Сёння ў гасцёўні “Утульнай хаткі” чалавек, якога добра ведаюць і ў нашай краіне, і за межамі Беларусі. Яго песні спяваюць зоркі беларускай і расійскай эстрады, а гледачы тэлеканала АНТ рэгулярна бачаць у праграме “Наше утро”. Такім чынам, госць праекта “Мая школа” — вядомы тэлевядучы, спявак, кампазітар, прадзюсар Герман ЦІТОЎ.
— Герман, адкуль вы родам і дзе прайшло ваша дзяцінства і школьныя гады?
— Першыя гады майго жыцця прайшлі ў невялікім беларускім правінцыяльным гарадку Кобрыне, што на Брэстчыне. Пачынаў я вучыцца ў, бадай, самай вядомай кобрынскай школе № 1. Выбіралі, каб было бліжэй да дома. У пачатковай школе, як і ва ўсіх, была адна настаўніца — Надзея Аляксандраўна Навіцкая.
Потым мы пераехалі ў раён прыватнай забудовы, дзе былі вялізныя дамы і жылі багатыя людзі з дарагімі машынамі. У нашай сям’і ўсё было значна прасцей. Бацька працаваў токарам-расточнікам, а маці — прадаўцом у магазіне.
Калі мы пераехалі на іншае месца жыхарства, мне прыйшлося памяняць школу. Так я стаў вучыцца ў сярэдняй школе № 2. Гэта быў іншы раён горада, іншая школа з зусім іншымі норавамі, устоямі і парадкамі. Тут вучыліся дзеці з багатых сем’яў, і ўсё было інакш. Наколькі лёгка мне было вучыцца ў першай школе, настолькі ж складана ў другой.
Цеплыню першай школы буду памятаць заўсёды. Там я скончыў пачатковыя класы і яшчэ некалькі пасля. Калі першыя гады для мяне былі больш забавай, то ў сярэдняй і старшай школе я зрабіў ухіл на спорт і вывучэнне нямецкай мовы. Маё творчае станаўленне таксама выпала на час навучання ў сярэдняй школе № 2.
— Ці наведваеце школу? Ці падтрымліваеце сувязі з аднакласнікамі?
— Рабочы графік настолькі шчыльны, што даехаць да школы вельмі складана. З аднакласнікамі падтрымліваю зносіны ў вайберы. З задавальненнем сустрэўся б з усімі, але, на жаль, няма часу.
— Хто з настаўнікаў асабліва запомніўся?
— Мне заўсёды шанцавала на настаўнікаў. Чым больш я глядзеў на класных кіраўнікоў іншых класаў, якія не давалі жыцця сваім вучням, тым больш упэўніваўся, што мае класныя кіраўнікі (Н.А.Навіцкая ў першай школе і Галіна Аляксееўна Іванюк — у другой) самыя лепшыя. У школе я быў яшчэ той гарэза, але мае настаўніцы ўбачылі ў гэтым рацыянальнае зерне, адчулі ў маёй няўрымслівасці задзел на будучыню. І, як бычым, не памыліліся. Яны верылі ў мяне і давалі магчымасць выбару. Спадзяюся, я іх не падвёў.
— Як вучыліся? Якім прадметам аддавалі перавагу?
— Я стабільна меў свае тры балы (па пяцібальнай сістэме), з нацяжкай мог атрымаць чацвёрку.
Адносіны з настаўнікамі даводзілася выбудоўваць выключна дзеля таго, каб прыносіць бацькам нармальныя адзнакі ў дзённіку, таму прыкладваў пэўныя намаганні, каб нешта вывучыць. Ні гуманітарныя прадметы, ні фізіка і хімія мяне не прываблівалі. Асаблівая цікавасць была да музыкі і спеваў, а таксама фізкультуры.
Увогуле, пасля дзявятага класа паўстала дылема, куды ісці: у прафесійны спорт (лёгкая атлетыка, кіданне дыска) ці ў музыку. У школе быў цудоўны настаўнік фізвыхавання і мой трэнер Людміла Уладзіміраўна Кунац, якая мяне і накіравала ў спорт.
