Галоўнае — не змяншэнне выдаткаў, а іх пераразмеркаванне

- 16:26Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні, Рознае

Днямі ў Міністэрстве адукацыі прайшло чарговае пасяджэнне калегіі, на якім абмяркоўвалася актуальнае, бадай што, для кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу пытанне — аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Рэгіянальны вопыт па гэтым пытанні прадставіў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Антонавіч Шчурок. Аднак абмеркаванне выйшла за межы рэгіянальных інтарэсаў, паколькі задачы і праблемы, з якімі сутыкаюцца мясцовыя органы ўлады пры аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, аднолькавыя для ўсіх.

Колькасць вучняў — не адзіны крытэрый

У апошнія гады аптымізацыя праводзілася практычна на ўсіх узроўнях адукацыі: дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай. Аднак найбольш значным гэты працэс быў на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Менавіта сярод устаноў гэтага ўзроўню праведзена найбольшая колькасць мерапрыемстваў як па знешняй, так і па ўнутранай аптымізацыі. І Віцебская вобласць у гэтым сэнсе не выключэнне.
Варта адзначыць, што гэты рэгіён мае пэўныя асаблівасці, якія пакідаюць свой адбітак на працэсе аптымізацыі ў адукацыі. Так, спецыфіка рэгіёна найперш у тым, што сёння вобласць займае 2 месца ў краіне па плошчы і 1 месца па колькасці сельскіх населеных пунктаў.
— Суадносячы колькасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадах і сельскіх населеных пунктах, да плошчы вобласці, мы атрымліваем, што ў нас адна школа ў сярэднім размяшчаецца на 80 квадратных кіламетрах, у той час як у іншых абласцях — на 70 квадратных кіламетрах і менш, — расказаў Іван Антонавіч Шчурок. — Аддаленасць сельскіх населеных пунктаў і штогадовае змяншэнне кантынгенту навучэнцаў накладвае адбітак на ўсю сістэму адукацыі вобласці. Так, калі яшчэ ў 1991 годзе функцыянавала 837 школ, у якіх вучылася больш за 190 тысяч дзяцей, то зараз у 500 установах адукацыі вучыцца 108 тысяч дзяцей. За гэтыя гады колькасць школ зменшылася на 337, а колькасць навучэнцаў на 43%.
Гэтыя ж асаблівасці тлумачаць той факт, што ў віцебскім рэгіёне застаецца значная колькасць малакамплектных устаноў адукацыі, а ў школах шмат класаў з менш устаноўленай напярэдадні бягучага навучальнага года колькасцю навучэнцаў. І гэта пры тым, што ў мінулым годзе ў рэгіёне была праведзена значная работа па аптымізацыі.
— Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі вобласці прайшла праз сур’ёзныя змены. Да пачатку бягучага навучальнага года былі рэарганізаваны 44 установы агульнай сярэдняй адукацыі, закрыты 30, у іх ліку — 6 вячэрніх школ. За год мы павялічылі сярэднюю напаўняльнасць школ з 202 да 216 навучэнцаў. Эканомія бюджэтных сродкаў толькі за 4 месяцы мінулага года склала 8 млрд рублёў, — прывёў даныя І.А.Шчурок. — Але і сёння ў вобласці функцыянуе 59 школ — 38 пачатковых, 17 базавых, 4 сярэднія — якія маю ць менш за 25 навучэнцаў. Да новага навучальнага года мы закрыем яшчэ 14 з іх і 33 рэарганізуем.
Разам з тым, па меркаванні выступоўцы, у пытанні аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі нельга абапірацца толькі на лічбы. Неабходна ўлічваць агульную сітуацыю ў канкрэтным населеным пункце і магчымасці арганізацыі падвозу навучэнцаў, а таксама перспектывы развіцця базавай гаспадаркі, на тэрыторыі якой знаходзіцца ўстанова адукацыі.
— Напрыклад, у гэтым навучальным годзе мы вымушаны былі адкрыць 96 10-11-х класаў у сельскіх школах, у якіх вучыцца менш за 5 чалавек, а таксама 139 класаў з адным навучэнцам. Іх адкрыццё мы аргументуем наступным. Гэтыя класы адкрыты ў школах, якія размешчаны ў 12 аграгарадках, у 26 ёсць перспектыва росту колькасці навучэнцаў, у 12 назіраецца парушэнне нарматыву адлегласці падвозу дзяцей да месца навучання і выхавання. Да таго ж калі ў школе ёсць 1-2 класы з напаўняльнасцю 1—4 вучні, то ажыццяўляць іх падвоз у іншую школу па прычыне нізкай напаўняльнасці немэтазгодна, — патлумачыў Іван Антонавіч Шчурок.
І менавіта для таго, каб працэс аптымізацыі на месцах быў прадуманым і абгрунтаваным, каб рашэнні аб закрыцці ці рэарганізацыі ўстаноў адукацыі прымаліся ўзважана і загадзя, на Віцебшчыне на абласным узроўні праводзіцца папярэдняя абарона праектаў аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі ў кожным раёне, вызначэнне профільнасці як у гарадскіх школах, так і ў перспектыўных сельскіх. Менавіта такім чынам былі вызначаны і планы на наступны навучальны год: плануецца закрыць 21 установу адукацыі і 33 рэарганізаваць.

У цэнтры ўвагі якасць адукацыі

Меры па аптымізацыі, у той ці іншай ступені, да пачатку бягучага навучальнага года былі праведзены ва ўсіх рэгіёнах краіны. Пры гэтым аптымізацыя, якая была праведзена да пачатку 2013/2014 навучальнага года, мела дзве асаблівасці. Па-першае, гэты працэс упершыню праводзіўся ва ўмовах павелічэння кантынгенту навучэнцаў, па-другое, быў зроблены акцэнт на ўнутранай аптымізацыі ўстаноў — на павелічэнні напаўняльнасці класаў.
— У выніку традыцыйнай работы — знешняй аптымізацыі, былі закрыты і рэарганізаваны 362 установы, у тым ліку былі закрыты ўсе вячэрнія школы, 20 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў. Акрамя таго, адбылося скарачэнне ўстаноў адукацыі з кантынгентам да 25 навучэнцаў і з 25 да 50 навучэнцаў, — прывяла даныя начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Васільеўна Уклейка.
У адносінах да ўнутранай аптымізацыі можна прывесці наступныя даныя. Значна зменшылася колькасць класаў з адным навучэнцам: за два апошнія гады іх колькасць скарацілася на 191 клас. Аднак у бягучым навучальным годзе яшчэ функцыянуюць 312 класаў з адным навучэнцам.
У цэлым па краіне павялічылася сярэдняя напаўняльнасць класаў з 16 чалавек у мінулым да 17 у бягучым навучальным годзе. У выніку мерапрыемстваў па павелічэнні напаўняльнасці класаў колькасць 1—11 класаў скарацілася амаль на 2300. Найбольшае змяншэнне адбылося ў адносінах 5 і 10 класаў.
Разам з тым, як не раз адзначалася падчас пасяджэння, працэсы аптымізацыі, як знешняй, так і ўнутранай, практычна заўсёды суправаджаюцца пэўнымі праблемамі. Гэта і працаўладкаванне педагагічных кадраў, якія вызваляюцца ў выніку аптымізацыі, і выкарыстанне будынкаў закрытых устаноў адукацыі. Вельмі часта закрыццё ці рэарганізацыя ўстаноў адукацыі выклікае непаразуменне з боку мясцовага насельніцтва.
— Аптымізацыя не заўсёды праходзіць гладка, — зазначыў І.А.Шчурок. — Бацькі не жадаюць пагаджацца з нарматыўнай напаўняльнасцю класаў, закрыццём устаноў адукацыі.
Аднак, як падкрэсліваюць у Міністэрстве адукацыі, аптымізацыя павінна праводзіцца не толькі з улікам эканамічных інтарэсаў, але і дзеля павышэння якасці адукацыі.
— Не сакрэт, што навучанне ў малакамплетных школах для бюджэту абыходзіцца ў некалькі разоў даражэй, чым аналагічнае навучанне ў буйных установах. Аднак прапануем паглядзець на аптымізацыю не толькі з пункту погляду эканоміі бюджэтных сродкаў, але і з пункту погляду якасці адукацыйных паслуг, што прадастаўляюцца, — сказала С.В.Уклейка. — Бацькі часта супраціўляюцца закрыццю ўстаноў адукацыі, паколькі лічаць, што павелічэнне колькасці вучняў у класе вядзе да зніжэння якасці адукацыі. Ці так гэта, разгледзім на некаторых прыкладах: прааналізуем пазіцыі, звязаныя са станам інфарматызацыі, кадравым забеспячэннем і вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання ў малакамплектных школах. Мы правялі аналіз работы 47 устаноў сярэдняй адукацыі з напаўняльнасцю ад 25 да 50 навучэнцаў — гэта крыху больш за 30% падобных устаноў у краіне.
У адносінах да першага аспекта — інфарматызацыі вучэбнага працэсу — выявілася, што ўсе ўстановы ўкамплектаваны камп’ютарнай тэхнікай, аднак больш чым у палове такіх школ тэрмін эксплуатацыі машын — больш за 10 гадоў. Толькі ў 9 сярэдніх школах са спіса выкарыстоўваецца адносна новая камп’ютарная тэхніка. Да таго ж не ўся тэхніка ў камп’ютарных класах знаходзіцца ў рабочым стане. Параўнальны аналіз нагрузкі кабінетаў інфарматыкі і вынікі апытання навучэнцаў па пытанні выкарыстання камп’ютараў на ўроках сведчаць, што непасрэдна ў адукацыйным працэсе камп’ютарная тэхніка выкарыстоўваецца вельмі мала, за выключэннем урокаў інфарматыкі і замежных моў. Пры гэтым нават калі настаўнікі гатовы выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі на ўроках, яны гэтага амаль не робяць — ці то па прычыне адсутнасці ва ўстанове неабходнага праграмнага забеспячэння, ці з-за недахопу ўласных ведаў і навыкаў.
Яшчэ больш паказальны другі аспект аналізу работы малакамплектных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — кадравы склад.
— У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі па тыпавых штатах, у сярэдніх школах з колькасцю навучэнцаў да 50 пасада намесніка дырэктара не ўводзіцца. А ў вучэбна-педагагічных комплексах “дзіцячы сад — сярэдняя школа” гэтая пасада ўжо прадугледжана. У выніку на 47 школ у нас прыходзіцца 91 адміністрацыйная адзінка — 47 дырэктараў і 44 намеснікі дырэктара. Пры гэтым у шасці вучэбна-педагагічных комплексах уведзены дзве стаўкі намесніка дырэктара, — прывяла даныя Святлана Васільеўна Уклейка. — Вось адзін з паказальных прыкладаў: у школе 31 навучэнец і 18 педагогаў, дырэктар, два намеснікі дырэктара, але пры гэтым адсутнічаюць настаўнікі інфарматыкі, біялогіі, геаграфіі.
У цэлым у большасці школ, работа якіх была прааналізавана, адзначаюцца праблемы з кадравым забеспячэннем. Так, не хапае настаўнікаў-прадметнікаў — па некаторых прадметах спецыялістаў няма ў 60—70% устаноў. Пры гэтым ва ўстановах працуюць педагогі з агульнай сярэдняй адукацыяй, якія выкладаюць такія прадметы, як нямецкая мова, гісторыя, фізкультура.
— Аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання навучэнцаў малакамплектных школ паказвае, што яны па ўсіх прадметах, акрамя біялогіі, ніжэйшыя не толькі за агульнарэспубліканскі паказчык — а сюды ўваходзяць школы, гімназіі і ліцэі, але і за сярэдні бал навучэнцаў сярэдніх школ краіны, — прывяла наступныя даныя С.В.Уклейка. — Нават у параўнанні з вынікамі, якія паказаны выпускнікамі толькі сельскіх школ, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікоў малакамплектных школ ніжэйшыя па ўсіх прадметах, акрамя беларускай мовы.
— Мы не павінны зводзіць тэму аптымізацыі толькі да эканамічных паказчыкаў, — падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — І праведзены аналіз пераканаўча сведчыць, што аптымізацыя малакамплектных школ будзе спрыяць найперш стварэнню ўмоў для атрымання якаснай адукацыі навучэнцамі — лепшыя кадры, прафесійна падрыхтаваныя, лепшае асяроддзе. Калі мы бачым, што ў выніку прынятых мер не знізіцца якасць, не пацерпяць дзеці, толькі тады варта прымаць адпаведнае рашэнне.

