Флікер-старт

- 11:06Навіны рэгіёнаў

Марафон дабрыні і бяспекі “Флікер-старт” прайшоў на Міншчыне. Пазітыўная акцыя была заклікана цікава, творча і незвычайна нагадаць дзецям аб правілах, якія ніколі не страчваюць сваёй актуальнасці, — правілах бяспекі.

Ідэя марафону нарадзілася падчас правядзення абласнога міжведамаснага семінара, дзе кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі і ДАІ вобласці разам шукалі новыя, актуальныя формы работы.


Марафон распачаўся яшчэ на зімовых канікулах. У кожным раёне вобласці і Жодзіне навучэнцы ўстаноў адукацыі сваімі рукамі выраблялі флікеры. Далей дзеці дарылі гэтыя флікеры сваім таварышам у суседнім раёне, тыя — сваім сябрам у наступным раёне. І гэтак далей і далей, пакуль кола дабрыні і бяспекі не з’яднала ўсе раёны і не самкнулася.

Кожны раён падрыхтаваў у якасці падарункаў не меней за 100 флікераў, усяго іх было выраблена каля дзвюх з паловай тысяч. Ствараючы флікеры, дзеці не толькі праявілі сваю творчасць, але і ўспомнілі правілы бяспечных паводзін на дарозе. Перадача падарункаў адбывалася па-рознаму: падчас сустрэч праводзіліся прафілактычныя мерапрыемствы, тэматычныя выступленні і спаборніцтвы, каб яшчэ раз актуалізаваць веды правіл дарожнага руху.


Флікеры дзеці стваралі па ўласных унікальных эскізах. Да вырабу падключаліся іх бацькі, сябры, педагогі. Чаго толькі не напрыдумвалі маленькія творцы! Флікеры ў форме скрыначак, далонек, жывёл, раслін. Правілы марафону прапаноўвалі ў дызайне флікераў выкарыстоўваць сімвалы свайго горада, раёна, мясцовасці. Многія на вырабах размясцілі герб свайго горада, карту раёна, афіцыйныя і неафіцыйныя сімвалы. Так, на флікерах вытворчасці юных жодзінцаў можна ўбачыць БелАЗы, хлопчыкі і дзяўчынкі з Салігорска размясцілі выяву крата-шахцёра. Кожны раён перадаў па 2 экзэмпляры сваіх флікераў для стварэння абласнога пано “Бяспека сваімі рукамі”. Убачыць яго змогуць дзеці падчас правядзення абласной алімпіяды па правілах дарожнага руху, там жа плануецца адзначыць найбольш актыўных удзельнікаў марафону.

У многіх раёнах толькі міжрэгіянальнымі сустрэчамі не абмежаваліся і пайшлі далей: абменьваліся флікерамі паміж установамі, або старэйшыя школьнікі рыхтавалі падарункі для малодшых ці дашкольнікаў. Такім чынам удзельнікамі марафону станавілася ўсё больш і больш дзяцей, а гэта значыць, што ўсе яны чарговы раз успомнілі правілы бяспекі.

Марафон дабрыні і бяспекі “Флікер-старт” стаў цудоўнай формай прафілактыкі небяспечных паводзін на дарозе і спадабаўся дзецям. Вырашана, што ён будзе праводзіцца на кожных канікулах у межах раёнаў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.