— Дзе атрымлівалі музычную адукацыю?
— Сем гадоў паралельна з агульнаадукацыйнай школай займаўся ў музычнай. Вучыўся я па класе фартэпіяна, і падрыхтоўка была дастаткова грунтоўная. Сёння кобрынская музычная школа знаходзіцца ў новым шыкоўным будынку, але я яшчэ памятаю атмасферу той старой школы.
Маё паступленне ў музычную школу ўвогуле асобная гісторыя. У дзень, калі трэба было ісці на праслухоўванне, маці была занята і запісвацца адправіла са мной тату. Пасля абеду мама прыйшла дадому і запыталася, як усё прайшло. “Усё добра, узялі”, — адказаў тата. Маці была ўзрадавана: “Нарэшце, хоць некуды ўзялі! А куды ж узялі?” — “На дудачку,” — адказаў тата. У маці ледзь з рук усё не пападала: “На якую дудачку?” — “Ну на такую, якая складваецца ў скрынку…” — “Ану, ідзіце назад і запісвайцеся на іншы інструмент”. (Смяецца.) І мы пайшлі і памянялі клас флейты на клас фартэпіяна.
— Калі вы сталі спяваць?
— Вакал у маім жыцці з’явіўся яшчэ да музычнай школы. У Кобрыне я пазнаёміўся з кіраўніком самадзейнага калектыву — з вядомым сёння кампазітарам і аранжыроўшчыкам Юрыем Мікалаевічам Давідзюком, які прапанаваў мне праспяваць з яго калектывам песню “Трубачыст”, якую тады выконваў Радзівон Газманаў. І маё першае публічнае выступленне было менавіта з гэтай песняй (да сённяшняга дня ў маці захоўваецца касета з запісам).
Але бацькі не лічылі прафесію спевака прэстыжнай. Тады (ды і зараз таксама) больш карыснымі лічыліся звычайныя прафесіі. Аднак я вельмі ўдзячны маёй маці Таццяне Міхайлаўне і бацьку Сяргею Сцяпанавічу за разуменне і магчымасць пайсці тым шляхам, які я сам сабе выбраў.
— Чый уплыў у сямейным выхаванні быў большы — мамы ці таты?
— У дзяцінстве ў мяне быў вельмі складаны характар: я быў вельмі капрызным дзіцём і вельмі ўпартым, як усе Цяльцы. Маці ўспамінала, што калі я быў зусім малым, яна на калясцы мяне вывозіла за горад, каб не пужаць суседзяў: маці было сорамна, калі я ўголас крычаў. У магазіне мог нават кінуцца на падлогу і закаціць істэрыку з-за якой-небудзь цацкі, якую вельмі хацеў. Пазней гэта вылілася ў тое, што я дабіваўся сваёй мэты, але ўжо не свавольствамі, а ўпартай працай: захацеў выбраць спорт — займаўся спортам, калі выбіраў музыку — рэалізоўваў сябе ў музычнай сферы. Бацькі не супраціўляліся майму выбару, але і адказнасць за яго я нёс таксама сам.
— Вы скончылі Гродзенскі музычны каледж. Чаму выбралі менавіта Гродна?
— Пасля дзявятага класа я спрабаваў працягнуць адукацыю менавіта па музычным напрамку, але мяне нікуды не бралі, бо былі больш здольныя і таленавітыя юнакі і дзяўчаты, якія спявалі пры эстрадных студыях, аркестрах і ансамблях. Куды мне, правінцыяльнаму хлопцу з не вельмі выбітнымі данымі, было цягацца з ужо вопытнымі сапернікамі? Спачатку мы падалі дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, але нам адмовілі, сказаўшы, што шансаў паступіць у мяне няма. Паспрабавалі ў Брэст — і зноў адмовілі, параіўшы прыходзіць пасля 11 класа. Але і потым у Брэст я не трапіў, а вось у Гродне мяне запомнілі, і ўсё склалася так, што я паступіў на аддзяленне эстраднага вакалу да цудоўнага педагога Ніны Пятроўны Жытковай.
