Навуковыя выставы, лекцыі-дыспуты, семінары, майстар-класы, інтэлектуальныя конкурсы, канферэнцыі і алімпіяды — такім быў другі Магілёўскі фестываль навукі. Арганізатары, а імі, як і летась, выступілі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і гарвыканкам, пастараліся зрабіць чарговы форум максімальна цікавым для ўсіх. Асноўны ўпор быў зроблены на прыцягненне да навукі галоўнай мэтавай аўдыторыі — школьнікаў і студэнтаў.
Сёлетні фестываль сабраў каля тысячы маладых навукоўцаў з пяці краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Таджыкістана і Сербіі. Адметна, што большая частка ўдзельнікаў прадстаўляла Магілёўшчыну.
Ужо традыйна пачаўся форум з выставы-дэманстрацыі “Навука ўчора і сёння”, на якой былі прадстаўлены навуковыя дасягненні ўстаноў адукацыі. Праектаў было мноства, але большасць распрацовак прадстаўлялі гаспадары — студэнты і выкладчыкі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Наведвальнікі маглі на свае вочы ўбачыць работу 3D-прынтара, азнаёміцца з дзейнасцю дэфектаскопа — прылады, якая дазваляе быццам на медыцынскім УГД убачыць усе дэфекты металу.
Цікавасць у прысутных выклікала распрацоўка Мінскага цэнтра экалагічных рашэнняў. Прыбор велагенератар дапамагае зразумець, наколькі атрыманне энергіі — справа выдатковая. Прыцягвалі ўвагу і стэнды Магілёўскага ўніверсітэта харчавання. У ВНУ актыўна распрацоўваюць новыя рэцэптуры розных прадуктаў харчавання, адметная асаблівасць якіх — вытворчасць на натуральнай аснове з выкарыстаннем беларускай сыравіны. Многія людзі надоўга затрымліваліся ля экспазіцыі аддзела тэхнічнай творчасці АЦТ. Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка” прадстаўлялі на выставе свае першыя распрацоўкі — робатаў, сабраных з канструктара. Праграмы ў іх пакуль простыя, ды і самі робаты больш нагадваюць цацкі, але заняткі ў гуртку значна спрыяюць развіццю здольнасцей дзяцей. Хто ведае, можа, у будучым яны стануць праграмістамі або канструктарамі?
— А магчыма, сярод сённяшніх удзельнікаў фестывалю навукі ёсць і будучыя нобелеўскія лаўрэаты, — заўважыў рэктар БРУ Ігар Сазонаў. — Гледзячы на інавацыйныя распрацоўкі тэматычнай выставы, пераконваешся, што наша падрастаючае пакаленне вельмі таленавітае, многія могуць стаць навукоўцамі. Задаткі для гэтага ёсць у кожнага. Мы пастараліся, каб форум стаў платформай, на якой можна праявіць сябе, атрымаць новы каштоўны вопыт, таму праграму зрабілі максімальна насычанай і карыснай, — адзначыў Ігар Сяргеевіч.
У рамках фестывалю было прадугледжана шмат мерапрыемстваў. Аспірантаў і студэнтаў ВНУ запрашалі да ўдзелу ў адкрытай Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы. Школьнікам прапаноўвалі паўдзельнічаць у канферэнцыі навуковых работ “Гульні розуму”, конкурсе малюнкаў, вучэбных і навуковых фільмаў “Фізіканскія львы”, конкурсе прэзентацый “Навука і яе творцы”, інтэлектуальным чэмпіянаце “Свая гульня”. Усе жадаючыя маглі прадставіць свае работы на выставе навукова-тэхнічнай творчасці “Тэхнахіт”. Акрамя таго, моладзь чакалі круглыя сталы, лекцыі ад перадавых беларускіх і замежных навукоўцаў.
Шырокія магчымасці для самапрэзентацыі ўдзельнікі фестывалю навукі выкарысталі ў поўнай меры. Слушныя ідэі гучалі на ўсіх конкурсах. Праекты школьнікаў ні ў чым не саступалі распрацоўкам студэнтаў і аспірантаў. На канферэнцыі “Гульні розуму” навучэнцы агульнаадукацыйных навучальных устаноў прадставілі 50 даследаванняў па такіх дысцыплінах, як “Фізіка”, “Хімія”, “Біялогія”, “Матэматыка”, “Экалогія”, “Геаграфія”, “Астраномія”. Ліцэй БРУ, у якім праходзіла канферэнцыя, у дзень абароны праектаў нагадваў вулей. На трох паверхах установы размясціліся дэманстрацыйныя стэнды ўдзельнікаў. Каля кожнай экспазіцыі — натоўп цікаўных.
