«Гатовы Радзіме служыць!»: чаму вучаць кадэтаў падчас збору ў Печах

- 11:05Новости

Рэспубліканскі дзевяцідзённы аздараўленчы лагер “Гатовы Радзіме служыць!” і вучэбна­-палявы збор для навучэнцаў 10­-х класаў кадэцкіх вучылішчаў пачалі работу ў 72-­м гвардзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Печах Барысаўскага раёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Упершыню работа лагера была арганізавана мінулым летам па ініцыятыве двух ведамстваў — Міністэрства абароны і Міністэрства адукацыі, а таксама па просьбе кіраўнікоў кадэцкіх вучылішчаў.

— Першы збор прайшоў вельмі добра, — звярнуўся да кадэтаў намеснік міністра абароны генерал-маёр Андрэй Жук. — Дзякуючы гэтаму мы зразумелі, што такая традыцыя ў кадэцкім руху павінна працягвацца. Таму сёння зноў сустракаемся разам. Наперадзе вас чакае 10 насычаных дзён, а вучыць вас будуць лепшыя выкладчыкі цэнтра. Яны перададуць вам сваё майстэрства, азнаёмяць з усімі прафесіямі, якія тут прадстаўлены.

Сёлета праграму падрыхтоўкі кадэтаў распрацоўвалі з улікам мінулагодняга вопыту. На гэтым засяродзіў увагу начальнік 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра палкоўнік Вадзім Сураў.

— Падчас гэтага збору больш увагі ўдзелім агульнавайсковай падрыхтоўцы, — адзначыў кіраўнік цэнтра. — З кадэтамі будуць працаваць тыя інструктары, хто прайшоў навучанне ў адпаведным цэнтры Расійскай Федэрацыі.

Са слоў В.Сурава, гэтым разам больш часу будзе адведзена тактыцы і медыцынскай падрыхтоўцы. Пасля правядзення ўсіх заняткаў, запланаваных праграмай, для кадэтаў правядуць ваенна-палявую гульню “Зарніца”, якая стане заключным этапам збору і дапаможа вызначыць лепшых юных вайскоўцаў.

На тое, што сістэма ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі цесна звязана з ваеннай сферай, звярнула ўвагу кансультант Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Аляксеева.

— Мы ўскладаем на правя­дзенне гэтага мерапрыемства вялікія надзеі, — сказала А.Аляксеева. — Упэўнены, што вы, кадэты, выкарыстоўваючы велізарны патэнцыял 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтра, на высокім узроўні асвоіце праграму вучэбна-палявога збору, у тым ліку прыменіце на практыцы веды па тактычнай, інжынернай, агнявой падрыхтоўцы, азнаёміцеся з механізмамі і мерапрыемствамі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, набудзеце веды па ваеннай тапаграфіі і ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы.

Прадстаўнік Міністэрства адукацыі ўпэўнена, што магчы­масць паглыбіцца ў атмасферу цэнтра дапаможа кадэтам атрымаць доб­ры прафарыентацыйны ўрок.

— Калі прыйдзе час выбі­раць прафесію, вы без ваганняў прымеце рашэнне працяг­нуць навучанне ў Ваеннай акадэміі, — упэўнена А.Аляксеева. — За час існавання сістэма навучання і выхавання кадэтаў дазваляе выконваць дзяржаўны заказ на пад­рыхтоўку выпускнікоў з высокім адукацыйным узроўнем.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА