Годныя перамогі юных геолагаў Беларусі

- 9:20Адукацыйная прастора

XIII Усерасійская адкрытая палявая алімпіяда юных геолагаў прайшла з 31 ліпеня па 6 жніўня ў дыстанцыйным фармаце з выкарыстаннем платформы MS Teams. У спаборніцтвах прымалі ўдзел 33 каманды з Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана.

Соф’я Тазіева падчас спаборніцтваў.

Арганізатарамі алімпіяды выступілі Федэральнае агенцтва па нетракарыстанні сумесна з Урадам Свярдлоўскай вобласці і Расійскім геалагічным таварыствам пры падтрымцы Уральскага дзяржаўнага горнага ўніверсітэта. У склад журы ўвайшлі прафесійныя геолагі — прадстаўнікі вытворчых прадпрыемстваў і арганізацый. Усерасійская адкрытая палявая алімпіяда юных геолагаў праводзіцца адзін раз у два гады. Каманда “Юныя геолагі Беларусі” трэці раз прымала ўдзел у ёй. У 2017 годзе наша зборная заваявала бронзавыя медалі ў агульнакамандным міжнародным заліку, а ў 2019 годзе — сярэбраныя. У сувязі з правядзеннем сёлетняй алімпіяды ў анлайн-фармаце арганізатары прынялі рашэнне не праводзіць агульнакамандны залік, а падвесці вынікі кожнага конкурсу і спаборніцтваў асобна. У працэсе падрыхтоўкі нашай каманды былі заняты выкладчыкі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, супрацоўнікі філіяла “Інстытут геалогіі” РУП НВЦ па геалогіі.

Сёлета на алімпіядзе была прадстаўлена каманда гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе пад кіраўніцтвам Жанны Яўгенаўны Гвозд, настаўніцы геаграфіі, дырэктара ўстановы, і Дзмітрыя Міраслававіча Курловіча, дэкана факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. У склад каманды ўвайшлі вучні 8—11 класаў Паліна Вільчак, Ганна Вайцяховіч, Данііл Гінько, Багдан Канстанцінаў, Іван Касцюкоў, Арсеній Лазарэвіч, Соф’я Тазіева і Віктар Юдашкін. На працягу некалькіх дзён школьнікі дэманстравалі свае веды і навыкі ў спаборніцтвах па мінералогіі і петраграфіі, палеанталогіі, пабудове геалагічнага разрэзу, радыеметрыі, гідралогіі, апісанні геалагічнага помніка, асновах тэхнікі бяспекі, у напрамку нафты і газа. Усе заданні былі адаптаваны пад анлайн-фармат. Па кожным напрамку вызначалася пяцёрка прызёраў. У рамках алімпіяды таксама прайшлі конкурсы “Выраб з каменю”, “Фатаграфія”, “Малюнак”, выстава “Геалогія і мы” і II Маладзёжная навукова-практычная канферэнцыя “Мая будучыня — геалогія”. Сачылі за выкананнем правіл і рэгламенту спецыяльна навучаныя валанцёры. Работу юнакоў і дзяўчат адлюстроўвала камера відэаназірання.