Калі казаць пра галоўную прафесійную школу, школу жыцця і нават школу бізнесу, то гэта ўсё выпадае на гродзенскі перыяд маёй біяграфіі.
— Бізнесу?..
— Менавіта так. Жыць жа неяк трэба было. (Смяецца.) Прадаваў тэлефоны (была магчымасць танна купіць у Польшчы, а потым прадаць у Гродне). Але я прыдумаў вельмі хітры ход. У той час у мабільных тэлефонах не было вялікай колькасці мелодый — толькі стандартныя. І я, заказаўшы спецыяльны дата-кабель, запампоўваў у мабільнікі пакет мелодый, тым самым атрымліваў магчымасць прадаваць тэлефоны даражэй.
— Пасля каледжа адразу накіраваліся ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Чаму выбралі прадзюсарства, а не эстрадны вакал?
— Дылема была. Да апошняга моманту я не мог вызначыцца, ісці далей па сваім профілі ці паспрабаваць нешта новае. Жаданне развівацца перамагло, таму зараз я яшчэ і дыпламаваны прадзюсар. Вялікі дзякуй за гэта Алегу Георгіевічу Хаменку, майму асноўнаму педагогу па спецыяльнасці, практыку, “гуляючаму трэнеру”, які здолеў шмат чаму мяне навучыць. Дарэчы, тады гэта быў першы набор прадзюсараў, і ўсё было новым і для нас, і для выкладчыкаў.
— Што ў вашым жыцці сёння дамінуе: бізнес ці творчасць?
— Усё ж творчасць мне бліжэй, бо без яе ў маёй сферы дзейнасці ніякага бізнесу не будзе. Зараз мы жывём у час крэатыву, і я імкнуся “выязджаць” на творчых ідэях. Я шукаю такіх жа творчых людзей, і разам мы рэалізоўваем ідэі, цікавыя іншым. А бізнес — гэта другаснае.
— Калі з’явіўся брэнд “Герман Цітоў”?
— Гэта адбылося ўжо пасля маёй перамогі ў праекце “Зорны дыліжанс”. Да пэўнага часу я выступаў пад сваім сапраўдным імем Дзмітрый Карпінчык, а потым з прадзюсарам Уладзімірам Кубышкіным мы вырашылі ўзяць псеўданім. Нічога не памянялася, толькі імя.
Чаму Цітоў? Гэта дзявочае прозвішча маёй маці. Мы прыдумалі Германа, а прозвішча ўзнікла само сабой.
— З касманаўтам Германам Цітовым не блытаюць?
— Хіба только Google блытае. (Смяецца.) Гэта нават цікава. Неяк на дзень нараджэння мне нават падарылі кнігу касманаўта Германа Цітова “Блакітная мая планета”. Можа, у гэтым таксама закладзены нейкі містычны элемент поспеху. А па пашпарце я так і застаўся Дзмітрыем Карпінчыкам.
— Па натуры вы перфекцыяніст?
— Хутчэй не. Хаця гэта лепш ацэньваць збоку. Я люблю хуткую змену падзей, і часам на невялікія хібы я проста не звяртаю ўвагі. Лічу, што трэба больш дзейнічаць, а не займацца самакапаннем для давядзення работы і сябе да ідэалу. І гэта адносіцца да ўсяго.
— Ведаю, што, акрамя “Зорнага дыліжанса”, вы прымалі ўдзел і ў многіх іншых конкурсах.
