Да адпраўлення “Цягніка Памяці” з Брэсцкага вакзала застаецца менш за тыдзень. З ліку віцебскіх навучэнцаў у маштабным беларускарасійскім патрыятычным праекце прыме ўдзел Данііл Талстоў з гімназіі № 9 імя А.П.Белабародава.
Данііл узначальвае валанцёрскі атрад “Вясёлка дабра” і пярвічку БРСМ у гімназіі. Ён аўтар праекта “Мемарыяльныя дошкі Першамайскага раёна Віцебска” ў праграме izi.TRAVEL, экскурсавод народнага музея баявой славы двойчы Чырванасцяжнай 43-й арміі, неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. На рахунку віцябляніна дыпломы І ступені па выніках рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Скарынаўскія дні ў Полацку — 2021” і гарадской выставы тэхнічнай творчасці, пахвальны водгук ХIII Міжнароднай маладзёжнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народаў”. Даследаванне навучэнца пра ветэранаў вайны, якія пражывалі і пражываюць на тэрыторыі мікрараёна, у рамках прысвечанага 75-годдзю Перамогі грамадзянска-патрыятычнага марафону “Гэта трэба — не мёртвым! Гэта трэба — жывым!” апублікавана на Нацыянальным адукацыйным партале. Юнак захапляецца такарнай і слясарнай справай, сябруе са спортам. Акрамя таго, яго ведаюць як актыўнага ўдзельніка пастановак тэатральнага калектыву “Экспромт”, выдатніка вучобы, аднаго з самых яркіх і абаяльных у летапісе ўстановы Дзядоў Марозаў, вядучага раённых мерапрыемстваў. Нядаўна каманда гімназіі пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Вольгі Глінкі прадставіла вобласць на рэспубліканскім злёце юных краязнаўцаў і стала пераможцай. Адзначаная дыпломам ІІІ ступені работа Данііла Талстова “Чалавек, якім мы ганарымся” па-новаму раскрывае старонкі жыцця двойчы Героя Савецкага Саюза генерала арміі А.П.Белабародава.
Чым больш вывучаеш гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, тым глыбей пераконваешся, што яна была накіравана на татальнае знішчэнне нашага народа. Такое ніколі не павінна паўтарыцца. Гэта залежыць ад моладзі, ад усіх разам і канкрэтна кожнага з нас, асабіста ад мяне.
— Афанасій Белабародаў — ганаровы грамадзянін Віцебска і расійскіх Істры, Іркуцка, Краснагорска, — расказвае юны даследчык. — Мой родны горад ад нямецка-фашысцкіх акупантаў вызваляла 43-я армія пад камандаваннем А.П.Белабародава. У гонар героя і вайсковага злучэння названы вуліцы. Нашу гімназію звязвае даўняе сяброўства з роднымі Афанасія Паўланціевіча. Яго імя носіць піянерская дружына і з 2020 года — установа адукацыі, у чым нас падтрымаў Уладзімір Афанасьевіч Белабародаў, сын легендарнага камандарма. Але маё даследаванне найперш не пра таленавітага военачальніка, а пра асобу. Мы задаліся пытаннем, як сялянскі хлопец з глыбінкі здолеў стаць генералам арміі, што садзейнічала яго поспехам і якія цяжкасці давялося пераадолець. Гэта быў самаахвярна адданы Радзіме чалавек з цвёрдымі маральнымі прынцыпамі. З юнацтва А.П.Белабародаў праяўляў ініцыятыўнасць, рашучасць, энергічнасць, стойкасць і мужнасць. Падзеі жыцця пры блізкім разглядзе ўражваюць значна больш, чым скупыя радкі біяграфіі. Так, служба ў арміі для Афанасія Паўланціевіча магла б скончыцца яшчэ ў сакавіку 1920 года, калі яго звольнілі ў запас па хваробе і ў сувязі з непаўналеццем. У час грамадзянскай вайны А.П.Белабародаў разам са старэйшым братам ваяваў у складзе партызанскага атрада ў Іркуцкай губерні. У адной з баявых аперацый моцна абмарозіўся, часткова страціў слых. Таму яго спачатку не прымалі ў пяхотную школу, але ж ён хацеў у армію. Каб ажыццявіць мару, пайшоў на хітрасць: замест яго медыкі аглядалі зусім іншага чалавека з аднолькавым прозвішчам. Вучоба А.П.Белабародаву давалася лёгка, але былі некаторыя праблемы з матэматыкай. Узяў сябе ў рукі, вырашыў, што, пакуль не авалодае прадметам, не будзе ў яго выхадных. І ў выніку здаў матэматыку на найвышэйшы бал. Такія факты — вельмі каштоўны арыенцір для сучаснікаў. У музеі мы даследуем, назапашваем і стараемся максімальна выкарыстоўваць падчас экскурсій падобны біяграфічны матэрыял — я зараз маю на ўвазе прыклады з жыцця не толькі Афанасія Паўланціевіча, але і іншых герояў нашых экспазіцый. Такія гісторыі кранаюць сэрца, што значна важней за дакладную інфармацыю. Праз 2 гады ў ходзе ўрачыстасцей у гонар 80-годдзя вызвалення Віцебска мы рыхтуемся прымаць дэлегацыю з Іркуцка, адкуль родам А.П.Белабародаў. У маі гэта якраз абмяркоўвалася, калі да нас завіталі Герой Расіі Яўген Аляксеевіч Зялёнаў разам са сваім сябрам Яўгенам Багамазавым, пляменнікам Героя Савецкага Саюза Рыгора Багамазава.
Самыя запамінальныя сустрэчы — з ветэранамі, жывымі сведкамі вайны і фашысцкіх злачынстваў. Слухаючы іх, цяжка ўтрымацца ад слёз. Яны часам расказвалі такія рэчы, што здавалася: мы наўрад ці змаглі б такое перажыць. Затое дакладна можам і павінны зрабіць усё дзеля захавання міру.
Яны прыехалі, каб бліжэй пазнаёміцца з гімназіяй і музеем. Данііл праводзіў экскурсію для ганаровых гасцей.
— Паглядзіце: у нас не проста звычайныя стэнды з экспанатамі і фота. Над афармленнем працавалі спецыялісты, прафесійныя мастакі, — звяртае ўвагу Данііл. — Экспазіцыі дапоўнены аўтарскімі эскізамі, на якіх адлюстраваны баі за горад, выявы — салдат — вызваліцеляў Віцебска, макет зямлянкі, карты вайсковых аперацый па вызваленні горада і дзейнасці партызанскіх брыгад на тэрыторыі Беларусі. Цікавы экспанат, выраблены спецыяльна для нашай гімназіі, — латунны пояс з эмблемамі ўсіх родаў войск, што прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. І, канечне ж, бюст Афанасія Белабародава, выкананы з граніту скульптарам Валерыем Магучым. Мяне сюды літаральна за руку прывяла ў 5 класе Марыя Станіславаўна. Паступова я пачаў далучацца да работы, вывучаць гісторыю Перамогі ў лёсе маёй сям’і, горада, вобласці, краіны. Усё гэта мяне зацікавіла, а потым сур’ёзна захапіла. Я зразумеў, што сапраўды магу ўнесці ўклад у захаванне міру ў нашай краіне, гэта мяне найбольш глыбока ўразіла. У старшых класах пачаў займацца даследчай дзейнасцю. Тры мае прадзеды ваявалі з гітлераўцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пётр Уладзіміравіч пайшоў на фронт у 1941 годзе, удзельнічаў у абароне Віцебска, пасля акупацыі горада быў у партызанскім атрадзе і ў 1944-м вярнуўся ў дзеючую армію, але ў ліпені пасля цяжкага ранення быў камісаваны. Фёдар Уладзіміравіч абараняў Віцебск, у 1941-м падарваўся на нямецкай міне. Леанід Ільіч прайшоў усю вайну, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За адвагу”. Пасля вайны працаваў у органах унутраных спраў і пайшоў на пенсію ў званні генерал-маёра з пасады начальніка Віцебскага гарадскога ўпраўлення МУС. Дарэчы, я таксама збіраюся паступаць у Акадэмію МУС. Наш музей наведваюць цікавыя людзі. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў некалі быў тут юным экскурсаводам — ён часты госць.
Музей баявой славы двойчы Чырванасцяжнай 43-й арміі працуе ў школе з 1985 года, сёлета ў студзені ён пацвердзіў званне народнага.
Між тым выключна музеем інтарэсы ўдзельніка “Цягніка Памяці” не абмяжоўваюцца. Неад’емная частка яго жыцця — спорт: Данііл — штангіст, мае 3-і дарослы разрад. Валанцёрскі атрад “Вясёлка дабра” аказвае дапамогу дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, ветэранам і пажылым людзям, бежанцам, займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол школы, у горадзе таксама работы хапае. Гімназіст любіць працаваць на такарным станку, вырабляць посуд, прадметы побыту, неяк зацікавіўся — і макет самалёта адолеў. Не так даўно малалетні вязень фашызму Соф’я Аляксандраўна Шлыкава папрасіла змайстраваць кармушку для птушак на балкон — зроблена і перададзена.
Ля вытокаў усіх музейных спраў і праектаў стаіць актыў аб’яднання па інтарэсах “Патрыёт” на чале з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Марыяй Нячай.
— Шчыра кажучы, з кожным годам усё цяжэй паўсюль паспець, нагрузка павялічваецца, — адзначае юнак. — Нечым даводзіцца ахвяраваць, расстаўляць прыярытэты. Зразумела, калі трэба паўдзельнічаць у той жа валанцёрскай акцыі, асабістае адыходзіць на другі план. Запрашэнне ў праект “Цягнік Памяці” стаў для мяне прыемнай нечаканасцю. Адказна, што маю кандыдатуру падтрымалі. Для мяне наша падарожжа — у першую чаргу велізарны вопыт, новыя кантакты, веды, зносіны, незабыўныя ўражанні. Пакуль толькі ўяўляю тую атмасферу, якая нас чакае. Тым больш што будуць праходзіць тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі — мне гэта блізка. Усё ўбачанае, пачутае і перажытае пасля вяртання дадому пастараюся данесці да сваіх сяброў, настаўнікаў і навучэнцаў гімназіі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і з архіва гімназіі № 9 Віцебска імя А.П.Белабародава.