Голас зорнага “Серпанціну”

- 10:55Навіны рэгіёнаў

У першым выпуску чацвёртага сезона папулярнага расійскага тэлешоу “Голас. Дзеці” паспяхова выступіў выхаванец Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Міхаіл Маскалёў.

“Паказаць свае магчымасці і даведацца пра сябе нешта новае” — так юны талент акрэсліў сваю мэту напярэдадні конкурсных выпрабаванняў. Трынаццацігадовы тэнар, дарэчы, не навічок на сцэне. Як і практычна ўсе вучні знакамітай Галіны Чарнышовай, кіраўніка вакальна-эстраднай студыі “Серпанцін”. Адсюль, напрыклад, выйшла пераможца трэцяга сезона айчыннага тэлепраекта “Гарады, якія спяваюць” Настасся Лейкіна. Аб узроўні студыйнай падрыхтоўкі сведчыць статыстыка: практычна ўсе выхаванцы так ці інакш звязваюць сваё далейшае жыццё са сцэнай, а ўсе жадаючыя становяцца студэнтамі профільных устаноў вышэйшай адукацыі. Прычым выпадкі, калі такі студэнт просіць сваю настаўніцу аб наведванні заняткаў і спецыяльна для гэтага прыязджае ў абласны цэнтр, хутчэй правіла, чым выключэнне.

— Нашы дасягненні сталі магчымымі дзякуючы зладжанай каманднай рабоце, — сціпла лічыць педагог. — Я маю на ўвазе і навучэнцаў, і іх бацькоў, і маіх калег — у першую чаргу акампаніятара Ірыну Дзмітрыеву, кіраўніцтва сектара музычнай творчасці і аддзела эстэтычнага выхавання.

Міхаіл Маскалёў займаецца вакалам больш за 6 гадоў і мае ў актыве перамогі ў некалькіх конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Паспяхова выступаў у праекце канала АНТ “Я спяваю!”, але захварэў і мусіў пакінуць яго. У 2014 годзе спявак стаў фіналістам адборачнага тура вакальнага конкурсу Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Пра сябе Міхаіл расказвае, што захапляецца інфарматыкай і матэматыкай, але галоўнае, зразумела, музыка. Жаданне спяваць — найважнейшая частка жыцця, яно натуральнае, як дыханне. Здаралася, што натхненне неадольна авалодвала хлопцам нават уначы — у выніку суседзі грукалі ў батарэі, а маці даводзілася тэрмінова праводзіць выхаваўчую гутарку.

— Заўсёды імкнуся быць пазітыўным і энергічным, — з гарэзлівай усмешкай каменціруе мой візаві. — Толькі, на жаль, кнопкі выключэння ў мяне няма.

Папярэдні кастынг на тэлешоу Міхаіл прайшоў яшчэ ў мінулым сезоне. Аднак на сляпыя праслухоўванні трапіць не давялося: настаўнікі паспелі набраць каманды з тых, хто быў у спісах раней па чарзе. На гэты раз Міша выступаў у ліку першых.

— Як толькі мы з мамай даведаліся, што стартуе новы сезон, адразу запоўнілі анкету, прымацавалі відэа, — расказвае артыст. — У выніку мяне запрасілі на кастынг у Маскву. У тэлецэнтры “Астанкіна” нас падзялілі на групы. Спявалі акапэла, чакалі, перажывалі. Потым тых шчасліўчыкаў, хто вытрымаў адбор (і мяне ў тым ліку), зноў запрасілі праспяваць акапэла. Калі шчыра, мне было вельмі няпроста выступаць фактычна без адпачынку, пасля доўгага начнога пераезду. Тым не менш у наступны этап прайсці атрымалася.

Віцяблянін выканаў іспанскую песню Granada, якую вучыў паўгода і ўдасканальваў выкананне яшчэ два з паловай гады. Выкананне так уразіла Дзмітрыя Нагіева, што той прадказаў спеваку выступленне ў Вялікім Крамлёўскім палацы. Вакал адзначылі Нюша і Валерый Меладзэ. Без доўгіх ваганняў Міхаіл выбраў Меладзэ і зараз рыхтуецца да выступлення ў тройцы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.