Футбольныя мячы — новаму пакаленню

- 10:16Актуально, Апошнія запісы

Беларускім школьнікам у дні асенніх канікул падарылі футбольныя мячы. Цырымонія ўручэння прайшла ў рамках акцыі “Футбольныя мячы — школам” у Доме футбола.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Прадстаўнікам абласных цэнтраў фізічнага выхавання і спорту ўручаны сімвалічныя мячы і сертыфікаты, па якіх установы агульнай сярэдняй адукацыі па ўсёй краіне атрымаюць 23 461 футбольны мяч.
“Масавы футбол — аснова поспеху для многіх пачынаючых гульцоў у будучыні. Федэрацыя ўдзяляе сур’ёзную ўвагу гэтаму напрамку. Кожны год АБФФ рэалізоўвае праграмы для развіцця дзіцячага футбола. Вельмі спадзяюся, што мячы, перададзеныя ў агульнаадукацыйныя ўстановы Беларусі, дапамогуць настаўнікам фізкультуры, трэнерам выхаваць новых адораных гульцоў”, — адзначыў Сяргей Румас.

На думку міністра адукацыі Ігара Карпенкі, без пільнай увагі развіццю спорту, фізічнай культуры немагчыма выхаваць дастойнага грамадзяніна. “У Мінадукацыі даўнія партнёрскія адносіны з АБФФ. Радуе, што мячы, якія сёння перададзены ў рэгіёны, трапяць у сельскія, невялікія школы, бо менавіта з невялікіх населеных пунктаў часта выходзяць гульцы высокага ўзроўню. Мінадукацыі заўсёды адкрыта для ўсіх спартыўных ініцыятыў, не толькі федэрацыі футбола, але і іншых спартыўных федэрацый, з якімі ў нашага ведамства цесныя адносіны ў сферы фізічнай культуры і спорту”, — адзначыў ён.

Беларуская федэрацыя футбола сумесна з Міністэрствам адукацыі ўжо двойчы, у 2013 і 2015 гадах, перадавала футбольны інвентар у школы, а напярэдадні летніх канікул першакласнікі сельскіх школ штогод атрымліваюць ад федэрацыі падарункі ў час акцыі “Падары дзіцяці мяч”.

Па матэрыялах БелТА.