Гісторыя на кожным кроку

Яшчэ адным крокам па рэалізацыі канцэпцыі “Універсітэт-музей” стала адкрыццё ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы экспазіцыі “Ад гімназіі да ўніверсітэта”.

Пад новую экспазіцыю, якая адлюстроўвае ў фотаздымках і ўнікальных дакументах гісторыю адукацыі ў Гродне, аддалі лесвіцу — менавіта гэты куток былой Марыінскай гімназіі, дзе зараз знаходзіцца галоўны корпус ГрДУ, стаў своеасаблівым філіялам музея развіцця Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Тут прадстаўлены матэрыялы аб адукацыйных традыцыях Гродна — ад ХІХ стагоддзя і стварэння ў 1940 годзе настаўніцкага інстытута да сённяшняга дня найбуйнейшага беларускага ўніверсітэта.

Музей быў створаны да 65-годдзя навучальнай установы ў 2005 годзе. Тут сабраны ўнікальны матэрыял аб універсітэце і яго людзях. Музей стаў месцам, куды абавязкова прыходзяць першакурснікі і госці, выпускнікі і абітурыенты. Тут створаны экспазіцыі аб дынастыях і аб тых, хто абараняў Радзіму, алімпійскіх чэмпіёнах і студэнцкіх будатрадах, знамянальных датах, а таксама экспазіцыя мантый універсітэтаў свету. Супрацоўнікі музея ствараюць відэафільмы пра выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта, адлюстроўваюць усе важныя падзеі сённяшняга жыцця. Паступова ўвасаблялася ў жыццё і канцэпцыя, па якой універсітэцкая прастора станавілася месцам, дзе расказваецца пра гісторыю ўніверсітэта, аб яго славутых людзях. Два гады назад у холе другога паверха была створана экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Янкі Купалы, імя якога ўніверсітэт носіць.

На ўрачыстым адкрыцці новай экспазіцыі рэктар ГрДУ доктар педагагічных навук Андрэй Кароль падкрэсліў, што такое бачанне будзе развівацца, бо паспяховая дзейнасць кожнай арганізацыі будуецца на веданні мінулага і павазе да яго.

Студэнтам ХХІ стагоддзя дапамогуць у гэтым сучасныя тэхнічныя дасягненні — пад кожным фотаздымкам размешчаны QR-коды, а ў новай “лесвічнай” экспазіцыі ўстаноўлена мультымедыйнае суправаджэнне. Тут можна ўбачыць кнігу летапісу ГрДУ, у хуткім часе будуць дэманстравацца фільмы аб выкладчыках універсітэта, прэзентавацца іх кнігі.

Па традыцыі была перарэзана чырвоная стужка. Гэтую ўрачыстую місію выканалі А.Д.Кароль і студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта член грамадскага Рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі Рэспублікі Беларусь Карына Млыноўская. Першымі наведвальнікамі новай экспазіцыі сталі першакурснікі.

Ва ўніверсітэце плануюць працягваць работу па рэалізацыі канцэпцыі “Універсітэт-музей” і аформіць музейныя экспазіцыі ў іншых карпусах.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *