Гомельшчына трэці год запар займае першую пазіцыю ў рэспуб­ліцы па выніках ЦТ

- 12:00Актуально

Удасканаленне сістэмы грамадзянска­-патрыятычнага выхавання, падрыхтоўка да цэнтралізаванага экзамену і ўступнай кампаніі, работа з кадрамі і бацькамі — гэтыя і іншыя актуальныя задачы былі разгледжаны на пасяджэнні выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гомельскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намес­нік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, начальнік упраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэс­публікі Беларусь Віктар Доўнар.

Пачаўся сход педагагічнай грамадскасці рэгіёна з прыемнай навіны. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў павіншаваў прадстаўнікоў сістэмы адукацыі Мазырскага раё­на: яны названы лепшымі ў рэспубліцы на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі Беларусі і ўзнагаро­джаны граматай.

“Важнае дасягненне — на Гомельшчыне сёння 90% дзяцей ад 1 да 6 гадоў атрымліваюць дашкольную адукацыю, — адзначыў Руслан Іванавіч. — Усімі раёнамі выкананы нарматыў дзяржаўнага сацыяльнага стандарту па забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Іх выхаванцы сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Я — даследчык” у трох з чатырох намінацый, а таксама на рэспубліканскім фестывалі “Бяспечнае дзяцінства”.

Першыя і лепшыя

Гомельшчына трэці год запар займае першую пазіцыю ў рэспуб­ліцы па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. У школьнікаў 2-е месца ў рэспубліканскім рэйтынгу на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. На міжнародных прадметных алімпіядах юныя прадстаўнікі Гомельскай вобласці заваявалі 15 медалёў. Лепшымі ў рэспубліцы сталі навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі на конкурсе “ТэхнаЁлка”. Дыплом ІІ ступені заваяваны ў Рэспубліканскім грамадзянска-патрыятычным марафоне “Разам — за моц­ную і квітнеючую Беларусь!”. Абсалютнымі пераможцамі першай ваенна-патрыятычнай рэспубліканскай гульні “Арляня” сталі вучні гомельскай сярэдняй школы № 21. Юныя мазыране — лідары рэспуб­ліканскага конкурсу “Піянер года”.

У гэтым годзе павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю 3167 педагогаў, у тым ліку 89 кіраўнікоў і намеснікаў, 7 педагогаў сталі настаўнікамі-метадыстамі.

Летась званне заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь прысвоена ансамблю танца “Мілавіца” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці і ансамблю спартыўнага бальнага танца “Элегія” Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Гомельская вобласць у 2022 годзе мела абсалютнае першынство ў рэспубліцы па выніках удзелу ў конкурсах мастацкага профілю, па тэхнічным і эколага-біялагічным кірунках. Паспяхова працуюць абласныя анлайн-школы IQ UP і школа дакладных навук на базе абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці. У іх ужо прайшлі навучанне 143 навучэнцы вобласці.

Рэзервы трэба шукаць

На пасяджэнні калегіі ішла сур’ёзная размова пра рэзервы і задачы галіны. Руслан Іванавіч нагадаў, што сістэма адукацыі з’яў­ляецца тым падмуркам, на якім фарміруюцца грамадзянскасць, патрыятызм і нацыянальная самасвядомасць. Менавіта таму важна бачыць кожнае дзіця, ведаць яго захапленні і праблемы.

“Пытанні прафілактыкі негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі застаюцца самымі важнымі. Адзін са шляхоў іх вырашэння — пастаяннае навучанне тых, хто працуе з падлеткамі: класных кіраўнікоў, куратараў, намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі Гомельскай вобласці звыш 9 тысяч класных кіраўнікоў і куратараў груп, 818 педагогаў-псіхолагаў, 613 педагогаў сацыяльных, 316 намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце. У маі мы разгледзім пытанне эфектыўнасці сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў. Цяпер аддзел выхаваўчай і сацыяльнай работы нашага галоўнага ўпраўлення праводзіць глыбокі аналіз і вызначае рэзервы”, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі.

За год на 91% атрымалася запоўніць вакансіі кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Руслан Смірноў заклікаў шукаць дастойных спецыялістаў не толькі сярод мужчын, але і сярод жанчын, якія здольны выконваць гэтую работу на адпаведным узроўні. Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў ініцыіраваў у сакавіку правядзенне нарады, на якой важна асобна пагаварыць пра сістэматызацыю работы па ваенна-патрыятычным выхаванні: “Вывучым лепшы вопыт, даведаемся, што ў нас атрымліваецца, а што — не, зробім адпаведныя высновы”.

