Гісторыя ў мініяцюры

- 10:14Культура

Пазаўчора ў навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік” пачала работу IV Міжнародная выстава-конкурс стэндавага мадэлізму “Мінск-2017”, якая з’яўляецца вынікам супрацоўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і мінскай студыі распрацоўкі кампаніі Wargaming у папулярызацыі тэхнічнай творчасці, развіцці стэндавага мадэлізму, ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.

Тым, хто захапляецца стэндавым мадэлізмам, хто проста цікавіцца ваеннай гісторыяй, хто любіць гуляць з мадэлямі танкаў, самалётаў, караблёў — адным словам, прадстаўнікам усіх узростаў на выставе ёсць, як кажуць, дзе разгарнуцца. Тут і мадэлі бранятэхнікі, грамадзянскія і ваенныя аўтамабілі, авіяцыя ваенная, грамадзянская і спартыўная, флот надводны і падводны, дыярамы і віньеткі, ваенна-гістарычныя мініяцюры, фантастыка. Гістарычны перыяд, да якога адносяцца мадэлі, ахоплівае некалькі тысяч гадоў: ад часоў Рымскай імперыі і да сучаснасці.

Як паведаміў гістарычны кансультант мінскай студыі распрацоўкі кампаніі Wargaming Аляксей Груздзеў, усяго на выставе прадстаўлена больш за 900 мадэлей. Пры гэтым іх колькасць з кожным годам павялічваецца. Калі на першай выставе ў 2014 годзе іх было каля 400, у пазамінулым годзе — 600, то ў мінулым было прадстаўлена ўжо каля 700 мадэлей. Пашыраецца і геаграфія ўдзельнікаў: у Мінск свае работы прывезлі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі. Гэта не толькі дарослыя мадэлісты, але і навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дарэчы, асноўнымі наведвальнікамі выставы з’яўляюцца школьнікі і студэнты.

— Кожная мадэль па-свойму ўнікальная і складаная. Ёсць пластыкавыя, папяровыя, драўляныя і мадэлі з іншых матэрыялаў. Складанасць мадэлі залежыць ад таго, што мадэліст хоча атрымаць у выніку працы: мадэль, якая цалкам адпавядае прататыпу, або падобную. Прызёры кожнай намінацыі вызначаюцца ў залежнасці ад матэрыялу, з якога створана іх мадэль, і ўзросту мадэлістаў (моладзь да 18 гадоў і дарослыя ад 18 гадоў і старэйшыя). Увага звяртаецца на якасць нанясення фарбы, якасць зборкі, адпаведнасць прататыпу, — паведаміў валанцёр Максім Зянько, які 8 гадоў займаецца стварэннем папяровых мадэлей.

Працуе выстава да 29 кастрычніка. У кожнага, хто цікавіцца стэндавым мадэлізмам, хто проста неабыякавы да ваеннай тэхнікі, ёсць яшчэ некалькі дзён, каб азнаёміцца з гісторыяй у мініяцюры.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.