Фонды школьных бібліятэк абноўлены

- 12:24Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

У новым навучальным годзе школьнікі будуць з поўным камплектам вучэбнай літаратуры. У навучальныя ўстановы яна паступіла ў адпаведнасці з планамі. Прычым фонды школьных бібліятэк новымі вучэбнымі выданнямі абноўлены на 25%.

Гэта ў размове адзначыла начальнік упраўлення вучэбнага кнігавыдання Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена Сігаева. Па словах Алены Рыгораўны, выданне вучэбнай літаратуры ажыццяўляецца ў адпаведнасці з перспектыўнымі і гадавымі планамі выпуску ў межах выдзеленых бюджэтных сродкаў, з улікам забяспечанасці школ падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі па кожным прадмеце і ўлічваючы тэрміны карыстання падручнікам.
— У 2014/2015 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе выкарыстоўвацца 647 найменняў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. З іх 320 адрасаваны ўстановам з беларускай мовай навучання, 327 — установам з рускай мовай навучання.
Да новага навучальнага года ўсе навучэнцы рэспублікі забяспечаны падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі ў поўным аб’ёме, — расказала Алена Сігаева.
Да 2014/2015 навучальнага года (у адпаведнасці з планам выпуску) запланавана выдаць 141 найменне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для агульнаадукацыйных і спецыяльных устаноў адукацыі агульным тыражом 4 173 066 экзэмпляраў.
Да 1 верасня будзе выдадзена 125 найменняў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў (89 — для агульнаадукацыйнай школы, 36 — для спецыяльнай). У верасні-кастрычніку будуць выдадзены 6 вучэбных дапаможнікаў (другія часткі) для агульнаадукацыйных устаноў і 10 — для ўстаноў спецыяльнай адукацыі, у тым ліку і шрыфтам Брайля.
Камплект абавязковых вучэбных дапаможнікаў уключае ад 10 найменняў у пачатковай школе да 16 — у базавай і сярэдняй. Аплата за карыстанне такім камплектам у 2014/2015 навучальным годзе складзе ад 28 000 у 2 класе да 83 000 у 11 класе.
Што тычыцца вучэбна-метадычнай літаратуры, то па планах гэта 50 дапаможнікаў агульным тыражом 154 000 экзэмпляраў. Да 1 верасня 36 дапаможнікаў для настаўнікаў паступяць у школьныя бібліятэкі. Астатнія 14 дапаможнікаў будуць выдадзены ў верасні-кастрычніку.
Выкананне загаду міністэрства па забяспечанасці школ вучэбнай літаратурай сёлета стапрацэнтнае. І такога выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы зладжанай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, паліграфкамбіната імя Якуба Коласа і распаўсюджвальніка, у ролі якога традыцыйна выступае гандлёвая арганізацыя “Глобус”. Як заў-важыла Алена Сігаева, і паліграфкамбінат, і “Глобус” працавалі ў некалькі змен.
Трэба адзначыць, што ў новым навучальным годзе нашы школьнікі будуць вучыцца па абноўленых камплектах вучэбнай літаратуры. Такія камплекты атрымаюць першакласнікі, у рукі якіх трапяць дапрацаваныя буквары, камплект пропісяў і камплект рабочых сшыткаў. Акрамя таго, 1 верасня ўсе першакласнікі традыцыйна атрымаюць падарунак прэзідэнта нашай краіны — дапаможнік “Беларусь — наша Радзіма”, які таксама абнавілі тымі падзеямі і фактамі, якія адбыліся ў рэспубліцы ў 2014 годзе.
Навучэнцы 4 класаў таксама атрымаюць істотна абноўлены камплект вучэбнай літаратуры, дзе будуць новыя выданні па літаратурным чытанні, матэматыцы, замежных мовах, працоўным навучанні.
— Вучні атрымаюць падручнікі, дапрацаваныя з улікам іх доследнай праверкі і апрабацыі ў вучэбным працэсе. Асаблівасць гэтага навучальнага года яшчэ і ў тым, што і чацвёртыя, і пятыя класы, і вучні шостых класаў звычайных школ, а таксама вучні сёмых класаў гімназій атрымаюць падручнікі па замежных мовах. У бягучым годзе былі выдадзены “Іспанская мова” для 4 і 7 класаў, “Нямецкая мова” для 4,5 класаў, “Англійская мова” для
4, 5, 6 класаў, “Французская мова” для 6 класа, — адзначыла Алена Рыгораўна.
Акрамя таго, абноўленую вучэбную літаратуру атрымаюць і шасцікласнікі (матэматыка), сямікласнікі (матэматыка і фізіка), васьмікласнікі (геаграфія). Для навучэнцаў дзявятых класаў падрыхтаваны абноўленыя вучэбныя дапаможнікі па матэматыцы, алгебры, кітайскай мове, чарчэнні. Дзесяцікласнікі атрымаюць істотна перапрацаваны падручнік па біялогіі, а адзінаццацікласнікі — гэтак жа істотна перапрацаваны вучэбны дапаможнік па фізіцы.
Калі гаварыць пра ўстановы спецыяльнай адукацыі, то ў гэтым годзе навучэнцы гэтых устаноў таксама атрымаюць абноўленую вучэбную літаратуру. Акрамя таго, сёлета будзе закончаны выпуск падручнікаў шрыфтам Брайля, што сведчыць пра поўнае забеспячэнне такімі дапаможнікамі.
— У 2014 годзе працягнута выданне не проста падручнікаў, а вучэбна-метадычных комлексаў. Да ВМК у дапамогу настаўніку выдадзены вучэбна-метадычныя дапаможнікі, рабочыя сшыткі, дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, кантрольна-вымяральныя матэрыялы, хрэстаматыі. І, напрыклад, забяспечанасць вучэбна-метадычнымі комплексамі прадметаў пачатковай школы дасягае 90%. У настаўніка і вучня ёсць выбар дадатковай літаратуры.
Уся вучэбная і вучэбна-метадычная літаратура, якая рэкамендавана да выкарыстання, мае адпаведны грыф і прайшла адпаведную працэдуру рэцэнзавання, разгляду і зацвярджэння. Уся вучэбная і вучэбна-метадычная літаратура выдаецца як дзяржаўнымі, так і прыватнымі выдавецтвамі. Апошнія ў абавязковым парадку павінны грыфаваць літаратуру, якую выдаюць.
Працягнута выданне вучэбнай літаратуры ў падтрымку праграм факультатыўных заняткаў. На сённяшні дзень выдадзены 124 вучэбна-метадычныя комплексы для правядзення факультатыўных заняткаў, што ў сваю чаргу складае больш за 230 дапаможнікаў. Да гэтага навучальнага года перавыдадзены дапаможнікі для пачатковай школы, па інфарматыцы, біялогіі, рускай мове. Як заўважыла мая субяседніца, патрэбу ў такіх дапаможніках вызначае ўстанова адукацыі. Яшчэ ў дапамогу настаўніку, акрамя ВМК факультатыўных заняткаў, выдадзены кантрольна-вымяральныя матэрыялы і дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў у межах адзінай серыі “Урокі ў школе”.
Поўны пераклік усёй вучэбнай, вучэбна-метадычнай і дадатковай літаратуры змешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале. Тут жа можна знайсці і электронныя версіі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.