“Гімназія FEST” захапіў усіх

- 10:50Навіны рэгіёнаў

Штогадовы фестываль замежнай музыкі “Гімназія FEST” прайшоў у гімназіі № 1 Жлобіна.

Гэтае мерапрыемства — адно з самых любімых у гімназістаў, таму нядзіўна, што ў дзень правядзення фестывалю юнакі і дзяўчаты спяшаліся ў актавую залу, каб паспець адшукаць свабоднае месца.

Фестываль “Гімназія FEST” стаў ужо традыцыйным у жлобінскай гімназіі, бо сёлета прайшоў пяты раз. Колькасць яго ўдзельнікаў штогод расце, а разам з гэтым прыкметна павышаецца і якасць падрыхтоўкі канкурсантаў.

— Ці складана спяваць на замежнай мове? — пытаемся ў самых малодшых удзельнікаў.

— Не, — адказваюць яны, — галоўнае — словы вывучыць, а потым хочацца спяваць не толькі на рэпетыцыях, але і дома, у гасцях у бабулі ці ў сяброў.

Паказаць сваё майстэрства ў конкурсе могуць нават пачаткоўцы. У гэтым годзе арганізатар мерапрыемства настаўнік англійскай мовы Т.Ф.Жывіца прапанавала правесці фестываль у два этапы. Так, навучэнцы 3—6 класаў сабраліся на “Гімназія FESTIK”, дзе іх песнямі і танцамі весялілі аднагодкі, а пасля сваё майстэрства на “Гімназія FEST” дэманстравалі старэйшыя гімназісты. У фестывалі замежнай музыкі прынялі ўдзел 25 юнакоў і дзяўчат, якія пакінулі цудоўнае ўражанне ад сваіх нумароў як у гледачоў, так і ў журы. Дарэчы, суддзямі былі не толькі настаўнікі гімназіі, але і педагогі жлобінскай дзіцячай школы мастацтваў № 1, а гэта значыць, што пеўчыя і харэаграфічныя здольнасці канкурсантаў ацэньвалі прафесіяналы. Акрамя вакальных і артыстычных здольнасцей, гімназісты прадэманстравалі даволі высокі ўзровень валодання замежнымі мовамі, прычым не толькі тых, якія вывучаюць у гімназіі.

Гледачы — навучэнцы, іх блізкія і знаёмыя — таксама не засталіся пасіўнымі назіральнікамі, а змаглі адчуць сябе наведвальнікамі караоке-клуба, адправіўшыся ў падарожжа па марскіх хвалях на “Жоўтай падводнай лодцы” Джона Ленана. Такім чынам прысутныя ў зале зарадзіліся пазітыўнай энергіяй не толькі ад таленавітых выканаўцаў, вясёлых і жыццярадасных вядучых, але і ад асабістага ўдзелу ў мерапрыемстве. Напрыканцы фестывалю кожны канкурсант атрымаў імянны сертыфікат, а пераможцаў узнагародзілі дыпломамі і медалямі.

Наталля ЛУТЧАНКА.