Галоўная задача школы — выхаваць грамадзяніна, сем’яніна і прафесіянала

- 10:07Актуально, Апошнія запісы

Напрыканцы мінулага тыдня адбылася рабочая паездка міністра адукацыі нашай краіны Ігара Карпенкі ў Слуцкі раён Мінскай вобласці. Міністр наведаў Гацукоўскую сярэднюю школу, дзіцячы сад № 4 Слуцка, Мінскае абласное кадэцкае вучылішча і Слуцкі дзяржаўны каледж.

Суправаджалі кіраўніка галіновага ведамства начальнік упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Галіна Казак, намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Дабравольская і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама Андрэй Нядзелька.

Першым прыпынкам стала Гацукоўская сярэдняя школа, у якой Ігар Васільевіч сваю ўвагу засяродзіў на арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу. Міністр адзначыў, што ён спецыяльна прыехаў у сельскую школу, каб не проста мець уяўленне пра дзейнасць такіх устаноў адукацыі, а ведаць іх спецыфіку. Акрамя таго, ён лічыць неабходным сустракацца з настаўнікамі, каб разам, у сумеснай дзейнасці, прымаць рашэнні па праблемных пытаннях у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі.

“Наша сістэма адукацыі выбудавана і працуе зладжана, але яна павінна развівацца і мяняцца. Гэтага патрабуе час. Школа — адкрытая сістэма, на якую свой уплыў аказваюць бацькі, грамадства, органы дзяржаўнага кіравання, інфармацыйныя патокі. З усім гэтым трэба лічыцца і разам будаваць траекторыю развіцця сістэмы адукацыі”, — адзначыў Ігар Васільевіч Карпенка.

Дырэктар навучальнай установы Людміла Мікалаеўна Скалабан расказала пра адметнасці сваёй навучальнай установы, дасягненні і традыцыі, спынілася на яе гісторыі (сёлета школа будзе адзначаць 100-гадовы юбілей).

Міністр з цікавасцю пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай вясковай школы, наведаўшы сучасную трэнажорную залу, частка абсталявання якой была падорана выпускнікамі школы, бібліятэку, інфармацыйны цэнтр, этнаграфічны музей і музей прыроды, зімовы сад, а таксама вучэбныя кабінеты. У прыватнасці, ён заглянуў на ўрок матэматыкі.

Затым Ігар Васільевіч пазнаёміўся з перасоўнай выставай мастацкіх работ школьнікаў раёна, якая была створана да Рэспубліканскага конкурсу “Калядная зорка”, і летапісам школы. У Гацукоўскай сярэдняй школе закладзена ўнікальная Алея Памяці, кожнае дрэва якой нагадвае пра настаўнікаў, якія прысвяцілі сваё жыццё навучальнай установе.

Падчас гаворкі з педагагічным калектывам міністр звярнуў увагу на праблемы невялікіх сельскіх школ, магчымасці арганізацыі ў іх профільнага навучання, на працоўнае выхаванне. “Тое, што вы робіце, уражвае. Школа ўсё ж адметная не сценамі і партамі, а зместам сваёй дзейнасці, таму, карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць вам за працу, — адзначыў Ігар Карпенка ў час размовы з настаўнікамі. — І тут жа хачу падкрэсліць, што, нягледзячы на адсутнасць профіляў, абмежаванасць у магчымасцях арганізацыі факультатываў (школа малакамплектная) і поўную адсутнасць рэпетытараў, тут рыхтуюць дзяцей і да паступлення, і да паўнацэннага жыцця ў грамадстве.

А гэта сведчыць пра высокі прафесіянальны ўзровень педагагічных кадраў, што павінна быць зыходным пунктам у арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў навучальнай установе. Галоўная задача школы — не проста даць веды, а выхаваць грамадзяніна, сем’яніна і прафесіянала ў сваёй справе, які ў будучым будзе здольны рэалізоўваць тыя задачы, якія стаяць перад нашай дзяржавай”.

