Галоўнае, каб вы заставаліся сумленнымі людзьмі

- 12:17Актуально, Апошнія запісы, Рознае

“Галоўнае, каб вы заставаліся сумленнымі людзьмі і ніколі не здраджвалі, — звярнуўся прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка да выпускнікоў на Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў краіны. — І не забывайце пра тое, якую важную ролю ў вашым станаўленні адыгралі прадстаўнікі старэйшага пакалення — бацькі і педагогі. Будзьце ўдзячны выкладчыкам, вашым настаўнікам”.

Рэспубліканскі баль выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі прайшоў 28 чэрвеня ў Мінску. У свяце ўзялі ўдзел 222 ужо былыя студэнты з 52 універсітэтаў краіны. Запрошанымі сталі лепшыя выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У Год культуры свята праходзіла ў незвычайным гістарычным стылі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскім балі заявіў, што вітае гатоўнасць моладзі плённа працаваць і праяўляць ініцыятыву.”Я бачу гатоўнасць маладога пакалення плённа працаваць і праяўляць ініцыятыву. І я гэта вітаю, бо вам трэба будзе асвойваць новыя тэхналогіі, развіваць вытворчасць, сферу паслуг, выводзіць беларускую культуру і навуку на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт адзначыў сімвалічнасць таго, што выпускнікі пачынаюць сваю дзейнасць у якасці спецыялістаў у першы год новай пяцігодкі, на якую краіна ўскладае вялікія надзеі ў плане дынамічнага развіцця, і падкрэсліў, што дзяржава робіць стаўку на моладзь. “Таму і ў нядаўна прынятай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады адным з дзяржаўных прыярытэтаў з’яўляецца палітыка ў адносінах да моладзі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, лёс моладзі неабыякавы дзяржаве, якая робіць усё, што павінна, у прыватнасці прадастаўляе першае працоўнае месца па спецыяльнасці. “Не кожная дзяржава сабе гэта можа дазволіць. Ды і ў нас ішлі вельмі сур’ёзныя дэбаты ў апошні час, як быць у гэтым плане, з-за таго, што мы трапілі ў паласу сур’ёзнай турбулентнасці ў эканоміцы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Прапаноўвалі адмовіцца: няхай моладзь, якая скончыла ВНУ, сама вызначаецца ў жыцці. Я катэгарычна супраць гэтага. Мы захавалі для ўсіх вас магчымасць працаўладкавацца, пайсці на працу, але астатняе — за вамі”.

Прэзідэнт дадаў, што ў выпускнікоў надыходзіць новы, вельмі важны і адказны, этап прафесійнага станаўлення, які стане своеасаблівай праверкай таго, чаму яны навучыліся і як будуць выкарыстоўваць свае веды ў штодзённай практыцы ўжо заўтра, калі не выкладчыцкія адзнакі ў заліковых кніжках будуць вызначаць аўтарытэт, а рэальныя справы, працоўныя дасягненні падчас самастойнай працы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу выпускнікоў на тое, што яны, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, зрабілі свой першы крок у складанае жыццё. “Гэты час, у які мы жывём, складаны тым, што пачаўся, як мы часта гаворым, перадзел свету. Устанаўліваецца новы светапарадак, — адзначыў беларускі лідар. — З’явіліся новыя дзяржавы, якія прэтэндуюць пад гэтым сонцам заняць лідзіруючае становішча, а гэтыя месцы ўжо заняты, таму дзе-нідзе ўспыхваюць лакальныя канфлікты. І галоўнае сёння — зберагчы краіну, зберагчы свет ад глабальнай вайны”.

Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава заўсёды ўдзяляла і будзе ўдзяляць пытанням абароны і бяспекі асаблівую ўвагу. “Будзе мір у краіне — я ўпэўнены, што мы не проста будзем жыць, мы вырашым свае праблемы і дасягнём тых мэт, якія ставім перад сабой”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды выкладчыкам і кіраўнікам беларускіх вышэйшых навучальных устаноў за шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў.

У прыватнасці, медаль “За працоўныя заслугі” атрымаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук, які ў сваім зваротным слове павітаў усіх ад рэктарскага корпуса краіны і запэўніў, што сістэма вышэйшай адукацыі працуе стабільна. Акрамя таго, рэктар вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны падзякаваў прэзідэнту за падтрымку ініцыятыў, якія садзейнічаюць павышэнню прэстыжу педагагічнай прафесіі.

Акрамя таго, шэрагу выкладчыкаў і студэнтаў была аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Беларусі. Ад выпускнікоў слова трымала выпускніца Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Дар’я Мірон, якая ўсіх павіншавала з паспяховым заканчэннем універсітэтаў, а таксама выказала словы падзякі кіраўніку дзяржавы за падтрымку, выкладчыкам і бацькам — за актыўны ўдзел у іх станаўленні.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.