— Так. Адной з цікавых падзей у маім творчым жыцці быў міжнародны праект Hello, Jurmala! — латвійская “Фабрыка зорак”. Некалькі месяцаў мы, удзельнікі з Беларусі, Літвы, Латвіі, Ізраіля, Італіі, жылі ў Юрмале ў рэжыме рэаліці-шоу, удзельнічалі ў канцэртах, свявалі і вучыліся. Падчас праекта я набыў вельмі цікавы і карысны вопыт еўрапейскай артыстычнай адукацыі, але мне прыйшлося пакінуць “фабрыку” дзеля ўдзелу (разам з Ганнай Шаркуновай) у адборачным туры “Еўрафэсту”, ды і надоўга выпасці з музычнага жыцця сваёй краіны я не мог. (Дарэчы, Герман быў адным з фаварытаў латвійскага праекта, і арганізатары разлічвалі на тое, што ён вернецца. — Заўв. рэд.) Да гэтага часу мы падтрымліваем сяброўскія зносіны з былымі ўдзельнікамі праекта. Удзельнічаў і ў расійскіх шоу “Народны артыст” і “Сакрэт поспеху”, якія таксама сталі пэўнай школай для мяне як для артыста, бо менавіта на конкурсах разумееш, што добрых спевакоў шмат, і гэта добра працверажае. Даходзіў да пэўных этапаў, выбываў, адчуваў душэўны дыскамфорт і расчараванне. Але ў выніку гэта толькі распальвала жаданне працаваць і дасягаць новых вяршынь — конкурсы загартоўваюць.
— Звычайна імёны аўтараў песень застаюцца “за кулісамі”. Хто з беларускіх спевакоў працуе з вамі як з кампазітарам?
— Мае песні выконваюць Іскуі Абалян (“Тонкай стужачкай”, “Летняя”, “Камень”, “Тэрыторыя рая”), Ганна Шаркунова (“Мала месца” ў дуэце са мной, “Усё гэта было”, новы танцавальны хіт “Татуіроўка”), ёсць яны ў рэпертуары Вольгі Барабаншчыкавай, Уладзіміра Ухцінскага, Славяны, групы “Федэрацыя” і шмат каго яшчэ.
— Выхад на расійскі музычны рынак — гэта спланаваная работа ці вам проста пашанцавала?
— Спачатку пашанцавала, а далей была планамерная работа. Першай песняй, якая выканана спеваком не з Беларусі, была кампазіцыя “Жыць”. Яе ўзяла ў свой рэпертуар Аніта Цой. Паспрыяў гэтаму мой сябар спявак Саша Папоў, які дапамог прапанаваць песню маскоўскім артыстам. Для мяне гэта быў вялікі поспех. Кампазіцыя прагучала ў Крамлі на шоу “Твая А.”. Мяне гэта вельмі зачапіла, і я зразумеў, што трэба дзейнічаць далей. Паступова наладзілася работа з іншымі вядомымі спевакамі.
З Мікалаем Баскавым пазнаёміўся ў Амерыцы. Мы з Ганнай Шаркуновай былі там на гастролях, а Мікалай прыехаў на канцэрт па запрашэнні Дзмітрыя Хварастоўскага. Сустрэліся мы ў Нью-Ёрку на вуліцы. Пазнаўшы Мікалая, я рызыкнуў падысці і прапанаваць напісаць для яго песню. Праз месяц ён ужо запісаў свой танцавальны хіт “Ну кто сказал тебе, что любви не бывает?”. Было вельмі прыемна ўдзельнічаць у запісе тэлеверсіі “Песні года”, а таксама калі Мікалай Баскаў запрасіў мяне на сцэну і прадставіў як аўтара песні падчас канцэрта ў “Мінск-Арэне”.
Пасля супрацоўніцтва з Баскавым кола артыстаў стала пашырацца. Мае песні ўзялі ў рэпертуар Валерый Лявонцьеў, Аляксандр Буйноў, Аляксандр Малінін, Наташа Каралёва, Азіза, Ірына Алеграва, Вадзім Казачэнка. Лаліта Міляўская выпусціла альбом, назву якому дала песня “Анатомія”. Яе я напісаў разам з Наталляй Касінцавай.
— І старт такому актыўнаму супрацоўніцтву дала адна выпадковая сустрэча ў Нью-Ёрку?
— Так. А супрацоўніцтва з Анітай Цой і Мікалаем Баскавым стала штуршком для развіцця і актыўнай творчасці.
— Адкуль бераце сілы адначасова для работы на тэлебачанні, для канцэртаў і творчасці?
— У адпачынку. Я не так даўно вярнуўся з Індыі і зноў пачаў пісаць песні. Часам даю сабе магчымасць спыніць час і адмежавацца ад усяго, падумаць пра жыццё, пра людзей, якія мяне акружаюць. Пасля такіх паездак з’яўляюцца новыя сілы і новая творчая энергія, якае дазваляе некаторы час трымаць сябе ў тонусе. Трэба, каб на ўсё сіл хапала: і на канцэрты, і на песні, і на работу ў праграме “Наше утро” на тэлеканале АНТ.
— Ці заўсёды ўдаецца спалучаць графікі тэлеэфіраў і канцэртаў?
— Асаблівай праблемы не ўзнікае, бо ўсё папярэдне плануецца.
— Вы “жаваранак” ці “сава”? Наколькі камфортныя для вас ранішнія эфіры?
— Я “сава”, і люблю позна ўставаць. Некалькі разоў на тыдзень даводзіцца прачынацца вельмі рана і спяшацца на тэлебачанне, каб у эфіры будзіць гледачоў. Затое ў астатні час можна паспаць больш.
— Як бавіце вольны час?
— Добрай аддушынай з’яўляецца трэнажорная зала. Люблю таксама хадзіць у аквапарк, падабаецца санаторны адпачынак ну і, канечне, падарожжы. Заўсёды стараюся выдзеліць пэўны час, каб з’ездзіць куды-небудзь.
— Які горад Беларусі для вас любімы?
— Безумоўна, гэта Гродна. Па-першае, я там вельмі доўга жыў. Па-другое, у маім разуменні, гэта зялёны еўрапейскі горад, які здолеў захаваць аўтэнтычнасць. Люблю прыязджаць туды на выступленні ці проста, каб наведаць сваіх педагогаў.
— Ці ёсць нешта, што вы не зрабілі ці зрабілі не так, як хацелася б?
— (Крыху памаўчаўшы.) Калі я задумваюся, значыць такое ўпомніць досыць цяжка — мне няма чаго перарабляць. Справа ў тым, што я ніколі не сяджу на месцы, увесь час працую — так весялей. Калі вакол сябе ствараеш рух, разумееш, што без яго не можаш развівацца.
Чым старэйшым становішся, тым больш хочацца адпачыць. Часам адчуваю, што трэба спыніцца, каб потым зноў рушыць у бой. У кожнага чалавека павінна быць сістэма, якае дазваляе эфектыўна працаваць і адпачываць. Я прытрымліваюся мернага, спланаванага, дзейснага ладу жыцця.
— Вы задумваліся пра тое, што, магчыма, варта было б распачаць педагагічную дзейнасць?
— Сёння ў мяне з’явіўся ўласны прадзюсарскі праект — Славяна. Я знайшоў дзяўчыну, якая цудоўна спявае і адначасова з’яўляецца блогерам. Ёй 15 гадоў, і яна толькі пачынае сваю вялікую музычную кар’еру. Знайшоў Славяну выпадкова ў інтэрнэце, а потым аказалася, што яна таксама з Кобрына. Мне вельмі цікава, як будзе развівацца праект. Мы запісалі пілотную песню, зараз рыхтуем яшчэ адну. Актыўна вучымся працаваць у кадры і на сцэне. Калі мне было 15, гэта ўсё для мяне было новым і незвычайным, а Славяна гатова і можа працаваць. Спадзяюся, што ўсё ў нас атрымаецца і ў Беларусі з’явіцца новая спявачка, якая таксама будзе несці людзям мае песні.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Германа Цітова.