Для гэтага дзіця трэба ведаць дасканала. Як заўважыў міністр, педагагічныя назіранні ўключаюць і знаёмства настаўніка з жыллёва-бытавымі ўмовамі яго вучняў, што дазваляе глыбей разумець, з якім вучнем ты працуеш. “Такая дзейнасць не можа абмяркоўвацца, бо яна заўсёды ўключалася ў дзейнасць педагога. Настаўнікі ва ўсе часы знаёміліся з сям’ёй, бо гэта жыццёва неабходна”, — сказаў міністр.

***

Асаблівую ўвагу міністр удзяліў арганізацыі шостага школьнага дня. У Гацукоўскай сярэдняй школе ёсць вучэбна-доследны ўчастак і пладовы сад, на якіх настаўнікі працуюць разам з вучнямі. Акрамя таго, як заўважыла дырэктар Людміла Мікалаеўна, у іх школе кожны шосты дзень мае сваю накіраванасць. Міністр станоўча адазваўся аб арганізацыі шостага школьнага дня, адзначыўшы, што працоўнымі навыкамі павінен валодаць кожны. Яны спатрэбяцца, нягледзячы на далейшы прафесійны шлях маладога чалавека.

Затым у прысутнасці педагогаў і журналістаў Ігар Карпенка падпісаў загад аб новых формах работы ў шосты школьны дзень. У прыватнасці, загадам прадугледжаны ўд зел у арганізацыі шостага школьнага дня настаўнікаў-прадметнікаў. Міністр заўважыў, што пры падрыхтоўцы загада гэтаму пытанню была ўдзелена асаблівая ўвага.

Цяпер у школах для бацькоў настаўнікі-прадметнікі будуць праводзіць кансультацыі, падчас якіх можна будзе абмеркаць поспехі і няўдачы сваіх сыноў і дачок, акрэсліць ролю бацькоў пры выкананні вучнем дамашняга задання, а таксама разам выпрацаваць шлях далейшага развіцця іх дзіцяці. Як адзначыў Ігар Васільевіч, бацькі павінны разумець, што роля педагога ў навучанні дамінуючая, але яны павінны ўсведамляць і сваю ролю ў павышэнні якасці навучання дзіцяці.

Разам з тым міністр адукацыі звярнуў увагу на тое, што ў новым дакуменце не вызначаецца пералік канкрэтных мерапрыемстваў, якія неабходна абавязкова праводзіць у шосты школьны дзень. Вызначэнне зместу работы ў суботу знаходзіцца ў кампетэнцыі самой установы адукацыі.

“Педкалектыў будзе распрацоўваць праграму шостага школьнага дня, расклад у адпаведнасці з гігіенічнымі патрабаваннямі, з нарматыўнай базай і рацыянальна размяркоўваць кірункі дзейнасці. Напрыклад, на адным тыдні могуць быць кансультацыі, затым — паездка ў прафесійна-тэхнічную навучальную ўстанову, а далей можна правесці спартыўныя спаборніцтвы або творчыя конкурсы. Расклад шостага школьнага дня павінен быць даведзены да бацькоў, каб можна было арганізаваць нейкія сумесныя мерапрыемствы”, — сказаў міністр. І яшчэ: менавіта ў школах будуць вызначаць, як рацыянальна прыцягнуць настаўнікаў-прадметнікаў.

Прынцыповай навізной падпісанага загада з’яўляецца вырашэнне пытанняў працоўнага выхавання, якое будзе ажыццяўляцца па суботах у межах адпаведных аб’яднанняў па інтарэсах, і ўзаемадзеяння агульнай сярэдняй школы з сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Мяркуецца, што на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць праводзіцца майстар-класы, “працоўныя майстэрні”, прафесійныя пробы для навучэнцаў школ і гімназій.

Плануецца, што ў школах і гімназіях будуць арганізоўвацца і праводзіцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы па дапрафесійнай падрыхтоўцы. Дзякуючы такому ўзаемадзеянню, магчымасці ліцэяў і каледжаў будуць выкарыстоўвацца для навучання школьнікаў прафесійным навыкам, напрыклад, будаўнічым або кулінарным. “Магчыма, дзіця ў будучыні не пойдзе вучыцца па спецыяльнасці, з якой пазнаёміцца падчас такіх заняткаў, але калі яно выйдзе ў самастойнае жыццё, то набытыя ўменні яму спатрэбяцца, — лічыць Ігар Карпенка.

