Ганарыцца тым, што робіш

- 15:05Навука і інавацыі

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце шмат маладых выкладчыкаў, якія прыйшлі ў навуку дзякуючы бацькоўскаму прыкладу і ўласнай зацікаўленасці. Сярод іх — 33-гадовы дацэнт кафедры будаўнічых канструкцый будаўнічага факультэта кандыдат тэхнічных навук Андрэй Віктаравіч Тур.

— Дакладнымі навукамі цікаўлюся са школьных гадоў, — прызнаецца вучоны. — Мае інтарэсы заўсёды заахвочвалі бацькі: мама — настаўніца матэматыкі, тата — доктар тэхнічных навук. У старшых класах я ўжо добра ўсведамляў, што хачу ўдасканальваць свае веды менавіта ў сферы будаўніцтва. Вучоба ва ўніверсітэце, асабліва калі з’явіліся профільныя дысцыпліны, пацвердзіла правільнасць прафесійнага выбару.

У 27 гадоў Андрэй Тур абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную супраціўленню гнуткіх жалезабетонных элементаў пры раптоўным прыкладанні нагрузкі. Кола навуковых інтарэсаў вучонага — трываласць канструктыўных сістэм у асаблівых разліковых сітуацыях надзвычайнага характару. Прасцей кажучы, абарона будынкаў ад прагрэсіруючага абвальвання, звязанага, напрыклад, з выбухам бытавога газу ці тэрактам. Сёння гэта надзвычай актуальная тэма даследаванняў ва ўсім свеце.

— У прафесіі не расчараваўся, — гаворыць Андрэй Віктаравіч. — Больш за тое, за гады работы ва ўніверсітэце цікавасць да навуковай дзейнасці толькі ўзмацнілася. Многія лічаць, што будаўніцтва — гэта сумна і нецікава. Заўсёды пераконваю студэнтаў у адваротным. На рэальных прыкладах знаёмлю іх з рознымі сітуацыямі, якія патрабуюць творчага падыходу. Выкарыстоўваю для гэтага ўласныя праектныя і даследчыя работы. Кожная з іх у чымсьці ўнікальная. Асабліва прыцягвае працэс пошуку рашэння цяжкіх задач. Пасля паспяховага выканання заўсёды атрымліваеш неверагоднае задавальненне. Праектная работа адкрывае выдатныя магчымасці для пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканальвання.

За апошнія 5 гадоў Андрэй Віктаравіч выканаў каля 40 праектных і даследчых работ рознага характару, прапанаваных праектнымі і будаўнічымі арганізацыямі. Важна, што ўсе работы былі апрабаваны, у тым ліку ва ўніверсітэцкім вучэбна-выпрабавальным цэнтры, база якога дазваляе паспяхова вырашаць многія задачы.
У рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў Андрэй Тур праводзіў даследаванні і распрацоўваў рэкамендацыі па ацэнцы трываласці і абароне ад прагрэсі-руючага абвальвання канструктыўных сістэм з перакрыццямі са зборных пліт безапалубнага фармавання. Акрамя таго, малады навуковец удзельнічаў у распрацоўцы тэхнічнага комплексу правіл “Уздзеянні на канструкцыі. Агульныя ўздзеянні” па заказе Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры Беларусі, а таксама рэкамендацый па разліку ўстойлівасці вышынных будынкаў з папярочнымі маналітнымі сценамі да прагрэсіруючага абвальвання. На рахунку Андрэя Віктаравіча — 36 апублікаваных работ. Пад яго кіраўніцтвам студэнты паспяхова займаюцца навукова-даследчай работай, пра што сведчаць іх перамогі ў адпаведных конкурсах.

Па характары Андрэй Тур энергічны, неўтаймоўны, мэтанакіраваны і ініцыятыўны. Гэта важныя якасці для навукоўца. У планах — далейшае вывучэнне перспектыўных тэндэнцый і напрамкаў у галіне будаўніцтва і праектавання, новых метадаў разлікаў і прынцыпаў работы канструктыўных сістэм, апрабацыя і ўдасканаленне палажэнняў уласных даследаванняў на практыцы на рэальных аб’ектах. Андрэй Віктаравіч упэўнены, што многія назапашаныя напрацоўкі лягуць у аснову будучай доктарскай дысертацыі.

— Трэба ганарыцца тым, што робіш, і рабіць усё так, каб ганарыцца дасягнутым, — лічыць Андрэй Тур.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.