ведалі, і гэта нас моцна падштурхнула да развіцця. Пасля некалькі разоў былі ў Вікторыі Маркачовай, прафесійнага беларускага фларыста-дызайнера. 16 сакавіка мы з Насцяй паедзем на майстар-клас да польскага фларыста чэмпіёнкі сваёй краіны Ізы Ткачак. Вельмі важна бачыць, як працуюць прафесіяналы. Напрыклад, восенню мы былі на паказе Марыюса Гвілдзіса, вядомага літоўскага фларыста. Да гэтага бачылі, як ён працуе, на першым чэмпіянаце, дзе ён быў членам журы і таксама даваў майстар-клас.

А ў перапынках паміж такімі сустрэчамі галоўны наш настаўнік — інтэрнэт. У Фэйсбуку і ў мяне, і ў дзяўчат, шмат сяброў — прафесійных фларыстаў з Расіі, Англіі, Афганістана і іншых краін, таму дэбаты і кансультацыі вядуцца і там. Вучымся па іх работах, па відэаўроках, удакладняем, калі нешта не зразумела, і тры разы на тыдзень на нашых занятках увасабляем гэта ў сваіх работах”.

Дзякуючы такой усебаковай адукацыі, Насця Стэмплеўская на самым галоўным у краіне спаборніцтве — Першым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па прафесійнай фларыстыцы сярод юніёраў — у трох намінацыях заняла 1-е, 2-е і 3-е месцы. Заўважылі тады дзяўчынку і яе старшыя калегі-фларысты і ў якасці прыза падарылі 4 бясплатныя заняткі ў адной са сталічных школ фларыстыкі, дзе вядзецца дзіцячы курс “Фларыстыка і этыкет”. Часта клічуць яе на фларышнікі, на якія прыязджаюць падзяліцца вопытам лепшыя майстры свету. Не прапускае Насця і іх семінары, курсы, хоць і каштуюць яны часта нятанна.

Сакрэты букетаў

Сёння Насця з лёгкасцю стварае букеты любой складанасці, умела спалучае іх з дэкаратыўнымі матэрыяламі: парафінам, гіпсам, пластыкам, шклом. Але самае галоўнае — гэта не паўтарэнне недзе ўбачанага, а менавіта яе аўтарскі погляд. А яшчэ, гаворыць Наталля Эдуардаўна, у Насці ёсць свой стыль — яе букет яна пазнае з дзясяткаў іншых па яго настроі, нават характары.

“Самае галоўнае ў фларыстыцы — колер, — дзеліцца сакрэтамі Настасся Стэмплеўская. — Змрочны, цёмны букет нікому не прынясе радасці. Але гэта не значыць, што чым ярчэй, тым лепш. Нядаўна ад аднаго з фларыстаў я пачула фразу: яркія букеты дораць толькі на Новы год ці дзецям. Таму лепш шукаць залатую сярэдзіну. А вось што да формы, то тут сярэдзіна не вітаецца: букет павінен быць або сіметрычным, дзе ніякая кветка не вытыркае, не мазоліць вока, або рэзка асіметрычным. Кампазіцыя павінна быць дасканала прадуманай.

Асобная тэма — мацаванне букета. Па-першае, трэба засвоіць, што ніколі пасля перавязкі не павінна застацца лісточкаў, кветак, шыпоў, каб было зручна букет трымаць у руцэ. Букет павінен быць шчыльна перавязаны, таму лепш выкарыстоўваць анкор-скотч для кветак, а дэкаратыўныя стужкі лепш замяняць экалагічнымі, напрыклад, рафіяй — спецыяльнай засушанай раслінай. Ёсць дзве асноўныя тэхнікі збірання букета: паралельная і спіральная. У спіральнай галоўнае, каб усе кветкі былі ў адным кірунку. Гэта вельмі прыгожа, асабліва, калі букет мае пустую сярэдзіну, і гэта добра праглядваецца. І калі сабраць букет па спіралі правільна, правільна яго падрэзаць, ён можа стаяць без усялякай вазы — проста на стале ці, скажам, у талерцы. Дарэчы, букет з пустой сярэдзінай — гэта не недахоп кветак, а вельмі складаны ў выкананні і цікавы (таму сёння ён на піку папулярнасці). Для яго патрэбны спецыяльныя каркасы, і на апошнім семінары расійскі фларыст Андрэй Філаненка вучыў нас іх рабіць.

