Гадзіна сяброўства туркменскіх і беларускіх студэнтаў

- 10:03Актуально, Апошнія запісы

Мерапрыемства пад такой назвай прайшло ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. У ім узялі ўдзел міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь Назаркулы Шакулыеў, начальнік упраўлення двухбаковых адносін з краінамі СНД Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Страчко, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук і туркменскія студэнты, якія атрымліваюць адукацыю ў БДПУ.

Выступаючы перад студэнтамі, міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што двухбаковыя стасункі паміж Беларуссю і Туркменістанам маюць стратэгічны характар. Дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі былі ўсталяваны 21 студзеня 1993 года, і з таго часу супрацоўніцтва актыўна развіваецца. Дзейнічае цэлы шэраг міжурадавых пагадненняў, дамоў паміж міністэрствамі адукацыі дзвюх краін, а таксама паміж асобнымі ўніверсітэтамі. Нядаўна ў ходзе візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Туркменістан былі падпісаны 6 новых дагавораў аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, навукі і інавацый.

Ігар Карпенка, які таксама наведаў Туркменістан, палічыў важным сустрэцца са студэнтамі — грамадзянамі гэтай краіны, якія атрымліваюць адукацыю ў Беларусі, каб праінфармаваць іх аб тым, як развіваюцца адносіны дзвюх краін, выслухаць усе пажаданні і вырашыць магчымыя пытанні.

Міністр расказаў, што ключавой падзеяй згаданага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Туркменістан стала адкрыццё Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па здабычы і перапрацоўцы калійных солей. Гэта маштабны праект беларускіх будаўнікоў, якія ў новых для сябе прыродных умовах пабудавалі сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства.

“Сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Туркменістана праходзяць штогод з 2009 года, — паведаміў начальнік упраўлення двухбаковых адносін з краінамі СНД Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Страчко. — За гэты час мы сталі сапраўды сяброўскімі народамі, у нас склаліся цёплыя, даверлівыя адносіны. І калі ў 2010 годзе мы прыступілі да распрацоўкі праектавання і затым будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па здабычы і перапрацоўцы калійных солей, гэта быў выклік і праверка на трываласць нашых сяброўскіх адносін. Яшчэ ў 60-я гады было разведана радовішча калійных солей у Гарлыку, але тады нават такая магутная краіна, як Савецкі Саюз, не адважылася распрацоўваць гэтае радовішча. А мы разам з Туркменістанам вырашылі праблему і пабудавалі ўнікальнае прадпрыемства”.

“У ходзе цяперашніх перамоў лідары дзвюх краін пацвердзілі гатоўнасць і далей паглыбляць двухбаковыя адносіны ў палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах, — паведаміў Ігар Карпенка. — У прыватнасці, гаворка ішла аб забеспячэнні Туркменістана лагістычнымі цэнтрамі для арганізацыі паставак туркменскіх тавараў у Еўропу, двухбаковым развіцці аграрнай навукі, энергазберажэнні, ахове здароўя, біятэхналогіях. Агучана прапанова аб стварэнні сучасных цягнікоў для гарачага клімату Туркменістана. Таксама Беларусь плануе ўзяць удзел у конкурсе на будаўніцтва ў Туркменістане дарог і аэрапорта. Перад урадамі сваіх краін кіраўнікі дзяржаў паставілі задачу больш цеснага супрацоўніцтва ў сферы ІТ-тэхналогій, перадачы беларускага вопыту ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі, развіцця хуткаснага чыгуначнага руху ў Туркменістане, пашырэння магчымасцей для арганізацыі турызму”.

Большасць замежных студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю ў БДПУ імя Максіма Танка, — грамадзяне Туркменістана. Сёння іх звыш 280 чалавек. Ва ўніверсітэце створана туркменскае зямляцтва. Як паведаміў рэктар БДПУ Аляксандр Жук, туркменскія студэнты з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх універсітэцкіх мерапрыемстваў — адукацыйных, навуковых, творчых, спартыўных. Яны нават выступаюць асобнай камандай у “Клубе Вясёлых і Знаходлівых”.

Ігар Карпенка расказаў, што Міністэрства адукацыі прывезла з Туркменістана пакет дамоўленасцей, якія будуць рэалізоўвацца ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва. “Па-першае, гэта пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай кадраў для Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, і магчымасць стварэння адпаведнай сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай (а можа, і сумешчанай) установы адукацыі, — заўважыў міністр. — Мы гатовы прадаставіць распрацаваныя навукова-метадычныя комплексы па шэрагу спецыяльнасцей для згаданага прадпрыемства. Акрамя гэтага, плануем прыняць удзел у адукацыйнай выставе, якая пройдзе ў Туркменістане. На гэтай выставе будзе прадстаўлена большасць універсітэтаў, а таксама сярэднія спецыяльныя ўстановы Беларусі. Яны пакажуць той шырокі спектр адукацыйных праграм і спецыяльнасцей, па якіх у нас вядзецца падрыхтоўка, прадэманструюць сучасныя падыходы і магчымасці.
А яшчэ ёсць дамоўленасць аб рэалізацыі шэрага гуманітарных праектаў, напрыклад, аб аздараўленні туркменскіх дзяцей у Беларусі і, адпаведна, беларускіх дзяцей у Туркменістане ў дамах адпачынку на ўзбярэжжы Каспія”.

Адметна, што гадзіна сяброўства туркменскіх і беларускіх студэнтаў не завяршылася ў БДПУ імя Максіма Танка. Аналагічнае мерапрыемства з удзелам міністра адукацыі Беларусі і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь прайшло таксама ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.