Амаль паўтары тысячы ўдзельнікаў спаборніцтваў WorldSkills выступаюць у 50 кампетэнцыях. Каб размясціць такую колькасць канкурсантаў і прадаставіць ім магчымасці для выканання заданняў, быў выкарыстаны самы вялікі ў Сан-Паўлу выставачны комплекс, плошча якога складае амаль 500 тысяч квадратных метраў. Амаль палова яе была аддадзена для правядзення спаборніцтваў WorldSkills.
Такі маштаб цяжка нават уявіць, а тым больш убачыць увачавідкі. Тэрыторыя вытворчых пляцовак, дзе працуюць канкурсанты, настолькі вялікая, што з першага погляду здаецца, што ў яе няма межаў. У адным грандыёзным горадзе майстроў (можна правесці аналогію з нашымі беларускімі спаборніцтвамі, але толькі па змесце, а не па маштабе) сабраліся кухары і кандытары, мехатронікі і слесары, цырульнікі і швачкі, токары і фрэзероўшчыкі, ювеліры і сталяры… Усіх прафесій і не пералічыць.
Найбольш магутна па колькасці ўдзельнікаў прадстаўлены каманды Кітая, Паўднёвай Карэі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і шэрага іншых краін. Нашу каманду прадстаўляюць 17 чалавек, якія выступаюць у 15 кампетэнцыях. Хоць гэта і невялікая лічба, але ж наш сцяжок на рабочым месцы канкурсанта можна ўбачыць то тут, то там.
Кожнаму ўдзельніку неабходна выканаць па два — тры заданні за некалькі дзён спаборніцтва. Вось, напрыклад, Алеся Назарава працуе над трэцяй прычоскай, завіхаецца каля сваёй мадэлі і ладзіць на ёй кожны валасок. Сталяр Сяргей Пасечнік павінен вырабіць, сабраць і зрабіць мантаж трохмернай драўлянай канструкцыі, а на папярэднім заданні ён ствараў плоскую драўляную мадэль. Швачка Вольга Закрэўская ў намінацыі “Дызайн адзення” спачатку шыла пінжак на базавых лякалах, якія былі зроблены яшчэ пры падрыхтоўцы да конкурсу, і да іх дадавала свае элементы. У папярэднім заданні трэба было пашыць святочную сукенку. У намінацыі “Кулінарнае мастацтва” над сваім творам працуе Мікіта Цвяткоў, а кандытар Марыя Кушвід — над элементамі ўпрыгожвання свайго вырабу. Па ўмовах конкурсу, усе канкурсанты і эксперты знаходзяцца, на жаль, у зоне недасягальнасці, з імі нельга ладзіць стасункі, можна толькі маўкліва назіраць за іх работай праз шкляны бар’ер.
Магчыма, гэтыя фотаздымкі дазволяць перадаць незабыўныя імгненні спаборніцтваў, творчы запал нашых канкурсантаў. Будзем спадзявацца, што першы ўдзел нашых навучэнцаў у такім грандыёзным конкурсе стане шчаслівым момантам у іх жыцці.
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.
Сан-Паўлу, Бразілія.