Пра сакрэты паспяховага класнага кіраўніцтва і інавацыйныя формы выкладання расказала Клёна Віктараўна ДРАЗДОВА — педагог сярэдняй школы № 3 Крупак і пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Самы класны класны”.
Самая класная
У жыцці школьнікаў класны кіраўнік — памочнік, кансультант, арыенцір, падтрымка. Гэта даказалі ўдзельнікі фіналу конкурсу “Самы класны класны”.
Клёна Віктараўна ўмее арганізаваць вольны час навучэнцаў, творча праводзіць мерапрыемствы і святы, а галоўнае — ведае рэцэпт ідэальнага класнага кіраўніцтва. На конкурсе ёй трэба было прайсці творчую самапрэзентацыю, вырашыць педагагічную сітуацыю і выступіць з маналогам аб выхаванні. З усімі выпрабаваннямі педагог справілася паспяхова, таму і заняла ганаровае 1-е месца.
— Не сумняваліся, што наша Клёна Віктараўна пераможа, — гаворыць вучаніца 10 “А” класа сярэдняй школы № 3 Крупак Ілона Сасуноўская. — Яна з намі з 5 класа, а зараз мы ў 10-м. Без перабольшання, Клёна Віктараўна — наша другая мама: вырашыць любы канфлікт у класным калектыве, заўсёды выслухае і дасць добрую параду.
— З Клёнай Віктараўнай цікава, — падтрымлівае Мар’яна Пручкоўская, таксама вучаніца 10 “А”. — Яна ў меру строгая і справядлівая, сучасная, добрая і спагадлівая.
— Клёна Віктараўна вучыць нас быць разважлівымі і адказнымі за свае ўчынкі, — дапаўняе аднакласніц Арына Семянько. — А самае галоўнае — яна ўсіх нас шчыра любіць. Гэта адчуваецца кожны дзень.
— Памятаю, як дзеці насцярожана ўспрынялі ідэю аб конкурсе, але працэс падрыхтоўкі захапіў іх, і далей яны з задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх этапах, — успамінае Клёна Віктараўна. — За час конкурсу я зразумела, што перажываюць за мяне не толькі калегі і вучні, якія побач ужо 6 гадоў, але і іх бацькі, мае сябры і сям’я. І гэта вельмі каштоўна. Побач з табой заўсёды застаюцца тыя, каго ты варты — і я рада, што ў маім асяроддзі такія людзі! Таму і лічу перамогу ў конкурсе агульным дасягненнем нашай дружнай каманды.
З чаго ўсё пачыналася
Класным кіраўніком Клёна Віктараўна ўпершыню стала ў 1997 годзе, калі прыйшла працаваць настаўнікам пачатковых класаў:
— Работа настаўніка пачатковых класаў — гэта працэс бесперапыннай творчасці: ніколі не ведаеш, што чакае наперадзе. Ты кожны дзень вырашаеш новыя складаныя задачы і атрымліваеш задавальненне ад выніку.
Праз чатыры гады Клёна Віктараўна выпусціла свой клас, атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Настаўнік матэматыкі” і стала выкладаць у сярэдніх і старшых класах. Пазней ёй прапанавалі ўзяць 5 клас пад класнае кіраўніцтва.
— Я пагадзілася не раздумваючы, — успамінае Клёна Віктараўна. — Работа настаўніка пачатковых класаў адрозніваецца ад работы ў сярэднім і старшым звяне: іншыя ўмовы, задачы, пытанні. Я прайшла ўсе прыступкі класнага кіраўніцтва з 1 па 10 клас, атрымала бясцэнны вопыт.
У наступным годзе клас Клёны Віктараўны будзе выпускным. Педагог часта ўяўляе, якімі будуць яе дзеці: узнікаюць вобразы ўпэўненых, шчаслівых, самарэалізаваных людзей.
— Выпускны клас — адказны перыяд не толькі для вучняў, але і для іх класнага кіраўніка. У наступным годзе я ўбачу вынік сваёй працы, буду займаць цэнтральнае месца ў ланцужку “настаўнікі-прадметнікі — навучэнцы — іх бацькі”. На мяне, як і на іншых класных, кладзецца місія фарміравання ў вучняў асноў прафесійнага самавызначэння, асэнсаваных адносін да будучыні, — упэўнена педагог.
Сакрэт прадукцыйнасці
Паралельна з выкладаннем матэматыкі і класным кіраўніцтвам Клёна Віктараўна кіруе прафсаюзным аб’яднаннем. Яна шкадуе, што ў сутках усяго толькі 24 гадзіны, але ўсё ж паспяхова сумяшчае работу, сям’ю і хобі. А дапамагаюць у гэтым некалькі правіл.
