Гімназічны Oktoberfest

- 11:55Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы жлобінскай гімназіі № 1, натхнёныя настаўніцай нямецкай мовы, арганізавалі ў сценах сваёй установы знакаміты нямецкі фальклорны фестываль Oktoberfest.

Марына Юр’еўна Бялян, аўтар ідэі, ведае, што ў дзяцей не з’явіцца зацікаўленасці ў вывучэнні замежнай мовы, калі ўрокі будуць нуднымі, а падача матэрыялу не будзе ўтрымліваць якой-небудзь гульнявой формы. Так значна лепш успрымаецца граматыка і запамінаюцца іншамоўныя словы. Асабліва актуальна гэта для малодшых дзяцей, таму ўдзельнікамі гімназічнага фестывалю сталі вучні 4—6 класаў.

У гэты дзень у гімназіі было мнагалюдна: на свята сабраліся бацькі, настаўнікі, а таксама завітаў ганаровы госць з Германіі Аксель Кванта, прафесар сацыялогіі. Ён выкладае ў розных універсітэтах Германіі, а таксама па запрашэнні чытае лекцыі ва ўстановах вышэйшай адукацыі іншых краін. Прафесара ў жлобінскай гімназіі ўжо лічаць за сябра, і з яго ўдзелам навучэнцы і педагогі правялі не адно мерапрыемства. Так, напрыклад, пры дапамозе нямецкага выкладчыка гімназісты пачалі актыўную перапіску з равеснікамі дзвюх нямецкіх школ. Дзеці пішуць адно аднаму лісты, адпраўляюць фатаграфіі, паштоўкі і невялічкія сувеніры. Цікава, што такія зносіны ідуць не праз інтэрнэт, а праз пошту. Юнакі і дзяўчаты прызнаюцца, што перапіска з нямецкімі сябрамі стала добрым стымулам для вывучэння мовы. Калі прыходзяць лісты, вельмі хочацца чытаць іх без дапамогі настаўніка, а таксама мець магчымасць самастойна напісаць адказ на нямецкай мове.

Свае дасягненні гімназісты прадэманстравалі на нядаўнім свяце, якое не толькі ўключала заданні на веданне замежнай мовы, але і праводзілася па-нямецку. Вядучымі конкурсу былі настаўнікі гімназіі Марына Юр’еўна Бялян і Вольга Паўлаўна Зарэцкая, а дапамагала ім вучаніца 6 “В” класа Валерыя Касценіч. Юнакі і дзяўчаты суадносілі карцінкі са словамі, адказвалі на розныя пытанні пра восень, ім было прапанавана выразна без падрыхтоўкі прачытаць чатырохрадкоўі. Акрамя таго, што спаборніцтвы ў конкурсах паказвалі валоданне нямецкай мовай, многія з іх былі яшчэ і жартаўлівымі. Напрыклад, неабходна было з завязанымі вачыма дастаць з пакета, вызначыць і назваць садавіну ці агародніну. Шмат смеху выклікалі канкурсанты, калі спрабавалі паглынаць сасіскі з завязанымі рукамі.

Паўзы паміж конкурсамі запаўняліся песнямі і вершамі ў выкананні вучняў чацвёртых класаў, а навучэнец 6 “А” класа Яраслаў Ланько парадаваў прысутных прыгожым танцам.

Конкурс ёсць конкурс, і яго завяршэнне заўсёды прадугледжвае вызначэнне пераможцаў. Гімназічны Oktoberfest ацэньваў удзельнікаў аб’ектыўна: пераможцамі сталі навучэнцы, якія зарабілі найбольшую колькасць бонусных картак. Сярод такіх знаўцаў — вучань 6 класа Іван Шульга, пяцікласнікі Ягор Мікалаеў і Ілья Капусцін, сямікласнік Валянцін Лявонаў.

— Дзеці засталіся задаволеныя, — дзеліцца Марына Бялян. — Яны і павесяліліся, і прадэманстравалі свае веды шырокай публіцы. Мы зразумелі, што неабходна часцей арганізоўваць такія займальна-пазнавальныя мерапрыемствы, і не толькі па замежнай мове, але і па іншых школьных прадметах. Думаю, з нашага гімназічнага свята мае калегі могуць нешта ўзяць для сябе адносна арганізацыі выхаваўчай работы па прадмеце з навучэнцамі.

Наталля ЛУТЧАНКА.