Вызваленыя сродкі — на павышэнне заробку

Разам з тым эканамічны складнік ад правядзення аптымізацыі таксама мае важнае значэнне: сэканомленыя ад правядзення аптымізацыі сродкі павінны накіроўвацца на павышэнне заработнай платы педагогаў.
— Закрыццё толькі аднаго класа ў школе прыводзіць да эканоміі бюджэтных сродкаў у аб’ёме 114,5 млн рублёў у год. А ў мінулым годзе было закрыта больш за 2300 класаў, — прывяла даныя начальнік упраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ірына Аляксандраўна Бебех. — Але галоўнай мэтай аптымізацыі з’яўляецца не скарачэнне расходаў на адукацыю, а іх пераразмеркаванне па актуальных для адукацыі напрамках. Асноўны — павелічэнне заработнай платы работнікаў адукацыі. Вызваленыя ў выніку аптымізацыі сродкі дазволілі рэгіёнам павышаць заработную плату педагагічным работнікам шляхам павышэння тарыфных ставак за кантракт.
Варта адзначыць, што ў мэтах павышэння заработнай платы і накіравання на гэтыя мэты сродкаў, што былі вызвалены ад аптымізацыі расходаў, яшчэ ў лютым бягучага года была прынята пастанова Савета Міністраў № 110. Гэтым дакументам замацавана права кіраўнікоў устаноў адукацыі на выкарыстанне сэканомленых сродкаў і ўстанаўленне павышаючых каэфіцыентаў да тарыфных акладаў. Але ні ў адной вобласці да цяперашняга часу механізм дзеяння не распрацаваны.
— Механізм пераразмеркавання сродкаў, што вызваліліся ў выніку аптымізацыі, тэарэтычна вызначаны, — адзначыў І.А.Шчурок. — Але фактычна накіраваць гэтыя сродкі на павелічэнне заработнай платы мы можам толькі праз выкарыстанне палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны”. Мы змаглі павялічыць паказчык росту заработнай платы работнікаў адукацыі вобласці. Для гэтага да канца каляндарнага года раёны і падведамасныя ўстановы адукацыі пралічваюць эканомію ад аптымізацыі, якую плануецца правесці, і закладваюць яе ў павышэнне заработнай платы работнікаў адукацыі праз унясенне дапаўненняў у кантракты, павялічваючы працэнт надбаўкі да максімальна магчымага.

 

Алена МАРКЕВІЧ.