Гераічнае мінулае стала сімвалам нашай незалежнасці

- 10:15Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў суверэнітэт беларускай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у Брэсцкай крэпасці на мерапрыемстве, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Прэзідэнт адрасаваў словы асаблівай удзячнасці ветэранам за тое, што яны з гонарам вытрымалі цяжар ваеннага і пасляваеннага перыяду. “Тыя, хто пайшоў ад нас, сёння з намі, яны глядзяць адтуль (з нябёс. — Заўвага БелТА.) на нас і ацэньваюць нашы дзеянні. Мы ім гаворым, што іх гераічнае мінулае стала сімвалам нашай незалежнасці. Іх жыццёвы шлях — прыкладам, у якім мы знаходзім сілы для пераадолення выклікаў не толькі нашага часу, але і будучых часоў”, — сказаў ён. Цяжкасці сучаснага пакалення не параўнаюцца з тымі выпрабаваннямі, якія выпалі на долю ветэранаў, перакананы кіраўнік дзяржавы.

“Мы дакладна ведаем, што іх імкненне да свабоды і справядлівасці, адданасць Радзіме жывуць у кожным з нас. І гэта тая спадчын­насць, якая робіць суверэнітэт нашай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Вельмі сугучна з нашымі днямі”, — прадоўжыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што трэба прадаўжаць і цяпер змагацца за сваю незалежнасць, суверэнітэт супраць тых, хто навязвае нам свае ідэі, хто ідзе сюды, каб разбурыць мір і ўсё тое, што створана ў краіне. І рабіць гэта неабходна ў імя памяці аб шматлікіх ахвярах вайны, аб загінуўшых у сотнях спаленых беларускіх вёсак. “Усё, што мы сёння маем, хоць і стварылі гэта сваімі рукамі, належыць не толькі нам. Яно належыць таксама і ім, а яшчэ будучыні — нашым дзецям, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Час выбраў нас, і мы павінны вырашыць праблемы, якія стаяць перад намі”.

“Сёння ўсе мы, нашчадкі слаўных воінаў, увасабляем у жыццё ўсё, за што змагаліся абаронцы Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы гадуем дзяцей, будуем свае незалежныя дзяржавы, а галоўнае — мы свабодныя людзі. Мы не сталі тымі, на каго разлічвалі фашысты, прыйшоўшы сюды 22 чэрвеня”, — дадаў ён.

Звяртаючыся да афіцэраў і салдат, якія цяпер нясуць службу на гэтай гераічнай зямлі, прэзідэнт адзначыў, што і сам служыў у гэтых мясцінах і добра ведае Брэст. “Вы сёння нашчадкі Перамогі, вы стаіце на рубяжы, які не быў аддадзены ворагу, пакуль быў жывы хоць бы адзін воін. Ад нас гэтага сёння не патрабуецца, але мы павінны быць гатовымі да ўсяго. Дзякуючы абаронцам Брэсцкай крэпасці, дзень 22 чэрвеня стаў пачаткам краху нацысцкай Германіі. Гэта вялікі гонар — прадаўжаць традыцыі герояў, і вялікая адказнасць — абараніць свет, які яны адстаялі цаной свайго жыцця”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Няхай ваша служба будзе мірнай і бяспечнай, — пажадаў кіраўнік дзяржавы. — Я заўсёды памятаю і хачу, каб вы, калі давядзецца ваяваць, стаялі насмерць тут, але не за тысячы кіламетраў на чужых землях і тэрыторыях, там нам рабіць няма чаго. Я хачу, каб вы таксама аб гэтым памяталі”.

“Шматлікія войны пакінулі глыбокі след у памяці нашага народа. Але яны навучылі нас галоўнаму — берагчы і цаніць мір і незалеж­насць, без якіх у нас няма будучыні, — падкрэсліў прэзідэнт. — Я вельмі часта нагадваю аб гэтым людзям на злобу сённяшняга дня. Мы вычарпалі рэсурс не толькі рэвалюцый, але і той час, у які мы хадзілі пад бізуном і ў лапцях, без штаноў, бедныя і галодныя. Мы і толькі мы павінны будаваць сваю дзяржаву. Мы і толькі мы павінны вырашаць лёс — свой і сваіх дзяцей. Няхай кожны наш дзень будзе пражыты ў імя памяці тых, хто змагаўся і паміраў дзеля нашага жыцця, дзеля нашай будучыні, сённяшняга — у чыстай, утульнай, зялёнай, прыгожай Беларусі, працавітай, з разумным і мудрым народам. Няхай Гасподзь нам дасць гэтую мудрасць назаўсёды, каб мы маглі жыць сваім розумам і на сваёй зямлі”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з удзель­нікамі памятнага мерапрыемства, таксама падкрэсліў, што незалежнасць вельмі дорага каштуе і яе неабходна абараняць.

“Дзякуй вам. Вы нам па-ранейшаму патрэбны. Часам бывае заваяваць прасцей, чым абараніць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ветэранаў.

“Катастрофы ніякай, але абараніць мы павінны тое, што маем. Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я вас папярэджваў два-тры месяцы назад, што так званая пандэмія гэтым не скончыцца. Некаму яна вельмі на руку. Хутка ўбачыце каму. Хоць ужо і цяпер гэта бачым. Бу­дзе націск сур’ёзны, перш за ўсё эканамічны. Таму што ваяваць з намі ўжо небяспечна, а нахіліць трэба. Занадта незалежнымі сталі…”, — сказаў беларускі лідар.

“Вы ж разумееце, што незалежнасці шмат не бывае. Яна або ёсць, або яе няма. І я яшчэ год назад, выступаючы 3 ліпеня, папярэ­джваў, што незалежнасць вельмі дорага каштуе. Гэта самае каштоўнае, што можа быць у таго ці іншага народа або дзяржавы. Таму калі мы — народ, калі мы хочам мець сваю дзяржаву, сваю незалежнасць павінны абараніць”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, вядома, усюды ёсць свае недахопы, у тым ліку і ў заходніх краінах, і ў ЗША. “Хто б мог паду­маць, што Амерыка так успыхне, і дэмакратычныя СМІ сёння захліпнуліся і замоўклі. Яны не паказваюць, што адбываецца. Там у гарадах ужо ўвайшлі войскі і ўвялі каменданцкую гадзіну. Тое ж самае і ў Заходняй Еўропе. Аб гэтым не прынята гаварыць. А ў нас яны нешта ўбачылі”, — заўважыў беларускі лідар.

Ён заклікаў людзей трымаць галаву на плячах і не ўступаць ні з кім у бойку. “Мы павінны вырашыць усё мірна. І праз некаторы час мы ўбачым вынік. Адзінае, аб чым вас папрашу: ніколі (буду я, не буду) не дазваляйце, каб вамі панукалі, каб вас прымушалі і нахілялі. Мінуў той час. Мы паспелі ўмацавацца і стварыць сваю дзяржаву. Галоўная задача — абараніць яе”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.