Позневераснёвая, кастрычніцкая пара ў нашых кліматычных умовах — аптымальная для пасадкі дрэў. А якраз лясныя масівы, іншыя зялёныя насаджэнні абараняюць нас пры глабальным пацяпленні ад разбуральных прыродных катаклізмаў.
Як не павучыцца нам на памылках іншых! Пішучы летнюю нататку “Градус жыцця”, атрымаў вестку ад беларусаў з Кішынёва: “Знемагаем ад гарачыні!” Глянуў-клікнуў: о, нашы “за трыццаць” не бяда на фоне іх тэрмакатастрофы. Малдова трапіла ў эпіцэнтр экстрэмальнай гарачыні, якая скаланула паўднёва-ўсходнюю Еўропу і Балканы: там было ў цяні па 40 і 42, а то і больш.
А што, хіба лясы там павысякалі? Ну так і ёсць! Прычым страчвае Малдова штогод і тысячы гектараў лясоў запаведных: людзі масава браканьераць, сякуць сук экабяспекі. Апошнім часам плошчы, занятыя лясамі, усохлі да 11% тэрыторыі (раней было 20—25%), і вырашылі малдаване лясы аднаўляць: “за многія гады ўпершыню”, пішуць эксперты. На тое патрэбны вялізныя грошы (прыкладна 740 мільёнаў еўра на найбліжэйшыя гадоў 10 — а дзе возьмеш?). Які чакаюць эфект? Эксперты лічаць, што і 15-працэнтная “падушка лясной бяспекі” станоўча паўплывае на колькасць і якасць вады ў краіне, зменшыць уплыў знешніх фактараў на дэградацыю зямель. І, вядома ж, улетку не будзе такога пекла. Увогуле ж азеляненне любой краіны — гэта станоўчы ўплыў на ўсё наваколле, на эканоміку і якасць жыцця грамадзян. Але ёсць нюанс: як ім да таго раю дажыць? Якія саджанцы змогуць укараніцца-вырасці там, дзе сёння летам за +40?.. І яшчэ праблема з вуснаў малдаўскага эксперта: “Мы можем поставить вдоль леса заградотряды, но его все равно будут рубить, поскольку в стране 60% населения для отопления используют печи”.
У нас пад лясамі каля 40% тэрыторыі краіны, ды яшчэ рэкі з поймамі, азёры, лугі, балоты… І ў такіх умовах, калі нават сонца ўлетку амаль у зеніце, і бязвоблачна, і бязветрана, то вялізная маса выпаранай вады (у кліматолагаў ёсць тэрмін “выпаральнасць”) засцерагае беларускія тэрыторыі, а значыць, і нас з вамі ад катастрафічных перагрэваў. Працуюць тонкія механізмы самарэгуляцыі экасістэмы — ствараецца здаровы, спрыяльны для жыцця мікраклімат.
Здавалася б, прапісныя ісціны: не сячы сук, на якім сядзіш. Не сячы “ў мінус” той лес, якія цябе ратуе ад спёкі, ураганаў, дэградацыі глебы, “утылізуе” вуглякіслы газ і “робіць” кісларод… І лясная эканоміка пры разумным гаспадаранні — прыбытковая справа. Ды “зялёны” светапогляд пры ўсёй яго лагічнасці часта пасуе перад “чорным” — з апакаліптычным дэвізам “Пасля нас хоць патоп”, “ружовым” (ён кажа: “Неяк будзе…”) і “жоўтым” д’яблам — спакусай лёгкага ўзбагачэння і нажывы.