Падчас спаборніцтваў па геалагічным разрэзе ўдзельнікі атрымалі заданне ў выглядзе адсканаванай геалагічнай карты, дзе быў паказаны ўзрост парод. Неабходна было намалявац­ь разрэз па зададзенай лініі, адлюстраваўшы зрэз залягання старажытных пластоў па вертыкалі, размаляваць іх, нанесці неабходныя абазначэнні, рэльеф. Спаборніцтвы па мінералогіі і петраграфіі складаліся з тэста па тэорыі і практычнага задання на вызначэнне мінералаў і горных парод па фота і пераліку характэрных прыкмет. У конкурсе па радыеметрыі юныя геолагі атрымалі карткі значэнняў радыеактыўнага поля і будавалі па ёй карту ізаліній. Новыя пункты на карце дзіўных геалагічных аб’ектаў Расіі і краін блізкага замежжа нанеслі маладыя лю­дзі, якія займаліся апісаннем геалагічнага помніка: Шарташскія каменныя палаткі, мёртвае возера Кара-Кель, гара Юрактау, Бердскія скалы, самацветныя радовішчы і іншыя запаведныя месцы. У спаборніцтвах па палеанталогіі школьнікі па фота­здымку павінны былі вызначыць яго сістэматычнае становішча, умовы існавання і ўзрост. Сёння практычная геа­логія, асабліва нафтавая, выкарыстоўвае даныя пра ў­зрост арганізмаў, таму палеанталогія як спецыяльнасць вельмі запатрабаваная. Тым, хто выступаў у напрамку “Гідрагеалогія”, неабходна было па схеме ракі з улікам усіх неабходных даных правесці вымярэнні даўжыні і глыбіні верхняга і ніжняга створаў ракі, адлегласці паміж імі, а таксама выканац­ь разлікі хуткасці цячэння ракі. Адзін з самых складаных конкурсаў — “Нафта і газ”: юныя геолагі прайшлі тэарэтычны тэст і зрабілі разлікі глыбіні адлюстравальнага гарызонту па чатырох профілях у праграме Fold, пабудавалі структурную карту гарызонту па тэрыторыі, якая даследавалася, і зрабілі заключэнне аб нафта­газаноснасці пласта.


Юныя геолагі Беларусі прынялі ўдзел ва ўсіх геалагічных спаборніцтвах і конкурсах і атрымалі годныя вынікі: Данііл Гінько — 1-е месца ў конкурсе “Выраб з каменю” (намінацыя “Вырабныя і абліцовачныя камяні нашага раёна”); Багдан Канстанцінаў — 1-е месца ў конкурсе “Выраб з каменю” (намінацыя “Структуры горных парод”); Жанна Яўгенаўна Гвозд — 2-е месца ў конкурсе для кіраўнікоў “Фатаграфія” (намінацыя “Геалагічная фантазія”); Соф’я Тазіева — 2-е месца ў конкурсе “Малюнак” (намінацыя “Геалагічныя аб’екты і помнікі прыроды, прырода роднага краю”); Паліна Вільчак — 3-е месца ў конкурсе “Малюнак” (намінацыя “Заняткі геалагічнага гуртка, выкананне геалагічнага задання”); Соф’я Тазіева — 3-е месца на выставе “Геалогія і мы” з відэапрэзентацыяй беларускага бурштыну і 3-е месца ў спаборніцтвах “Апісанне геалагічнага помніка” з тэмай “Геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Агаленне Заслаўскае”; Ганна Вайцяховіч, Багдан Канстанцінаў — 4-е месца ў спаборніцтвах “Радыеметрыя”.

Разнастайныя па тэматыцы даклады прадставілі ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі. Соф’я Тазіева выступіла з тэмай “Гідралагічнае картаванне ўчастка Заходняя Бярэзіна Валожынскага раёна Мінскай вобласці”. Каманда Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска Гомельскай вобласці пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Зінаіды Мікалаеўны Давідоўскай прадставіла тэму “Вывучэнне чацвярцічных адкладаў на тэрыторыі Светлагорскага раёна”.

Як расказала Жанна Яўгенаўна Гвозд, традыцыйна складаныя для беларускіх школьнікаў конкурсы па мінералогіі і палеанталогіі. Прычына — недахоп горнай практыкі. Вучні маюц­ь магчымасць займацца толькі па музейных узорах (у музеі землязнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ), дзе прадстаўлены эталонныя ўзоры, а на спаборніцтвах прапаноўваліся палявыя ўзоры, знешне не заўсёды падобныя на эталон. Самым паспяховым было выступленне Соф’і Тазіевай, сёння ўжо дзесяцікласніцы гімназіі № 5 Мінска. У 2019 го­дзе дзяўчына ўдзельнічала ў Рэспубліканскім злёце юных геолагаў, а сёлета перамагла на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па геаграфіі. Цікавасць да геаграфіі ў яе сфарміравала педагог Жанна Я­ўгенаўна Гвозд. Падрыхтавацца да конкурсу дапамаглі таксама выкладчыкі БДУ. 

Надзея ЦЕРАХАВА.