***

Наступнай установай адукацыі, якую наведаў міністр, сталі яслі-сад № 4 Слуцка. Тут госці пазнаёміліся з умовамі навучання і выхавання дзяцей: наведалі басейн, музычныя заняткі, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Загадчыца дашкольнай установы Алена Пятроўна Ісаеня запрасіла на заняткі па фарміраванні даследчай актыўнасці, развіцці дробнай маторыкі ў дзяцей, паказала, як у садку праводзіцца работа па педагагічнай сістэме Мантэсоры. Ігар Васільевіч у сваю чаргу адзначыў, што садок мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу і што тут рацыянальна выкарыстоўваюць прастору.

Знаёмства з Мінскім абласным кадэцкім вучылішчам пачалося з паказальных выступленняў і дэманстрацыі страявой падрыхтоўкі курсантаў. Дырэктар Сяргей Віктаравіч Мяцельскі расказаў аб арганізацыі адукацыйнага працэсу, традыцыях і дасягненнях кадэтаў. Госці наведалі заняткі па фізіцы, хіміі, англійскай мове, інфарматыцы і фізкультуры.

Міністр адукацыі прызнаўся, што даўно хацеў наведаць гэтае вучылішча, таму з цікавасцю азнаёміўся з умовамі навучання, пражывання і вольнага часу курсантаў і пагутарыў з педагогамі. У прыватнасці, на занятках па інфарматыцы зайшла гаворка пра вучэбную праграму. Настаўніца інфарматыкі адзначыла, што ў курсе інфарматыкі многа праграмавання, а ўсім яно не трэба. Праграмаванне можна вывучаць у профільных класах. Астатнім дзецям трэба даваць тое, што спатрэбіцца ў жыцці: больш увагі ўдзяляць тэкставаму рэдактару, вучыць фоташопу. Дырэктар кадэцкага вучылішча ўзняў пытанне арганізацыі мультыпрофілю ў сваёй навучальнай установе. Вучылішча працуе па асобным вучэбным плане, і каб была магчымасць увесці мультыпрофіль, у план неабходна ўнесці змены.

Цікавай і шчырай стала гаворка міністра з адзінаццацікласнікамі вучылішча, якія адкрыта паразмаўлялі з Ігарам Карпенкам, актыўна задаючы яму пытанні. Маладых лю-дзей цікавіла, ці займаецца Ігар Васільевіч спортам, ці карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, ці служыў у войску і інш. Міністр з задавальненнем адказаў на ўсе пытанні, падкрэсліўшы, што курсанты не павінны падводзіць сваіх бацькоў, педагогаў і дзяржаву, якія ўклалі велізарную працу і сродкі ў іх навучанне і выхаванне.

У Слуцкім дзяржаўным каледжы, які быў тройчы занесены на Рэспубліканскую дошку гонару, гасцей сустракаў дырэктар установы Барыс Браніслававіч Блахін. Ён паказаў матэрыяльна-тэхнічную базу каледжа, пазнаёміў з навучэнцамі, выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання.

Гонарам каледжа з’яўляецца зімовы сад, у якім сабрана больш за паўтысячы відаў раслін. Тут праводзяцца экалагічныя і развіццёвыя заняткі, псіхалагічныя трэнінгі, мерапрыемствы эстэтычнай накіраванасці. Госці таксама наведалі этнаграфічны музей, які даўно стаў сапраўдным цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

У каледжы працуе рэсурсны цэнтр, на базе якога праходзяць кулінарныя заняткі і майстар-класы. Тут праводзяцца здымкі перадачы “Школа кулінарнага майстэрства”, выпускі якой трансліруюцца на слуцкім тэлебачанні. Акрамя таго, па суботах у каледж прыходзяць школьнікі, якія не проста знаёмяцца з прафесіямі, а спрабуюць свае сілы на практыцы. І, напрыклад, у мінулым годзе пасля такіх заняткаў у каледж паступілі 5 чалавек. У ходзе адкрытага дыялогу, які захоўваўся на працягу ўсяго дня, Ігар Васільевіч Карпенка не раз падкрэсліваў, што аснова дабрабыту — праца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Марыі АРЭХ.