На шчасце, у беларусаў на генным узроўні захоўваецца паважлівае стаўленне да лесу, прыроды. З савецкіх часоў дзейнічаюць школьныя лясніцтвы. І карпатлівае выхаванне, адукацыю ў гэтым кірунку прадоўжылі ў пару незалежнасці. Бываючы ў школах, я пра гэта пісаў: скажам, пра ўнікальны вопыт школьнага лясніцтва ў гарадской школе (3-я ў Івацэвічах) пад назвай “Чацвёрты квартал”. Рыхтуючы гэты тэкст, у інтэрнэце знайшоў і такую інфармацыю: вясной 2021-га, у Год народнага адзінства, на базе доследнага лясгаса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ў Дзяржынскім раёне супрацоўнікі Мінадукацыі высадзілі сосны і клёны, апошнія ўтварылі слова “ЕДИНСТВО”. Пра гэта гаварыў журналістам тагачасны міністр Ігар Карпенка, ён таксама ў акцыі “Тыдзень лесу” паўдзельнічаў. І вось жа цяпер у краіне праходзіць марафон адзінства, і слова гэтае надзвычай актуальнае! Цікава б глянуць: як растуць тыя клёны? А мае калегі падказваюць, што і цяперашні міністр Андрэй Іванец з паплечнікамі сёлета вясной там на лесапасадцы працаваў. Ёсць пераемнасць добрых традыцый!
Фота аўтара
Нядаўна ў камандзіроўцы ў Пінску пабачыў я экзатычную алею з кучаравістых вербаў. Высадзілі яе на мемарыяльным комплексе воінам-вызваліцелям у гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што засведчылі мемарыяльнай дошкай. І ў іншых месцах краіны высаджваюць алеі, скверы ў гонар памятнай даты, а таксама Дня народнага адзінства. Прытым варта б не пакінуць насаджэнні без нагляду: зямля цяпер надта сухая, а кустам, і дрэўцам, і кветкам, каб укараніцца, патрэбен своечасовы паліў. Сумна ж бачыць, што некаторыя маладыя рабіны, ліпкі ў Мінску згарэлі-завялі гэтым летам ад сухменю і гарачыні. Давядзецца высаджваць новыя, а гэта запатрабуе дадатковых выдаткаў.
Між тым у стрэсавай для маладых саджанцаў сітуацыі перасаджвання-прыжывання, іх адаптацыі да змяненняў клімату, падаецца мне, маглі б спатрэбіцца не толькі рукі, палівачкі школьнікаў — інтэлект і крэатыўнасць іх мыслення таксама. Чаму б энтузіястам са STEM-класаў, тэхнічных гурткоў не папрацаваць сумесна, каб стварыць мадэлі сучасных робатаў для лесапасадак, а не толькі для робагульняў і забавак! У краіне створаны комплексы, дзе вырошчваюць пасадачны лесаматэрыял з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС). Робаты змогуць іх высаджваць, бо ўмеюць і машыны збіраць. А ЗКС дае магчымасць зрабіць новы крок на шляху да масавага аднаўлення лесапасадак (пасля нарыхтоўкі драўніны, пасля пажараў, ураганаў) і — у глабальным маштабе — ратавання маці-Зямлі ад рэальнай пагрозы апустыньвання, вынішчэння ўсяго яе зялёнага покрыва. Умеюць у нас рабіць магутныя харвестары, якія аблягчылі валку лесу, першасную апрацоўку драўніны. Настала пара сучасных, высокатэхналагічных машын для лесааднаўлення.
“Раны зямля загаіла ваенныя — лесам: // Дуб векавы ў карагодзе бяроз і дубкоў… // Гэтым зялёным шчытом — не агнём і жалезам // Свет абароніцца на ветравеі вякоў” — так напісаў я, разважаючы напярэдадні аднаго з дзён Перамогі над “выклікамі сучаснасці”, як кажуць калегі. А экавыклік сапраўды глабальны! Пагугліце: штогод адна толькі пустыня Сахара забірае-падмінае пад сябе, спусташае кіламетраў 10 новых тэрыторый! Не будзе на зямлі дрэў, зеляніны — і без войн свет падыдзе да краю бездані, да самазнішчэння.
Восень. Пара высаджваць дрэвы, абараняць зялёным шчытом будучыню нашу і нашых дзяцей, нашу Бацькаўшчыну — і ўсю нашу зялёную планету.