У панядзелак у Беларусі стартуе Рэспубліканская акцыя “Футбольныя канікулы — 2014!”, якую па традыцыі ў нашай краіне арганізуе Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў разам з асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола”.
З чэрвеня і па жнівень на фізкультурна-спартыўных базах аздараўленчых лагераў усіх рэгіёнаў Беларусі будуць праводзіцца майстар-класы па футболе. У ролі педагогаў выступяць трэнеры і вядучыя гульцы нацыянальных каманд. Таксама юных футбалістаў чакаюць футбольныя фестывалі і конкурсы, паказальныя выступленні вядомых спартсменаў, міні-турніры сярод аматарскіх каманд.
Як заўсёды, спаборніцтвы будуць праводзіцца ў два этапы. На першым этапе ўнутры аздараўленчых лагераў пройдуць адборачныя турніры. На другім этапе змагацца за перамогу будуць лепшыя адабраныя каманды ва ўзроставых падгрупах: хлопцы 9—11 гадоў, хлопцы 12—14 гадоў і дзяўчаты 12—14 гадоў.
Гульцы каманд будуць узнагароджаны памятнымі жэтонамі “Футбольныя канікулы — 2014”, а таксама футбольнымі мячамі.
Нагадаем нашым чытачам, што Міністэрства адукацыі сумесна з асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола” працягваюць правядзенне Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў па папулярызацыі футбола і комплекснага фізкультурна-спартыўнага мерапрыемства “Урок (гадзіна) футбола”.
Мэтай конкурсу стала выяўленне і распаўсюджванне найбольш эфектыўных форм работы па фізічным выхаванні, прыцягненне дзяцей і падлеткаў да сістэматычных заняткаў гульнявымі відамі спорту і перадача таленавітых навучэнцаў у спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы для далейшых заняткаў футболам.
На рэгіянальным этапе, які ўключае ў сябе вучэбны перыяд са студзеня па май, а таксама летні аздараўленчы перыяд з чэрвеня па жнівень, будуць адабраны тыя работы, якія трапяць на этап рэспубліканскі. Конкурсныя матэрыялы для ўдзелу ў другім этапе да 1 кастрычніка 2014 года накіроўваюцца абласнымі цэнтрамі фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў у Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
Пераможцаў конкурсу чакае прэмія ад Беларускай федэрацыі футбола.
Наталля АЛЁХІНА.