Разам з грамадскімі аб’яднаннямі 

56 класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці для Гомельшчыны — гэта кропля ў моры, лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

“Трэба ва ўзаемадзеянні з міністэрствамі па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, абароны, з дзяржаўнымі пагранічным і мытным камітэтамі і Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь працягваць гэтую работу. Трэба развіваць аб’яднанні і клубы па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю, абласныя летнія лагеры ва ўзаемадзеянні з вайсковымі часцямі і Ліцэем МНС, арганізоў­ваць абласныя кругласутачныя
лагеры для цяжкіх падлеткаў на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі”, — акцэнтаваў увагу Руслан Смірноў.

Ён таксама адзначыў, што ў межах Года гістарычнай памяці дзеці актыўна наведвалі мемарыяльныя комплексы “Чырвоны Бераг”, “Ала”, “Партызанская крынічка”, “Хатынь”, “Лінія Сталіна”, “Брэсцкая крэ­пасць”, “Буйніцкае поле”, а таксама Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гомельскі абласны музей ваеннай славы. З мінулага верасня больш як 12 тысяч навучэнцаў Гомельскай вобласці наведалі музейныя ўстановы бясплатна.

“Аднак самі па сабе музеі і экскурсіі не дадуць належнага выніку, калі дзяцей не скіраваць на ўспрыманне інфармацыі. Над гэтым трэба працаваць арганізатарам. 2023 год Прэзідэнтам краіны абвешчаны Годам міру і стварэння, таму важная задача — больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял усіх грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый”, — падкрэсліў Руслан Іванавіч.

Незалежная ацэнка

У рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену ў студзені прынялі ўдзел 7,5 тысячы навучэнцаў Гомельшчыны. Руслан Смірноў падкрэсліў, што прадстаўнікі сістэмы адукацыі годна справіліся з галоўнай задачай — на практыцы ўбачылі гатоўнасць да правядзення выніковай атэстацыі ў новым фармаце.

“Разам з тым засталіся пытанні, якія трэба вырашыць у найбліжэйшы час, — зазначыў Руслан Іванавіч. — Гэта адточванне ўменняў выпускнікоў хутка і ўпэўнена запаўняць бланкі адказаў, карэкціроўка пачатку экзаменаў, змяненне месцаў харчавання ў асобных раёнах. Ну і самае галоўнае — у дзяцей павінны быць трывалыя веды па ўсіх прадметах ЦЭ, бо вынікі цэнтралізаванага экзамену — гэта першая незалежная ацэнка работы і кожнага педагога, і калектыву ўстановы ў цэлым”.

Кадры вырашаюць будучыню

Арганізацыя профільнай пад­рыхтоўкі школьнікаў застаецца на Гомельшчыне на пастаянным кантролі. Пры гэтым аналіз паказаў, што ва ўстановы вышэйшай адукацыі педагагічнага профілю паступіла менш за палову ад усёй колькасці выпускнікоў профільных педагагічных груп. Яшчэ менш выпускнікоў груп аграрнай накіраванасці выбралі ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

Летась ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі было падрыхтавана і выпушчана амаль шэсць тысяч маладых рабочых. Усе, хто падлягаў размеркаванню, атрымалі накіраванні на работу. Арганізаваны рух па правядзенні рэгіянальных этапаў V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства. Зараз праведзены спаборніцтвы па 19 кампетэнцыях. На заключны этап Гомельшчына заявіла ўдзел у 37 кампетэнцыях.

“Рэалізацыя ўсіх задач сістэмы адукацыі ляжыць на плячах педагагічных супрацоўнікаў, — падкрэсліў кіраўнік сістэмы адукацыі Гомельскай вобласці. — У нас іх 55 з паловай тысяч. З верасня прыступілі да работы 938 выпускнікоў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На працягу года павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю 3167 педагогаў, у тым ліку 89 кіраўнікоў і намеснікаў, 7 педагогаў сталі настаўнікамі-метадыстамі”.

Два конкурсы прафесійнага майстэрства стартавалі ў гэтым навучальным годзе — “Педагагічны дэбют” для маладых кіраўнікоў і педагогаў, а таксама “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. 53 маладыя прадстаўнікі ўстаноў адукацыі прынялі ўдзел у мерапрыемствах абласнога этапу конкурсу “Педагагічны дэбют”. Дзесяць з іх прадставяць рэгіён у завочным туры фестывалю і чацвёра — у вочных мерапрыемствах. У завочным туры абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года” ўдзельнічала 100 педагогаў вобласці. Журы вызначыла 32, з якіх у сакавіку выберуць 8. Яны і будуць у верасні прадстаў­ляць Гомельшчыну ў Мінску.

На завяршэнне пасяджэння калегіі прайшла цырымонія ўзнагароджання педагогаў рэгіёна. Былі ўручаны нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, ганаровыя граматы і падзякі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара