Гагарынскія чытанні

- 10:32Навіны рэгіёнаў

У ХХІ стагоддзі людзі не страцілі зачараванасці космасам і жадання раскрыць яго таямніцы. Гэта штогод даказваюць удзельнікі Міжнародных грамадска-навуковых чытанняў, прысвечаных памяці Юрыя Гагарына. Сёлета мерапрыемства адбылося 44-ы раз у Гагарыне і Каралёве.

У 2017 годзе адзначаюцца “касмічныя” даты: 160 гадоў з дня нараджэння выдатнага вучонага і вынаходніка, заснавальніка тэарэтычнай касманаўтыкі К.Э.Цыялкоўскага і 110 гадоў з дня нараджэння С.П.Каралёва, адной з найбуйнейшых фігур XX стагоддзя ў галіне касмічнага ракетабудавання і караблебудавання. Гэтыя даты згадвалі ў сваіх выступленнях удзельнікі XLIV Гагарынскіх чытанняў, якія сабралі юных аматараў космасу на базе аб’яднанага мемарыяльнага музея Ю.А.Гагарына і Каралёўскага каледжа касмічнага машынабудавання і тэхналогій. Сярод удзельнікаў чытанняў былі і беларускія школьнікі — дзеці з Мінскай вобласці.

На пленарных і секцыйных пасяджэннях Гагарынскіх чытанняў прагучалі 103 даклады па розных тэмах. На мерапрыемстве выступалі спецыялісты вядучых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый касмічнай галіны, студэнты і аспіранты профільных касмічных вышэйшых і сярэдніх прафесійных навучальных устаноў, а таксама самыя юныя ўдзельнікі — школьнікі.

Удзельнікамі Гагарынскіх чытанняў навучэнцы ўстаноў адукацыі Міншчыны становяцца штогод і заўсёды вяртаюцца дадому з узнагародамі. Сёлета яны паспяхова прадставілі свае працы ў дзвюх секцыях: “Касманаўтыка і моладзь” і “Гісторыя ракетна-касмічнай тэхнікі і пілатуемай касманаўтыкі”. Па выніках мерапрыемства дыпломамі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў узнагароджаны Валянціна Сігаева, навучэнка сярэдняй школы № 3 Чэрвеня, Дзмітрый Макарыч, навучэнец гімназіі № 1 Слуцка, і Мікіта Рогаў, навучэнец Крупскай раённай гімназіі. Валянціна стварыла віртуальную экскурсію “Ён сказаў “Паехалі!” пад кіраўніцтвам настаўніцы Л.У.Кацько. Дзмітрый прадставіў на чытаннях работу “Каб аб космасе марыць, аб Сусвеце трэба ведаць!”, якую распрацаваў пад кіраўніцтвам настаўніцы Т.Я.Максіменка. Мікіта атрымаў узнагароду за работу “У космас у XVII стагоддзі?”, створаную пад кіраўніцтвам педагога М.М.Рогава.

Кірыл Ліпскі і Дзяніс Барысевіч, навучэнцы Смалявіцкай раённай гімназіі, былі ўзнагароджаны дыпломам аргкамітэта за работу “Прыборы для касмічных даследаванняў, распрацаваныя ў Беларусі”. Гэтую тэму яны даследавалі пад кіраўніцтвам Валянціны Якаўлеўны Лявончанка.

Акрамя дыпломаў, цікавага вопыту і непаўторных уражанняў, удзельнікі чытанняў атрымалі яшчэ адзін цудоўны падарунак: дзяцей са Слуцка і Чэрвеня запрасілі прадставіць свае працы падчас летняй змены Міжнароднай аэракасмічнай школы ва Уфе і на навуковых чытаннях памяці К.Э.Цыялкоўскага ў Калузе.

Дар’я РЭВА.