Мне цікава асвойваць розныя фларыстычныя стылі — дэкаратыўны, вегетатыўны, формалінейны. Калі ў дэкаратыўным выконваюцца амаль усе работы на конкурсах, то формалінейны стыль — гэта, я сказала б, філасофская фларыстыка. Тут трэба пэўным чынам выбудаваць формы і лініі, каб перадаць рух. Тут няма нагрувашчвання колераў, усё лёгкае, паветранае. І галоўнае — букет павінен быць аднолькава дасканалым, з якой бы кропкі мы на яго не глядзелі. Гэта вельмі складаны стыль, але тым больш цікавы. У букетах у вегетатыўным, ці ў прыродным, стылі не павінна адчувацца, што да яго прыклаў руку чалавек”.

Пакуль у Насціных планах — навучыцца ўпрыгожваць кветкамі памяшканні, асабліва здзіўляюць яе навясныя канструкцыі, якія мацуюцца да столі і звісаюць да падлогі на ўсю сцяну. Канечне, для гэтага трэба шмат кветак, але тут дэфіцыту няма. Дзяўчына жыве ў прыватным доме, які тоне ў кветках ад ранняй вясны да маразоў. Тое ж самае і з бабулінымі і дзядулінымі сядзібамі (вось яна, сямейная падтрымка дзіцячага захаплення!). Яе сваякі больш любяць простыя кветкі, якія сёння асабліва ў трэндзе. Мама захапляецца вырошчваннем цыній, а бабулі — півоняў, лілій, цюльпанаў і інш. Не скупяцца на валошкі, рамонкі і іншыя сціплыя, але не менш прыгожыя кветкі навакольныя палі і лугі.

А вось за экзатычны складнік Насціных букетаў адказны экалагічны цэнтр. Ды і на многіх конкурсах юным фларыстам часта дораць расліны, якія яны вырошчваюць і потым выкарыстоўваюць у сваіх букетах. Напрыклад, адным з апошніх тут прапісаўся куст рададэндрана, пераборлівасць і далікатнасць якога ўдалося ўтаймаваць. Радуе фларыстаў і цюльпанавае дрэва з лісцем, падобным на кляновае.

А пакуль ляжыць снег, Насця на занятках робіць букеты з фруктаў, з хвойнікаў і сухацветаў і, канечне, назапашвае ідэі. Напрыклад, актыўна рыхтуецца з Наталляй Эдуардаўнай да ўдзелу ў конкурсе WorldSkills, прадумваючы свой букет, бо трэба не ад зін аловак спісаць, пакуль намалюеш букет з назвай, напрыклад, “Архітэктурны стыль”. Трэба і самі архітэктурныя стылі дасканала ведаць, і тое, якія кветкі для якога стылю характэрны і ў часе, і ў вобразах, і, канечне, потым папрактыкавацца з кветкамі.

Галоўны пазл творчай карцінкі

Гледзячы на тое, з якім імпэтам Насця асвойвае фларыстычную навуку, можа падацца, што гэта стала асноўнай часткай яе жыцця. Але ўсё яе жыццё, як творчы пазл. Летась яна скончыла мастацкую школу з сярэднім балам 10.0 па ўсіх дысцыплінах. Сёлета заканчвае музычную школу па класе домры. У вольны час іграе на ўкулеле — гавайскай гітары. З гэтага года стала членам Мастоўскага клуба ЮНЕ СКА “Амега” і амаль адразу — яго старшынёй. Выдатна вучыцца, многія педагогі запрашаюць яе на алімпіяды па сваіх прадметах. Але Насця хоць і вывучае паглыблена прадметы, робіць свае даследаванні, але ад алімпіяд па магчымасці адмаўляецца. Гаворыць, што не алімпіядны чалавек (а калі не ўдасца адмовіцца, прывозіць прызавыя месцы і з рэспубліканскіх, і з міжнародных алімпіяд і канферэнцый).

“Фларыстыка выдзяляецца з усіх маіх захапленняў, — прызнаецца Настасся, разважаючы пра выбар прафесіі. — Так, у нашым пасёлку, у раёне, нават у вобласці, фларыстыка не так развіта, і многія здзіўляюцца, што я гэтым увогуле займаюся. Хаця, можа, я яе і буду развіваць. У Беларусі сёння шмат людзей, зацікаўленых у развіцці фларыстыкі, многа робяць для гэтага. Сярод іх няма раўнадушных — кожны стараецца вучыць таму, што ўжо ведае і ўмее. Але, улічваючы, што ў нас няма такой прафесіі “фларыст” і што атрымаць адпаведную спецыяльнасць пакуль немагчыма, я дакладна ведаю, што кім бы я ні стала, фларыстыкай буду займацца і ў будучыні”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены эколага-біялагічным цэнтрам Мастоўскага раёна.