Гамяльчан натхняюць дзеці

- 10:06Культура

Стартаваў другі адборачны тур XXI Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”. Цяпер дызайнерам, якія прайшлі ў паўфінал са сваімі эскізнымі праектамі, неабходна прадэманстраваць рэспубліканскаму журы тое, што ў іх атрымалася. Гэты тур так і называецца — “Увасабленне”.

Сёлета “Млын моды” адкрыў юбілейны, 25-ы, сезон. Безумоўна, гэта добры адрэзак часу, які прынёс пэўныя вынікі. Для многіх конкурс стаў першай сур’ёзнай прыступкай на шляху ў модную індустрыю. Ён паказаў, колькі таленавітых і творчых дызайнераў у кожным куточку нашай краіны. Па-рознаму склаліся іх лёсы: адных хапіла толькі на разавы ўдзел, іншыя творцы зрабілі сабе імя і ўжо трывала стаяць на нагах, дэманструюць свае калекцыі па-за межамі краіны. А ёсць і тыя, хто проста захварэў “Млынам моды”. У Гомельскай вобласці такіх дызайнераў нямала. Штогод яны нешта ствараюць, і часцей за ўсё іх задумкі заслугоўваюць таго, каб прыняць удзел у Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота. Нават калі хтосьці крыху не дацягнуў, работа не была дарэмнай. Конкурс патрабуе крэатыўных і эмацыянальных праектаў, але, калі эксперты не разгледзяць гэтага ў калекцыі, гэта зусім не азначае, што яна загінула. Магчыма, такое адзенне якраз будзе запатрабавана шырокімі масамі, а таму будзе вельмі правільна выставіць сваю калекцыю на продаж. Аб гэтым на адборачным туры “Увасабленне” ў Гомелі гаварыла загадчыца аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі мастацкі кіраўнік “Млына моды” Святлана Гнядзёнак.Гомельскія дызайнеры, а гэта работнікі і навучэнцы навучальных устаноў, прадпрыемстваў сферы абслугоўвання і свабодныя мастакі (як пачаткоўцы, так і больш дасведчаныя мадэльеры), прапанавалі рэспубліканскаму журы больш як 20 калекцый.
Прысутнічаць на гэтым адборачным туры ў якасці гледача — прыемная справа. Калекцыі адзення дэманструюцца на мадэлях. Кожны творчы праект суправаджаецца музычнай фанаграмай, якая адпавядае вобразным рашэнням аўтара і назве калекцыі. Не проста ёсць на што паглядзець, а ёсць чым захварэць: якая-небудзь сукенка абавязкова вельмі спадабаецца — і ў цябе з’явіцца мара атрымаць яе ў свой гардэроб. І хаця на дэманстрацыі ёсць рабочыя моманты, калі журы аналізуе калекцыю, указвае на недахопы і дае парады, гэта зусім не перашкаджае атрымліваць асалоду ад творчых і прыгожых убораў.
Гамяльчане моцныя ў стварэнні дзіцячых калекцый. І дызайнеры зноў даказалі гэта. Усе дзіцячыя калекцыі без выключэння прайшлі ў фінал. Некаторыя проста зачароўвалі. Святлана Гнядзёнак асабліва адзначыла праекты педагога дадатковай адукацыі Таццяны Карпалавай, настаўніцы гомельскай сярэдняй школы № 72 Святланы Вараб’ёвай.
Калекцыі адзення для дарослых аказаліся слабейшымі, некаторыя не прайшлі ў фінал з-за надта простых рашэнняў, праз якія нельга было ўбачыць аўтарскі стыль. Аднак было шмат і цікавых вобразаў. Усё ж большасць калекцый прайшла ў фінал. Зусім хутка, 12—13 мая, выбраныя журы калекцыі адзення будуць дэманстравацца на фінальным паказе XXV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2016”, які пройдзе ў Мінску ў Палацы спорту.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.