Навучэнкі гімназіі № 5 Віцебска Вікторыя Томасан і Таццяна Вярбовіч развеялі міф аб тым, што шакалад шкодны для здароўя. Дзяўчынкі правялі разнастайныя доследы с дваццаццю чатырма відамі гэтага ласунку і вызначылі: якасны горкі шакалад ва ўмеранай колькасці прыносіць толькі карысць. Яшчэ адны прадстаўнікі гэтай навучальнай установы — Ульяна Марозава і Ілья Герасімаў — змаглі адрадзіць і ўдасканаліць спосаб захавання прадуктаў харчавання, якім карысталіся нашы продкі.
— Прылада з двух накрытых тканінай гліняных гаршкоў, зазор паміж якімі запоўнены ўвільготненым пяском, дзейнічае па прынцыпе халадзільніка. Прадукты захоўваюцца на працягу некалькіх дзён, — расказалі юныя даследчыкі.
Патрэбныя распрацоўкі прадстаўлялі навучэнцы Ліцэя БРУ. Так, Дар’я Лапо са звычайнага кардону і фольгі стварыла ўніверсальную сонечную печку, у якой можна гатаваць разнастайныя стравы, эканомячы энергарэсурсы і грашовыя сродкі. Вольга Валькоўская зрабіла партатыўны салямер, які ні ў чым не саступае прамысловым аналагам. А Яна Сяверына і Дзмітрый Мяжэнін даследавалі мёд і вывелі шэраг рэкамендацый па яго выбары.
Навучэнцы Ліцэя БНТУ Цімафей Цімафееў і Аляксандр Семяновіч мараць ажыццявіць аўтаномны запуск касмічнага спадарожніка ў Беларусі. Яны вывучылі ландшафт Мінскай вобласці і знайшлі патрэбны ўзгорак у Сілічах з патрэбнай вышынёй.
— Размясціўшы на гэтым узгорку гармату з электрамагнітнымі паскаральнікамі, мы зможам адправіць у космас спадарожнік для атрымання адтуль сонечнай энергіі, якая ў выглядзе ЗВЧ-сігналу будзе адсылацца на Зямлю і ператварацца ў энергію электрычную. Падобны спосаб запуску спадарожніка больш эканамічны, чым ракетны, а яшчэ ён не наносіць ніякай шкоды атмасферы і экалогіі, — запэўнілі хлопцы.
Вучаніца сярэдняй школы № 4 Касцюковіч Сафія Лук’янава вызначыла эфектыўныя метады доўгага захавання навагодняй ёлкі. Алеся Чабыкіна і Аляксандра Іванькова з сярэдняй школы № 27 Магілёва прыдумалі эліксір маладосці для раслін. Чацвёртакласнікі сярэдняй школы № 31 Магілёва Пётр Грушэўскі і Дар’я Іваніцкая зрабілі каляндар святкавання дзён нараджэння для тых, хто нарадзіўся 29 лютага. Навучэнцы Бортнікаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна Ганна Хрусан і Яўген Пінчук прапаноўвалі ствараць на малапрыдатных землях палі для гольфа.
Увогуле, як адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш, удзельнікі фестывалю прадстаўлялі шмат патрэбных і перспектыўных праектаў. Гэта сведчыць аб тым, што ва ўстановах адукацыі створаны належныя ўмовы для заняткаў даследчай дзейнасцю і навукова-тэхнічнай творчасцю. Падкрэсліў Вадзім Анатольевіч і важнасць правядзення падобных форумаў, якія павышаюць цікавасць навучэнцаў і студэнтаў да навукі. Аналагічныя мерапрыемствы ў рамках ужо рэспубліканскага фестывалю маладзёжнай навукі пройдуць у іншых рэгіёнах краіны.
— З такой моладдзю, як вы, мы можам смела глядзець у будучыню, бо ў нас ёсць добрая змена. Працягвайце і далей ісці наперад, — пажадаў Вадзім Анатольевіч, адкрываючы цырымонію ўзнагароджання.
Дарэчы, яна выдалася маштабнай. На адкрытай Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы абсалютным пераможцам стаў прадстаўнік Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Будзімір Баеў. Па выніках канферэнцыі “Гульні розуму” дыпломы І ступені атрымалі навучэнка Ліцэя БРУ Вольга Валькоўская, навучэнец Рэчыцкага раённага ліцэя Яўген Сівіцкі, а таксама навучэнцы гімназіі Крычава Ганна Краўчанка, Кацярына Шылава, Ігар Іўкін. У конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “Тэхнахіт” перамог навучэнец Ліцэя БРУ Аляксандр Старавойтаў. Трыццаццю пяццю прызавымі дыпломамі былі ўзнагароджаны ўдзельнікі конкурсаў “Фізіканскія львы”, “Навука і яе творцы”, “Я малюю навуку”. Усяго ж сваіх заслужаных уладальнікаў знайшлі каля 250 удзячных лістоў, грамат і дыпломаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.