— Для мяне важна штодня расстаўляць прыярытэты і адсочваць выкананне спраў, размяркоўваць час так, каб на працягу дня кожнае вольнае акенца запаўнялася яшчэ не выкананай задачай — тады да вечара я буду яшчэ вальнейшай, — гаворыць класны кіраўнік. — Ну і мой любімы пункт: не саромецца прасіць дапамогі і дэлегаваць паўнамоцтвы. Вынік ад гэтага можа быць намнога лепшы і дасягнуты хутчэй.
Клёна Віктараўна ўдакладняе, што ўсе гэтыя правілы працуюць у поўнай меры, калі любіць сваю справу. Толькі шчыра атрымліваючы асалоду ад працэсу, вы захочаце шукаць спосабы павысіць прадукцыйнасць, усё паспець і вырасці як спецыяліст.
Метады
Выхоўваючы дзяцей, Клёна Віктараўна не хавае, што яны выхоўваюць і яе. У рабоце педагог стараецца далучаць вучняў да працэсу, развіваць іх інтэлектуальную, эмацыянальную і валявую сферу. Сутнасць яе метадаў заключаецца ў партнёрстве настаўніка і навучэнца: адкрыты дыялог, магчымасць выбару, калектыўны аналіз, мазгавы штурм, імправізацыя, гульні. Усё гэта дапамагае падтрымліваць атмасферу сумеснай творчасці на ўроках, якая збліжае педагога і вучня. У ход часцей за ўсё ідзе педагогіка супрацоўніцтва, праектныя і гульнявыя тэхналогіі, шоу-тэхналогіі, метад “роўны вучыць роўнага”.
— Класны кіраўнік павінен быць псіхолагам, медыятарам, матыватарам, навігатарам, арганізатарам, — лічыць педагог. — Ён сувязнае звяно паміж сям’ёй і школай. Таму настаўніку заўсёды трэба ведаць метады, якія дазваляюць па-новаму арганізаваць навучанне, выбудаваць узаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнем.
Клёна Віктараўна ўпэўнена, што класны кіраўнік павінен даваць сваім падапечным усё неабходнае для будучага дарослага жыцця і адпавядаць патрабаванням выхаваўчай сістэмы: павышаць сваю агульную і прафесійную культуру, не пераставаць удасканальвацца.
Адваротны бок
Якія цяжкасці сустракаюцца на шляху класнага кіраўніка і ці ёсць яны ў прынцыпе? Не варта забываць, што класныя кіраўнікі застаюцца настаўнікамі-прадметнікамі. Акрамя кіравання класам, яны таксама выконваюць базавыя функцыі: правяраюць сшыткі, праводзяць кантрольныя і самастойныя работы, афармляюць дакументы.
Размаўляючы з калегамі, Клёна Віктараўна часта чуе пра недахоп вопыту, ведаў па псіхалогіі і камп’ютарных тэхналогіях, інфармацыі аб новых педагагічных прыёмах у сферы выхавання і выкладання. Многія адзначаюць, што губляюцца ў велізарнай колькасці літаратуры, якая не заўсёды якасная.
— Быць класным — гэта не толькі сачыць за тым, каб вучні прыйшлі ў сталовую і на ўрокі. Ад таго, як я выконваю свае абавязкі, залежыць развіццё асобы дзіцяці, — адзначыла Клёна Віктараўна. — А калі з навучэнцам нешта здарыцца, у першую чаргу спытаюць з класнага кіраўніка. Але аналагічная адказнасць, на мой погляд, павінна быць і ў бацькоў: не ўсе належным чынам падыходзяць да выхавання дзяцей.
Клёна Віктараўна ўжо 25 гадоў як класны кіраўнік. За гэты час было многае, але думкі змяніць клас або адмовіцца ад яго не ўзнікала ні разу.
З сучаснымі дзецьмі нельга быць настаўнікам учарашніх ведаў. Свет не стаіць на месцы, і нам неабходна за ім паспяваць і цікавіцца ўсімі праблемамі дзіцяці, заставацца ў тэме яго захапленняў. Толькі так мы можам выхаваць у навучэнцаў лепшыя якасці, а не банальна падганяць іх пад свае дзесьці састарэлыя стандарты.
— Мудры класны ставіцца да сваіх выхаванцаў так, як хоча, каб ставіліся да яго. Ён ніколі не спяшаецца крытыкаваць дзяцей, паважае іх меркаванне, умее дараваць памылкі і прызнае свае. Калі не забываць аб гэтых якасцях, вы не заўважыце, як знойдзеце падыход да вучняў. А калі цяжкасці ўсё ж узніклі, то на дапамогу прыйдуць спецыялісты сацыяльна-педагагічнай службы — не варта грэбаваць іх дапамогай, — падагульніла Клёна Віктараўна.
Соф’я ЦЫКУНОВА.
Фота з архіва К.В.Драздовай.





