Галаваломкі і эксперыменты са штодзённасці: як зацікавіць школьнікаў хіміяй, расказала Наталля Траянава

- 9:04Главная, Образование

Хімія — гэта цікава! Настаўніца Краснапольскай раённай дзяржаўнай гімназіі Наталля Траянава ведае, як захапіць навучэнцаў гэтай няпростай навукай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Для большасці вучняў хімія — даволі складаны прадмет. Але калі тлумачыць матэрыял не сухой мовай з падручніка, а напоўніць урок эксперыментамі са штодзённасці, даступнымі жыццёвымі прыкладамі, то хімія становіцца простай для ўспрымання. Дзеці захопліваюцца, і абыякавых на занятках не застаецца. Адным словам, усё залежыць ад педагога, — упэўнена Н. Траянава.

Таямніцы хіміі настаўніца раскрывае навучэнцам Краснапольскай гімназіі на працягу ўжо 27 гадоў. За гэты час выпрацавала сваё бачанне паспяховага навучання. На яе думку, эфектыўным урок будзе толькі тады, калі ў ім гарманічна спалучаюцца навуковасць і даступнасць, сістэмнасць і паслядоўнасць, тэорыя і практыка.

На занятках імкнуся паказаць, што ўсе працэсы, якія адбываюцца на нашай планеце, неадрыўныя ад хіміі. Спрабую даказаць сваім вучням, што хімія і наша рэчаіснасць непарыўна звязаныя. Вучу дзяцей прымяняць атрыманыя веды. Што канкрэтна для гэтага раблю? Праводжу эфектныя доследы, спрабую заінтрыгаваць хімічнымі рэакцыямі, сухія формулы ператвараю ў галаваломкі. Усё гэта неверагодна захапляе дзяцей. Яны пачынаюць ставіцца да хіміі не як да складанага вучэбнага прадмета, а як да ўрокаў, звязаных з рэальнасцю. У навучэнцаў узнікае маса пытанняў, і яны самі пачынаюць шукаць на іх адказы, — адзначыла Н. Траянава.

На яе думку, істотным фактарам паспяховага навучання з’яўляецца арганізацыя паўтарэння. На сваіх уроках гэтаму педагог удзяляе вялікую ўвагу:

— Правільна арганізаваны паўтор спрыяе інтэлектуальнаму развіццю вучняў, дасягненню імі глыбокіх ведаў. Раней пройдзеныя тэмы павінны служыць падмуркам, на які абапіраецца вывучэнне новага. Наогул, за гады работы я зразумела: якасць адукацыі заключаецца не ў колькасці ведаў, а ў поўным разуменні і ўмелым ўжыванні ўсяго таго, што ведаеш, чаму вучыш. Настаўніку неабходна пастаянна імкнуцца выйсці за рамкі прадмета і паглядзець нават на самую «хімічную» праблему пад вуглом агульнай культуры. Думаю, што нельга «паглыбляцца з галавой» у шчолачы і кіслоты. Для мяне галоўнае, каб хімія дапамагала дзецям у іх штодзённым жыцці.

Спрыяльную атмасферу ў класе, прыязныя ўзаемаадносіны настаўніка і вучняў Н. Траянава таксама лічыць знакавымі для паспяховай вучобы. Яна пераканана: каб вучыць сённяшніх дзяцей, педагогу трэба быць з імі на адной хвалі.

Усебакова ўкараняю ў адукацыйны працэс сучасныя тэхналогіі. Нават тыя ж гаджэты ў шэрагу выпадкаў можна выкарыстоўваць на карысць. Аднак разам з тым прытрымліваюся думкі, што ніякія тэхналогіі ўсё роўна не заменяць жывога слова настаўніка. Любоў да дзяцей, да сваёй справы — гэта першачаргова. Для мяне кожны навучэнец — індывідуальнасць, асоба са сваімі здольнасцямі, якія стараюся максімальна раскрыць, — расказала суразмоўніца.

Педагагічныя прыёмы Н. Траянавай прыносяць адпаведныя вынікі. Яе вучні рэгулярна выходзяць у пераможцы трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, прымаюць актыўны ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах даследчых і творчых работ, паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара