Сёння госць праекта “Мая школа” — педагог у трэцім пакаленні, прарэктар па навуковай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, аўтар і суаўтар каля 200 работ па праблемах развіцця маўлення навучэнцаў, псіхалінгвістыцы, камунікатыўнай падрыхтоўцы настаўніка, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, старшыня Беларускага педагагічнага таварыства, доктар педагагiчных навук Галіна Іванаўна НІКАЛАЕНКА.
— Галіна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра вашу сям’ю і акалічнасці, якія паспрыялі таму, што вы звязалі свой лёс з педагогікай.
— Любая школа пачынаецца з сям’і. У нашай сям’і я педагог у трэцім пакаленні. Мой дзед Леанід Іванавіч выкладаў біялогію. Ён скончыў Дэрптскi (Тартускi) універсітэт і сельскагаспадарчую акадэмію ў Маскве, а лёс склаўся так, што яго накіравалі працаваць у Беларусь дырэктарам Навукова-даследчага інстытута рыбнай гаспадаркі Міністэрства прамысловасці БССР.
Маці Ніна Леанідаўна — яшчэ адзін педагог у маёй сям’і — была настаўніцай рускай і беларускай мовы, а таксама рэдактарам выдавецтва “Народная асвета”. Акрамя гэтага, яна з’яўлялася аўтарам шэрага падручнікаў па рускай і беларускай мове. За сваю працу мама была ўзнагароджана знакамі выдатніка адукацыі БССР і СССР. Філолагам яна стала з падачы тагачаснага міністра народнай асветы СССР. Пасля заканчэння школы паступіла на хімічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. А пасля таго як пад Масквой у ваенны час былi адноўлены заняткi Белдзяржуніверсітэта, напісала ліст да міністра асветы, каб ёй дазволілі перавесціся з МДУ ў БДУ. Дазвол яна атрымала, але ў рэзалюцыі было напісана: “Просьбу задаволіць. Залатое пяро адправіць на філфак!”. Так яна стала студэнткай філалагічнага факультэта БДУ.
У самым пачатку вайны, калі на прызыўны пункт збіралі афіцэраў, дзядуля трапіў пад бамбёжку, і яму перабіла ногі. Так ён апынуўся ў шпіталі чырвоных камандзіраў. Бабуля з трыма дзецьмі — двума сваімі і хлопчыкам, які быў у той момант у іх у гасцях, — перад тым як разам з іншымі бежанцамі пакінуць Мінск, сустрэлася з мужам. Думаю, у іх у той момант было адчуванне, што яны развітваюцца назаўсёды, і дзядуля сказаў ёй: “Тамара, вывучы дзяцей!”. Тая сустрэча ў шпіталі сапраўды стала апошняй: праз некаторы час дзеда, які застаўся ў акупіраваным Мінску, арыштавалі за сувязь з партызанамі, а потым разам з іншымі зняволенымі знішчылі ў Трасцянцы.
Бабулю звалі Тамара Аўгустаўна, але ў яе яшчэ быў вялікі шлейф імён. Пра тое, што яна напалову немка, я даведалася, калі мне было 33 гады. Думаю, вы разумееце, чаму гэты факт яе біяграфіі старанна хавалі.
Ідэя даць адукацыю была дамінантнай у нашым доме ва ўсе часы. Бабуля імкнулася рэалізаваць гэта ўсімі сіламі. Грашовага атэстата, які тыя, хто ваяваў на фронце, дасылалі сваім сем’ям, у бабулі не было, і ёй даводзілася ўсё выцягваць самой. Усё ўскладнялася тым, што ў яе не было прафесіі, якая магла б даць нармальны заробак (у даваенным Мiнску яна працавала загадчыцай аддзела выпуску на радыё). І для таго каб вывучыць дзяцей (маці ў той час вучылася ў Маскоўскім універсітэце), бабуля здавала кроў звыш дазволеных нарматываў.
— Як пазнаёміліся вашы бацькі?
— Пакаленне, якое перажыло вайну, для сябе я называю “пакаленне пераможцаў”, хаця са мной не ўсе пагаджаюцца. У 17 гадоў бацька пайшоў на фронт, прыпісаўшы сабе год. Ён прайшоў усю вайну і дэмабілізаваўся ў 1946 годзе, служыў у артылерыйскай разведцы (менавіта пра яе фільм “Выклікаем агонь на сябе”), а пра свае ваенныя гады расказаў толькі пад канец жыцця.
Ён, хлопчык з расійскай глыбінкі (з-пад Томска), расказваў пра сваю настаўніцу матэматыкі, якая давала яму рашаць складаныя задачы, і ён з-за свайго ўпартага характару імкнуўся іх рашыць. Адчуванне перамогі і пераадоленых перашкод для яго было вельмі важным. Навошта я пра гэта гавару? Тата на фронт узяў кнігу “Займальная матэматыка” і паміж баямі рашаў задачы.
Мой тата быў паранены падчас вайсковай аперацыi па вызваленнi Мінска і лячыўся ў адным з мабільных палявых шпіталяў. Даганяючы сваю франтавую часць, што, знішчаючы ворага, рухалася на захад, тата апынуўся ў цягніку, які вёз у Мінск студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
А далей было як у кіно. Часта для ўзняцця баявога духу дзяўчаты пісалі лісты салдатам і дасылалі свае фотаздымкі. Часам завязвалася перапіска. Едучы ў тым цягніку, тата перачытваў ліст ад незнаёмай дзяўчыны. Яго сябар, паглядзеўшы на фотаздымак, сказаў, што, як яму здаецца, дзяўчына з фатаграфіі едзе ў гэтым самым вагоне. Так мае бацькі і пазнаёміліся. Праўда, увесь час нікому не расказвалі пра той выпадак, і даведалася я пра яго ад свайго дзядзькі.
Калі тата пазнаёміўся з маёй мамай, яму чамусьці было сорамна за сваё вельмі простае імя Iван (ён жа не ведаў, што прыйдзе час, калi гэта будзе моднае імя), і ён назваўся Жэнем. Праз доўгі час яно так і замацавалася як дамашняе імя, што стала прычынай плётак і абгавораў. Неяк давялося падслухаць, як нехта гаварыў адно аднаму: “Вось у Ніны Леанідаўны цудоўны муж, але ж Галя ў яго няродная дачка: яна Іванаўна, а ён Жэня”. Я прыйшла дадому і заявіла тату, што з-за яго какецтва мяне лічаць незаконнанароджанай. Ён аж сумеўся… (смяецца).
Пасля вайны атрымаў прафесію юрыста і працаваў у Прэзідыуме Вярхоўнага Савета. Добра ведаючы матэматыку, ён часта дапамагаў мне рабіць дамашнія заданні. Але ён быў нецярплівы.
Я была бабуліна ўнучка. Мы з ёй хадзілі ўсюды, куды толькі можна: у тэатр, на выставы і іншыя імпрэзы — выхаваўчая атмасфера была створана менавіта яе намаганнямі.
— Як прайшлі вашы школьныя гады?
— Школа, у якой я вучылася, — адна з самых старых у Мінску. Сярэдняя школа № 42 узнікла ў 1935 годзе і насіла імя В.Р.Бялінскага. Спачатку яна была мужчынскай. І ўсім, хто туды прыходзіў вучыцца, абавязкова расказвалі, што яе ўмоўна называюць “гвардзейская непрамакальная”. Найперш гэта звязвалi з тым, што ў гэтай мужчынскай школе вучыліся “сыны палка” — хлопцы, якія прайшлі вайну, але не мелі магчымасці атрымаць адукацыю. З-за таго, што многія з іх былі гвардзейцамі, школу таксама сталі называць гвардзейскай. А чаму непрамакальная? Ішла гаворка пра тое, што, калі іх вазілі на сельгасработы, хлопцы ў любое надвор’е лічылі сваім абавязкам скончыць давераную ім работу і ніколі не сыходзілі з поля, нават калі ішоў дождж ці снег. І мы ўсе ганарыліся тым, што нам пашчасціла вучыцца ў такой легендарнай школе. Я ўпэўнена, што малая радзіма пачынаецца не толькі з сям’і, але і з асэнсавання далучанасці да той школы ці іншай установы адукацыі, з якой цябе звязаў лёс.
Настаўнікі ў мяне былі цудоўныя і вельмі прафесіянальныя. Увогуле гэта была вельмі інтэлiгентная педагагічная грамадскасць — і сённяшняя 42-я гімназія захавала гэты дух.
Добра памятаю сваю першую настаўніцу Валянціну Якаўлеўну Будзько, якая таксама была суаўтарам (разам з Л.П.Падгайскім) школьных падручнікаў па беларускай мове. Тое, што яна была настаўнікам высокага класа, я асэнсавала цяпер, калі мне прыйшлося дапамагаць унучцы Дарыне рабіць дамашнія заданні. Аказалася, што, дзякуючы настаўніцы, я шмат ведаю і памятаю.
Сёння мы шмат гаворым пра педагагічныя тэхналогіі, і я задумалася: а якія тэхналогіі выкарыстоўвалі нашы настаўнікі? У той час самай галоўнай тэхналогіяй быў сам настаўнік, яго высокая інфармаванасць і ўзровень ведаў, яго асоба. Безумоўна, былі і, як бы сказалі сённяшнія метадысты, моманты прыцягнення ўвагі вучняў. Я вельмі добра запомніла, як наша настаўніца літаратуры Святлана Рыгораўна Дуброўская на ўроках па камедыі “Рэвізор” выкарыстоўвала элементы тэатралізацыі. Я была Проста прыемная дама, а мая сяброўка Таня — Дама, прыемная ва ўсіх адносінах. Я ёй вельмі зайздросціла (смяецца).
Нас акружала вельмі спрыяльнае культурна-эстэтычнае асяроддзе: хор, гурткі выяўленчага і тэатральнага профіляў. І часам я думаю, што гэта менавіта тое, што ўспамінаецца найбольш ярка.
Калі размова ідзе пра 42-ю школу, нельга абмінуць увагай тое, што гэта школа, у якой вучыўся Жарэс Алфёраў (сённяшняя гімназія № 42 носіць яго імя). Чаму я пра гэта згадваю? Таму што Жарэс Іванавіч казаў, што сваім прафесійным выбарам ён абавязаны Якаву Барысавічу Мельцэрзону, настаўніку фізікі гэтай школы. І мне таксама давялося быць вучаніцай гэтага выдатнага педагога. Ён выкладаў у нас фізіку ў апошні школьны год. Нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, ён заставаўся вельмі цікавым і яркім чалавекам. Дзякуючы надзвычайнай дакладнасці, лагічнасці і аргументаванасці, ён умеў так тлумачыць матэрыял, што ты, не жадаючы і нават усімі сіламі супраціўляючыся, міжволі разумеў усё, што ён гаварыў. Я не стала фізікам, але я згодна з Алфёравым, што Якаў Барысавіч быў выбітным настаўнікам.
Калі я ўжо заканчвала інстытут, мне часта сніўся адзін і той жа сон, у якім Якаў Барысавіч выклікае мяне да дошкі, я не магу рашыць задачу, і Яша (так мы называлі яго між сабой) нервуецца. А нерваваць Якава Барысавіча было злачынствам, таму што работу кожнага з нас ён прапускаў праз сябе і галоўным крытэрыем яго педагагічнай дзейнасці было тое, як вучань яго зразумеў. І нашы адносіны да яго былі адпаведныя. У значнай ступені гэта было звязана з яго асобай і яго адданасцю прафесіі.
Гэтая школа непарыўна звязана з усім маім жыццём. У першы клас у гэтую школу пайшла мая дачка Ірына, у ёй вучыўся мой пляменнік Максiм, а зараз вучыцца мая ўнучка. Тут я праходзіла практыку ў студэнцкія гады.
Дарэчы, са студэнцкай практыкай звязаны адзін цікавы момант. Гэта была вучэбная практыка. Метадычныя дапаможнікі вучылі нас, што пры ажыццяўленні пазакласнай работы дзіця не можа быць адмоўным персанажам. І для рэалізацыі задумы мне прыйшлося з падручных матэрыялаў зрабіць вялікую ляльку. Мы апранулі яе ў штаны і кашулю, надзелі берэт майго мужа (муж потым не мог уцяміць, куды прапаў берэт) — атрымалася падобная на дзіця лялька, якая мела настолькі вялікі поспех, што маё пазакласнае мерапрыемства правалілася, таму што, калі другакласнікі пад рукі ўцягнулі гэтую ляльку ў клас, агульны рогат і радасць ад з’яўлення такога персанажа разбурылі ўсе планы. Але ж пасля трэба было некуды гэтую “істоту” дзець. Мы не знайшлі нічога лепшага, як пакласці яе сярод наглядных дапаможнікаў у лабаранцкай. І калі на наступны дзень я прыйшла ў школу, то даведалася, што сарванае мерапрыемства стала не адзінай няўдачай. Мяне абвінавацілі ў тым, што я давяла ледзь не да страты прытомнасці Соф’ю Феліксаўну Бародзіч, завуча пачатковых класаў, якой стала дрэнна, калі яна ўвайшла ў лабаранцкую і ўбачыла, што на стале нерухома ляжыць “вучань” (смяецца).
За шмат гадоў гэтая недарэчнасць забылася, але бумерангам прыляцела да мяне тады, калі я прывяла на практыку ў школу сваіх студэнтаў. Аказалася, гісторыя пра тое, якімі бываюць практыканты, атрымала самастойнае жыццё ў якасці школьнай легенды. Але я не прызналася, што да той гісторыі я мела самае непасрэднае дачыненне.
— Ці лічыце вы, што педагогіка — гэта дынастычная прафесія?
— Думаю, што гэта можа быць так. Але ёсць шмат прыкладаў, калі педагогі нараджаюцца і ў сем’ях, дзе педагогаў ніколі не было. Я ўвогуле за дынастычныя прафесіі: дынастыі медыкаў, сталявараў і іншых. Таму што акрамя ведаў, якія можна атрымаць у навучальнай установе, у такім выпадку ствараецца асаблівае асяроддзе, якое пэўным чынам узбуджае цікавасць да канкрэтнай прафесіі, павагу да яе і разуменне. Пры такім раскладзе чалавек прыходзіць у прафесію не выпадкова, а маючы дастатковую аргументацыю.
У чалавеку закладзена патрэба вучыць. І такая работа вельмі складаная і адказная, пры гэтым вельмі шчаслівая.
— Чым быў абумоўлены прафесійны выбар?
— З самага дзяцінства я ведала, што буду настаўніцай: ніякіх іншых прафесійных варыянтаў у мяне не было. На гэта значна паўплывала і тое, што ў нашай сям’і культ адукацыі быў вельмі моцны: факт, што трэба атрымаць адукацыю, ніколі не падвяргаўся сумненню.
Я паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага на аддзяленне пачатковых класаў. Пайшла туды, таму што ў пачатковай школе ў мяне працавала мама і мне гэта было вельмі цікава. Калі паступала, то асэнсоўвала, што гэтая прафесія патрабуе не толькі ведаў, але і любові да дзяцей. Бо настаўнік пачатковых класаў — гэта надзвычай эмацыянальна скіраваны на дзяцей чалавек.
Аднак настаўніцай пачатковых класаў мне давялося працаваць толькі на практыцы. Вучылася я добра, атрымлівала імянную стыпендыю імя Якуба Коласа. І пасля інстытута разам з іншымі выдатнікамі і лепшымі студэнтамі мяне адразу накіравалі ў Навукова-даследчы інстытут педагогікі (сённяшні Нацыянальны інстытут адукацыі). Там я паступіла ў аспірантуру, якая была звязана з рускай мовай.
У той час, калі я вучылася, у інстытуце працавала шмат практыка-арыентаваных педагогаў — на факультэце працавалі ў асноўным людзі, якія добра ведалі практыку выкладання. У нечым гэта было звязана і з пераемнасцю з курсам педвучылішча, навучанне ў якім таксама было скіравана на практычную дзейнасць.
Сярод вядомых педагогаў, якія вучылі мяне, былі Ларыса Дзмітрыеўна Глазырына, Аляксандр Харытонавіч Рычагоў, дэкан нашага факультэта Анатоль Іванавіч Саладуха. Ён не меў вучонай ступені, але быў надзвычайным знаўцам беларускай мовы. Да таго ж ён не проста ведаў мову, але і імкнуўся нам растлумачыць правілы, падабраць такія прыклады, каб мы яе палюбілі. І шмат гадоў пасля, сустрэўшы Анатоля Іванавіча, я сказала яму шчыры дзякуй. Ён вельмі ўзрадаваўся, бо для яго было важна, каб яго студэнты ведалі беларускую мову.
— Ці займаліся якой-небудзь грамадскай работай у студэнцкія гады?
— На працягу навучання была старастай групы.
У інстытуце быў пастаянны хор. І напачатку я ліха прыкінулася, што не ўмею іграць. На самай справе я пэўны час вучылася іграць на фартэпіяна, але вельмі гэтага не любіла. І гэта пры тым, што ў мяне знайшлі абсалютны слых і рукі, якія былі нібы прызначаны для таго, каб мне быць піяністкай. Адзіны вывад, які я зрабіла, аналізуючы маё навучанне музыцы: калі дзіця не хоча вучыцца, нішто яго да гэтага не прымусіць. Музычную школу я не скончыла, але жаданне сесці за інструмент часам узнікае.
Безумоўна, у нас былі шматлікія гурткі, на якія ў мяне проста не было часу, бо ўжо на 1 курсе я пазнаёмілася з маім будучым мужам і ў 18 гадоў выйшла замуж. І таму сям’я стала маёй галоўнай “грамадскай работай”. Улічваючы, што мы пражылі больш за 50 гадоў, відаць, гэта было не зусім завальнае мерапрыемства (смяецца).
— Як склалася, што вы сталі працаваць у сістэме дадатковай паслядыпломнай адукацыі?
— Сапраўды, усё маё рабочае жыццё аказалася звязаным з сістэмай дадатковай адукацыі дарослых, якую ў тыя часы называлі сістэмай павышэння кваліфікацыі. Я праводзіла шмат заняткаў на разнастайных курсах павышэння кваліфікацыі.
Але калі я стала займацца навукай, то зразумела, што нельга даследаваць педагогіку, не маючы практыкі ў школе. Таму я ўладкавалася працаваць па сумяшчальніцтве і паралельна выкладчыцкай дзейнасці вяла ўрокі рускай мовы. Наколькі я магу лічыць сама, у мяне атрымлівалася нядрэнна, і было відавочна, што для мяне работа ў школе не была цяжкай. Але сёння я глыбока ўпэўнена, што, працуючы ў школе, гэтаму трэба аддавацца напоўніцу, чаго я зрабіць не магла. Акрамя вучэбных, паміж вучнем і настаўнікам выбудоўваюцца яшчэ і асабістыя адносіны. Але пры сумяшчальніцтве сапраўдныя адносіны да дзяцей рэалізаваць няпроста.
Работа па сумяшчальніцтве навучыла мяне яшчэ адной вельмі цiкавай рэчы. Ідучы за модай, мы тады выкарыстоўвалі цэлыя букеты новых тэхналогій. Урокі былі цікавыя і розныя. Гэта захапляла і дзяцей, і мяне як настаўніцу. Памятаю, як аднойчы мусiла тэрмiнова затрымацца на асноўнай рабоце і спазнялася на ўрок. Падыходзячы да школы, заўважыла, што маіх навучэнцаў ужо адпусцілі дадому (урок быў апошнім у раскладзе). І тут, нечакана ўбачыўшы мяне, дзеці радасна закрычалі: “Ура! Урок будзе!”. Пасля гэтага я вырашыла, што раблю ўсё правільна. Калі я звольнілася з той школы, пасля мяне прыйшла вопытная настаўніца, якая прытрымлівалася традыцыйнага стылю выкладання. І дзеці пачалі бунтаваць. Думаю, у гэтай сітуацыі была вінаватай і я: працаваць трэба так, каб калега, які прыйдзе пасля цябе, змог таксама працаваць лёгка.
З маёй практыкі работы ў школе памятаю яшчэ адзін светлы выпадак. Неяк у маі прыходжу на ўрок, а дзеці ў параднай форме. Я падумала, што зноў іх на нейкае свята забяруць з урока. Чакаючы непрыемнасцей, зайшла ў клас. Павіталася. Загадала садзіцца. І раптам клас пачаў скандзіраваць: “Він-шу-ем!”. Я была ўражана і толькі тады ўспомніла: “У мяне ж сёння дзень нараджэння!”. “Вы мне зрабілі самы дарагі падарунак”, — падзякавала я сваім вучням.
Відаць, у кожнага з нас ёсць месца ці напрамак, у якім мы найбольш рэалізуемся. І за той час, што я тут працую, наша сістэма дадатковай адукацыі дарослых стала мне роднай. У цэнтры знаходзiцца настаўнік, якога мы вучым. І, на маю думку, яскравы вынік маёй выкладчыцкай дзейнасці — гэта магчымасць у рамках сістэмы дадатковай адукацыі інтэграваць настаўніцкі вопыт і навуку. Нязменнай для мяне застаецца павага да настаўніка, павышаная паважлівасць да любога яго вопыту, таму што настаўнік — гэта носьбіт маральна-асветніцкага пачатку.
— Вы з’яўляецеся суаўтарам шэрага падручнікаў. Які вопыт набылі падчас работы ў гэтай сферы?
— У 29 гадоў я стала суаўтарам падручніка па рускай мове для школ з беларускай мовай навучання, і з таго часу стварэнне падручнікаў стала яшчэ адной сферай маёй дзейнасці (без перавыданняў іх амаль 40). Вядучым суаўтарам маiх першых падручнікаў быў вядомы мовазнавец Адам Яўгенавіч Супрун. Ён, дарэчы, потым стаў кіраўніком маёй кандыдацкай дысертацыі, якая была прысвечана рэдкай па тым часе галiне навукi — псіхалінгвістыцы.
Сваю работу ў НДІ педагогікі я пачынала пад кіраўніцтвам Анатоля Канстанцінавіча Клышкі, які тады ўзначальваў лабараторыю навучання грамаце. Менавіта ў той час з’явілая першая рэдакцыя яго “Буквара”. Некаторыя тады яшчэ смяялiся: “Як журналіст Клышка напісаў “Буквар”?”, на што дацэнт Рычагоў парыраваў: “А як Леў Мікалаевіч Талстой напісаў “Азбуку”?”. У буквары была зусім іншая методыка, па якой мая маці вучыла грамаце маю дачку, дзякуючы чаму тая ў два з паловай гады ўжо практычна чытала.
Таксама ў якасці суаўтара мне давялося працаваць з выдатным лінгвістам Паўлам Паўлавічам Шубай. Гэта была сапраўдная школа па адпрацоўцы навыкаў стварэння вучэбных матэрыялаў. Памятаю, мне аднойчы падарылі вялiкую запicную кнiжку, на якой зверху залатымi лiтарамi было напісана “Нікалаенка Галіна Іванаўна”. І мне прыйшла ў галаву думка завесці альбом, у якім выбітныя людзі, з якімі я мела зносіны, што-небудзь напішуць (накшталт свецкіх альбомаў XIX стагоддзя). І я пайшла да Паўла Паўлавіча і папрасіла зрабіць першы запіс. Ён абсалютна спакойна ўзяў альбом і праз некаторы час аддаў мне яго са сваім запісам. Там было напісана чатырохрадкоўе аднаго малавядомага паэта (Ісаака Падольнага. — Заўвага аўт.):
Уйдут от нас учителя,
И станем мы учителями,
И то, на чем стоит земля,
Вдруг станет нашими плечами…
Больш я са сваім альбомам не звярталася ні да каго, бо пасля гэтых вершаваных радкоў пісаць што-небудзь было немагчыма. А праз тры месяцы гэтыя радкі я чытала над магілай Паўла Паўлавіча… І тут варта сказаць, што настаўнік — гэта не толькі той, хто нам нешта расказаў, але і той, хто на нешта нас падштурхнуў.
Сёння, рыхтуючы ў акадэмii працяг экспазіцыі музея вучэбнай кнігі, мы сутыкнуліся з тым, што працяглы час нацыянальны вопыт стварэння вучэбнай кнігі ігнараваўся. Але ж менавіта нацыянальныя аўтары забяспечвалі стварэнне падручнікаў па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры для школ з беларускай мовай навучання, гісторыі і геаграфіі Беларусі. Стваралася шмат дыдактычных матэрыялаў і метадычных рэкамендацый, якія ўлічвалі нацыянальныя асаблівасці ў выкладанні многіх школьных курсаў.
Давялося працаваць з Уладзімірам Калінавічам Андрэенкам, які разам з Міхаілам Станіслававічам Яўневічам стварыў падручнік беларускай мовы. Гэты падручнік вытрымаў шмат перавыданняў, і менавіта за яго ім была прысуджана Дзяржаўная прэмія.
Паколькі я ведала шмат каго з аўтараў, адчуваю маральны абавязак вярнуць іх працу, каб іх імёны прагучалі і былі ўшанаваны нашчадкамі.
Я не стала б такой, якая я зараз, без майго навуковага кансультанта доктарскай дысертацыі — найбуйнейшага спецыяліста па методыцы выкладання мовы і рыторыкі Ларысы Аляксандраўны Мурынай. Сярод маіх настаўнікаў хачу абавязкова назваць інтэлігентнейшую і эрудзіраваную Франю Міхайлаўну Літвінка.
— Якія яшчэ этапы прафесійнага жыцця вы лічыце вызначальнымі?
— Мы вучымся ўсё жыццё. Але ўласна для мяне рыўком наперад было стварэнне педагагічнай энцыклапедыі. Калі пачынаеш сустракацца з вялікай колькасцю вучоных і педагогаў, калі бачыш інтэлектуальную магутнасць, якая закладзена ў іх, то, безумоўна, адчуваеш свой уласны рост.
Мне пашчасціла працаваць а Алегам Ігнацьевічам Таўгенем, чалавекам з дзівосным матэматычным складам розуму, і супрацоўніцтва з ім было таксама вялікай школай. Як і супрацоўніцтва з усім калектывам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе я зараз працую, — высокаінтэлiгентнымі, добразычлівымі і скіраванымі на дапамогу людзьмі.
Вялікі вопыт даў мне ўдзел у падрыхтоўцы конкурсу “Настаўнік года”. Конкурсы пачаліся з 90-х гадоў, і напачатку ўсё было неадназначна. Найперш узнікла пытанне з самой назвай. Ну што такое “настаўнік года”? Настаўнік — гэта прафесія на ўсё жыццё. Але потым, калі я стала працаваць над гэтым пытаннем, зразумела, што фактычна такі конкурс можа стаць святам прафесіі. Святам, якое будзе аб’ядноўваць прадстаўнікоў прафесіі і паказваць іх прафесійныя дасягненні. Сапраўды, гэта прыцягвае ўвагу грамадскасці, рухае наперад пэўны ідэал настаўніка гэтага часу. Калі б мне зараз нехта сказаў, што конкурс непатрэбны, я горача б з ім спрачалася, хаця, як я ўжо сказала, на першым этапе мы паставіліся да гэтай ідэі дастаткова скептычна.
За гады існавання конкурсу чатыры разы я была старшынёй журы, шмат разоў намеснікам старшыні. Цяжкасць у тым, што ўсе настаўнікі розныя і па вопыце, і па асабістых якасцях. Але калі яны аб’ядналіся ў клуб “Крыштальны журавель”, аказалася, што менавіта гэтая катэгорыя педагогаў дэманструе, як можна асветніцкую і метадычную работу настаўніка аб’яднаць з гэтым конкурсам. Сёння дзеля конкурсу працуе вялікая каманда педагогаў і ў АПА, і ў рэгіёнах. Конкурс пастаянна эвалюцыяніруе, мяняюцца крытэрыі і структура, удасканальваюцца падыходы да ацэньвання ўдзельнікаў, пачынаючы з адбораў ва ўстановах адукацыі і заканчваючы фінальным этапам.
— Якая вы маці і бабуля?
— Дачка Ірына працягвае нашы сямейныя педагагічныя традыцыі. Атрымліваецца, што яна педагог ужо ў чацвёртым пакаленні. Скончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Скажу шчыра: я не была прыхільніцай яе рашэння, але, відаць, гэта лёс і непазбежнасць. Зараз яна рыхтуе доктарскую дысертацыю, якая звязана з методыкай выкладання рускай мовы. У гэтым плане мне пашанцавала. Калі ў доме прадстаўнікі адной прафесіі, гэта заўсёды цікава. Можна знайсці шмат агульнага ў прафесійнай дзейнасці, падыскутаваць на пэўныя прафесійныя тэмы. Шмат у чым я вучуся ў дачкі, бо ёй уласцівы апантанасць навукай, самаадданасць і эрудзіраванасць, што часта з’яўляецца для мяне прадметам пераймання.
Унучка, у сваю чаргу, навучыла мяне, што кожнае дзіця — свой сусвет. І для чалавека старэйшага ўзросту бывае цяжка ўсвядоміць, што дзіця абсалютна іншае і мае права на самавыяўленне. Яшчэ адзін аспект яе адметнасці ў тым, што Дарына вывучае тое, што цікава менавіта ёй. Напрыклад, яна можа прыйсці да мяне і пачаць расказваць пра філасофію Шапенгаўэра і Ніцшэ і запытвацца, ці ведаю я нешта пра гэта. Бясспрэчна, мне хочацца сказаць, каб яна лепш вучыла ўласцівасці трохвугольніка (смяецца), але, з іншага боку, гэта яе выбар і яе цікавасці — няхай вывучае і рэалізоўвае сваю пазнавальную цікавасць. Я вырашыла для сябе, што не павінна на гэта ўплываць: у яе свая дарога, няхай спрабуе!
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Галіны НІКАЛАЕНКА.