Фуэтэ для брыдкага качаняці

Грацыёзныя юныя балерыны ў купальніках і трыко старанна займаліся, дэманструючы выдатную расцяжку, ля балетных станкоў, устаноўленых на сцэне ў актавай зале Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.

Чарговы ўрок класічнага танца вяла Вольга Лапо, якая дваццаць гадоў выконвала ў сталічным Вялікім тэатры вядучыя партыі ў “Стварэнні свету”, “Спартаку”, “Пер Гюнце” і іншых знакавых спектаклях. Сёння праслаўленая балерына — цудоўная выкладчыца, якая за высокія дасягненні ўзнагароджана ў мінулым годзе медалём Францыска Скарыны.

Голас настаўніцы гучаў ціха і добразычліва: “Дзяўчынкі, у вас ногі не бяруць амплітуду рухаў. Давайце вастрэй і даходзьце да верхніх пунктаў. Свабодны верх, вострыя ступні пакажыце!”

Вучыцца ўсё жыццё

— Гэта выпускніцы каледжа, якія ў наступным годзе стануць дыпламаванымі артысткамі балета, — расказвае Вольга Аляксандраўна. — Я вяду іх з першага года навучання. Да майго асноўнага класа далучыліся дзяўчынкі з Піцера, Пярмі, Японіі, але касцяк захаваўся, большасць займаецца ўжо восьмы год.

Ты праводзіш з імі вялікую колькасць часу, глядзіш, як яны фарміруюцца, клапоцішся пра іх, і ўсе для цябе даўно сталі роднымі, нібы ўласныя дзеці. За кожнае дзіця педагог вельмі хвалюецца, перажывае, хоча, каб яно ў сваім жыцці дасягнула вялікіх вышынь. Натуральна, у некага не атрымліваецца, некаму не хапае характару, хочацца паесці сало­дзенькага, а для балерыны лішняя вага — гэта амаль катастрофа. Але я іх усіх люблю.

— Нехта падае ўжо вялікія надзеі?

— Вядома. Напрыклад, мінчанка Дана Мазурава, яна займаецца ў мяне з 1 класа. Гэта было спачатку нязграбнае дзіця, якое не пападала ні ў музыку, ні ў такт. І паступова з маленькага брыдкага качаняці ператварылася ў прыгожага лебедзя. Многія дзяўчынкі, тая ж Дана, Кацярына Семянякава, Лізавета Мусорына, Аляксандра Зайцава, удзельнічалі ў міжнародных конкурсах, станавіліся лаўрэатамі.

— Яны ў свае васямнаццаць разумеюць, што балет — гэта іх жыццё і лёс?

— Безумоўна. Некаму пашча­сціць трапіць у Вялікі тэатр, хтосьці стане запатрабаваным у Музычным тэатры і г.д., як лёс складзецца. Але вучыцца ім давядзецца заўсёды, усё жыццё, ці ты танцуеш, ці ты стаў выкладчыкам.

Наша прафесія вельмі дысцыплінуе. Гэта поўная ўвага, паслушэнства, пастаўленыя задачы няўхільна павінны выконвацца. Маленькія абавязаны слухаць педагога, дарослыя — педагога-рэпетытара. Прыйдзе час, і многія з іх самі пачнуць перадаваць сакрэты свайго майстэрства, свой светапогляд, манеру паводзін. Гэта дасягаецца не павучаннямі, а асабістым прыкладам.

— Вы вырашылі стаць педагогам, яшчэ калі танцавалі? Ці гэта выйшла спантанна?

— Пакуль танцуеш, думаеш толькі пра спектаклі і свае ролі. Усё атрымалася сапраўды спантанна. Калі прыйшоў час расставацца са сцэнай, нам з мужам, народным артыстам Беларусі Віктарам Саркісь­янам, прапанавалі пае­хаць папрацаваць па кантракце ў Сірыю: у Дамаску трэба было адкрываць харэаграфічную школу для маленькіх дзяцей і выкладаць.

Педагагічны і пастановачны вопыт у нас ужо быў, і мы доўга не раздумвалі. Аб чым потым не пашкадавалі, папрацаваўшы яшчэ ў некалькіх краінах і вярнуўшыся ў родныя пенаты.

Фактура + упартасць

— У некага з вашых выхаванцаў сапраўды ёсць шанс трапіць пасля заканчэння каледжа ў Вялікі тэатр?

— Так, у нас быў галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Юрый Траян, глядзеў і адабраў 5 дзяўчынак. Японкі, калі захо­чуць, могуць заставацца на стажыроўку. Але таксама павінны прайсці сур’ёзны адбор.

— Помніцца, у 2007 годзе ў вас наогул увесь выпуск запрасілі танцаваць на галоўнай балетнай сцэне краіны…

— Так, вельмі моцны быў клас. Тым больш дзеці тады 9 гадоў вучыліся, а не 8, як зараз, і значыць, лепш асвоілі праграмы. У тым выпуску была, дарэчы, і Каця Алейнік — сёння зорка сусветнага ўзроўню. А выглядала спачатку нязграбнай і нічым не прыметнай дзяўчынкай. Але чым больш ёй гаварылі, Каця, маўляў, ты для паміраючага лебедзя Сен-Санса не вельмі падыходзіш, тым больш настойліва яна працавала, паўтараючы: “Хачу рабіць двайныя фуэтэ і буду”. І зрабіла, і дабілася. Мэтанакіраванасць, апантанасць і любоў да прафесіі перамагаюць наогул усё.

За кожнае дзіця педагог вельмі хвалюецца, перажывае, хоча, каб яно ў сваім жыцці дасягнула вялікіх вышынь. Натуральна, у некага не атрымліваецца, некаму не хапае характару, хочацца паесці салодзенькага, а для балерыны лішняя вага — гэта амаль катастрофа.

— Дарэчы, а дзе Каця зараз?

— Танцуе ў Францыі. Яна нястомная падарожніца, доўга сядзець не можа на адным месцы, ёй увесь час трэба пазна­ваць штосьці новае, цалкам аддаецца прафесіі. І ўсюды выконвае вядучыя партыі, вельмі запатрабавана.

Яшчэ адна мая выхаванка, Аліна Пятроўская, выпускніца 2014 года, танцуе ў знакамітым Тэатры балета Барыса Эйхмана ў Піцеры. Таксама быў вельмі добры клас. Назаву хаця б вядучага майстра сцэны ў Вялікім тэатры Людмілу Уланцаву і салістку Вераніку Аўчыннікаву, вядучую балерыну Музычнага тэатра Алену Германовіч. Лена Падольская дасягнула вялікіх вышынь па лініі сучаснай харэаграфіі і г.д.

— Пару гадоў назад Валянцін Елізар’еў параіў мне звярнуць увагу на статную і высокую прыгажуню Людмілу Уланцаву, маўляў, падрастае яркая зорачка. А сёння яна ўжо прыма.

— Яе бралі разам з братам, яны двайняты. У дзяўчынкі таксама, прама скажам, асаблівай фактуры не было. Але, па-першае, я стараюся развіваць у дзяцей правільныя мышцы, таму даводзіцца ўдзяляць даволі вялікую ўвагу, каб фарміраваліся прыгожыя ногі, ступні, спіна. Вельмі многае залежыць не толькі ад прыроды, але і ад настойлівасці і ўпартасці самога вучня. У Люсі, як у свой час у Каці Алейнік, праца­здольнасць аказалася неймаверная, а гэта заўсёды пераважвае любыя мінусы.

Шчаслівы ўзрост

— Вы сказалі, што стараецеся фарміраваць у дзяцей правільныя мышцы. У вас ёсць свая методыка?

— Вядома. Я нават напісала работу ў Акадэміі музыкі, дзе працую дацэнтам на кафедры харэаграфіі, распрацаваны спецыяльны комплекс практыкаванняў. Дарэчы, выхаванцы каледжа маюць магчымасць паралельна вучыцца ў Акадэміі, каб атрымаць вышэйшую адукацыю і заставацца ў прафесіі.

— Яны, здаецца, і так атрымліваюць нядрэнную гуманітарную адукацыю.

— Так. Нашы дзеці ўме­юць іграць на фартэпіяна, ведаюць мовы, мы з імі пастаянна глядзім балетныя і оперныя спектаклі ў нашым Вялікім тэатры ці ў відэазапісе. Іх вучаць класічнаму танцу — акадэмічнаму, сур’ёзнаму, высакароднаму, а класіка — паняцце пазачасавае. Яны і ў жыцці павінны быць прыгожа прычасаны, апрануты і г.д. Вядома, дзяўчынкам хочацца і пазногці намаляваць, і яшчэ неяк упрыгожыцца. Але густ павінен прысутнічаць.

— Сёння ў іх яшчэ будуць практычныя заняткі?

— Будуць яшчэ ўрокі народнага і сцэнічнага танца. Акрамя гэтага, іх вучаць сучаснаму танцу, а таксама дуэту — уменню танцаваць з партнёрам.

— Балет — гэта нялёгкая праца?

— Так. Гэта жорсткі рэжым, трэба трымаць вагу. Прывучыць сябе да штодзённых практыкаванняў, што неаднаразова паўтараюцца і ўмацоўваюць мышачную памяць: цела павінна запом­ніць усе неабходныя рухі, позы, па.

І так усё жыццё. Затое нашы дзеці працавітыя і дысцыплінаваныя, прывучаны падпарадкоўвацца і цалкам давяраць педагогу.

— Вы з кожнай са сваіх выхаванак знаходзіце душэўны кантакт?

— Стараюся. Мы цікавімся іх жыццём па-за сценамі навучальнай установы, з бацькамі кантактуем. Безумоўна, розныя сем’і бываюць, ды і дзеці таксама. Але тут, у класе, у нас свой свет, дзе трэба адна адной дапамагаць, падказ­ваць, ніколі не зайздросціць, радавацца чужому поспеху. Дзяўчынкі не толькі забіраюць маю энергію, але і аддаюць мне сваю, калі ў іх штосьці атрымліваецца. А калі не атрымліваецца, я вельмі перажываю за іх.

— Васямнаццаць — узрост цудоўны і шчаслівы, але і праблемны, хочацца ўсяго і адразу. Як вы ставіцеся да ўзаемаадносін дзяўчат і юнакоў?

— Закаханасць — прыгожае пачуццё, якое павінна нас стымуляваць у жыцці і любімай прафесіі. Я сама па гэтым шляху прайшла, і мы з мужам ужо паўвека разам. 

Уладзімір ПІСАРАЎ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.